ТРЭ́ПЕЛ (ням. Tripel, ад назвы г. Трыпалі ў Паўн. Афрыцы),
рыхлая або слабасцэментаваная танкапорыстая лёгкая асадкавая крамяністая горная парода.
Утвораны з глабулярных цельцаў дыям. 1—2 мкм, якія складаюцца з апалавага крэменязёму (гл. Апал) і прымесей гліністага, карбанатнага рэчыва, зерняў глаўканіту, кварцу, палявога шпату. Паводле фіз.-хім. уласцівасцей аналагічны дыятаміту, але амаль без арган. рэшткаў. Колер ад белага, шараватага да бурага, чырвонага, чорнага. Цв. 1—3. Шчыльн. 1,2—2,5 г/см³, порыстасць 50—70%, трываласць 30—35 кг/см². Паходжанне, магчыма, біяхімічнае. Трапляецца сярод кам.-вуг., мелавых, палеагенавых і неагенавых парод марскога паходжання. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці цэменту, цеплаізаляцыйных, буд., фільтравальных, паліравальных і інш. матэрыялаў.
т. 16, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)