ТРЭСТ (англ. trust літар. — давер),

арганізацыйна-прававая форма аб’яднання кампаній, юрыдычна аформленая пагадненнем аб перадачы правоў на ўласнасць і кіраванне аднаму з удзельнікаў ці спец. органу (праўленню дырэкцыі) і стварэнні адзінай юрыд. асобы; таксама манапал. аб’яднанне прадпрыемстваў пэўнай або некалькіх галін з ліквідацыяй іх вытв. і камерцыйнай самастойнасці. Праўленне Т. рэгулюе фін., вытв. і гандл. дзейнасць прадпрыемстваў. Кожны ўдзельнік Т. ў залежнасці ад долі ўнесенага капіталу атрымлівае пакет акцый, мае права ўдзелу ў кіраванні і атрымання часткі прыбытку. Вышэйшая, чым у картэлях і сіндыкатах, канцэнтрацыя капіталу забяспечвае Т. і больш высокую ўстойлівасць у канкурэнтнай барацьбе.

Першы Т. «Стандарт ойл» створаны Дж.​Д.​Рокфелерам у ЗША у 1879. Пасля 1-й сусв. вайны хутка развіваліся ў Еўропе. У 1920—40-я г. панаванне Т. у эканоміцы вядучых капіталіст. краін, штучная падтрымка імі высокага ўзроўню цэн пры зніжэнні вытв-сці стымулявала крызісныя працэсы. У пач. 1950 большасцю развітых капіталіст. краін прыняты т. зв. «антытрэстаўскія» законы. На змену Т. прыйшлі больш гібкія формы манапал. аб’яднанняў — канцэрны, холдзінг-кампаніі і інш. У СССР у часы нэпа да 90% нацыяналізаваных і не перададзеных у арэнду найб. буйных прадпрыемстваў былі аб’яднаны ў Т., якія дзейнічалі на прынцыпах гасп. разліку і самастойнасці. Да канца 1920-х г. з’яўляліся асн. вытв. адзінкай сав. прам-сці. Як адна з форм арганізацыі вытв-сці і кіравання пашыраны ў буд-ве.

т. 16, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)