Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАЛА́БСКІЯ СЛАВЯ́НЕ,

група заходніх славян (плем. саюзы бодрычаў, люцічаў, лужыцкіх сербаў), якія размаўлялі на палабскай мове. У канцы 1 — пач. 2-га тыс. насялялі землі паміж рэкамі Лаба (Эльба) і Одра (Одэр) ад Балтыйскага м. на Пн да Рудных гор на Пд (цяпер тэр. Усх. Германіі і часткова Зах. Польшчы). Найважнейшыя цэнтры — Торгаў, Прыворна, Рэрык, Убаба, Бранібар (цяпер Брандэнбург) і інш. У 6—8 ст. у П.с. адбываўся распад першабытнаабшчыннага ладу, складваліся феад. адносіны Займаліся пераважна земляробствам, у 9—10 ст. значнае развіццё атрымалі рамёствы. Гандлявалі з Саксоніяй, Даніяй, Швецыяй, Кіеўскай Руссю.

У 10 ст. пачалося заваяванне П.с. герм. феадаламі. 11—12 ст. — перыяд найб. росквіту П.с., паспяховага супраціўлення герм. агрэсіі, узнікнення раннефеад. дзярж. утварэнняў, т.зв. Вендскай дзяржавы бодрычаў і люцічаў. П.с. на чале з князем бодрычаў Ніклатам разграмілі крыжовы паход супраць славян 1147. У 2-й пал. 12 ст., скарыстаўшы тэр. раздробленасць П.с., герм. феадалы захапілі іх землі. Ням. каланізацыя прывяла да частковага знішчэння і асіміляцыі П.с.

т. 11, с. 531

ПАЛА́ВАН (Palawan),

востраў на 3 Філіпінскага архіпелага, паміж морамі Паўд-Кітайскім і Сулу. Пл. 11,8 тыс. км2. Даўж. каля 450 км. Нас. 372 тыс. чал. (1980). Складзены з крышт. парод, перакрытых пясчанікамі, сланцамі, каралавымі вапнякамі. Уздоўж узбярэжжа паласа каралавых рыфаў, гал. ч. на Пн і У. Гарысты, выш. да 2085 м. Вільготна-трапічныя лясы, у далінах рысаводства, плантацыі какосавай пальмы. Рыбалоўства. Асн. горад — Пуэрта-Прынсеса.

т. 11, с. 531

ПАЛАВА́Я АКТЫ́ЎНАСЦЬ,

уласцівая індывідууму частата палавых зносін. Узровень П.а. вызначаецца сукупнасцю саматычных, псіхічных і сац. працэсаў; у чалавека спалучаецца з духоўнымі адносінамі. Норма П.а. — паняцце варыябельнае, звязанае з палавой канстытуцыяй, маральнымі, сац.-эканам., узроставымі характарыстыкамі. Важны феномен П.а. — палавы акт; вызначаецца таксама абуджэннем лібіда, першай эякуляцыяй, інтэнсіўнасцю палавых эксцэсаў, працягласцю і ўзростам пачатку ўмоўнага фізіял. рытму, наяўнасцю і выразнасцю аргазму ў жанчыны. Узроўні П.а. ацэньваюцца па аб’ектыўных (працягласць палавога акта) і суб’ектыўных (напр., матывы палавога акта) паказчыках. У гарманічным шлюбным жыцці П.а. вызначаецца пераважна мужчынам.

І.У.Дуда.

т. 11, с. 531

ПАЛАВА́Я КАНСТЫТУ́ЦЫЯ,

сукупнасць функцыянальных і марфал. палавых асаблівасцей арганізма чалавека, якія сфарміраваліся пад уплывам спадчынных і знешнеасяродзевых фактараў; адзін з аспектаў агульнай канстытуцыі чалавека. Характарызуе індывід. палавыя асаблівасці і іх устойлівасць да шкодных уздзеянняў. У мужчын і жанчын адрозніваюць слабы, сярэдні і моцны тып П.к. з 3 групамі-падтыпамі ў кожным тыпе (усяго 9). Вызначаюць тып П.к. па вектарнай шкале, удакладняюць па развіцці палавых прыкмет (першасных і другасных). П.к. абмяжоўвае сексуальныя магчымасці чалавека і ад яе залежыць індывід. ўстойлівасць да фактараў, якія шкодна ўплываюць на сексуальную сферу. Вызначэнне П.к. неабходна для ацэнкі сексуальных праяў канкрэтнага чалавека, размежавання іх паталогіі і нормы.

І.У.Дуда.

т. 11, с. 531

ПАЛАВА́Я СЛА́БАСЦЬ,

тое, што імпатэнцыя.

т. 11, с. 532

ПАЛАВА́Я СПЕ́ЛАСЦЬ,

заключная стадыя палавога выспявання, стан развіцця арганізма жывёл і чалавека, пры якім яны здольныя размнажацца. У жывёл тэрміны надыходу П.с. залежаць ад віду, пароды, полу жывёлы і інш. Самкі большасці відаў жывёл становяцца палаваспелымі раней за самцоў. У мужчын П.с. настае ў 19—20, у жанчын — у 16—17 гадоў (у паўд. краінах раней). П.с. чалавека характарызуецца па ступені выразнасці другасных палавых прыкмет (напр., па развіцці малочных залоз у жанчын, па аваласенні ў мужчын), залежыць ад спадчынных асаблівасцей, быт., сац.-эканам., кліматычных умоў, стану здароўя і інш.

І.У.Дуда.

т. 11, с. 532

ПАЛАВА́Я ХАЛО́ДНАСЦЬ, фрыгіднасць,

слабая палавая цяга ці палавая ўзбуджальнасць у жанчын. Дзетанараджальная функцыя пры П.х. захоўваецца. Бывае ад затрымкі развіцця палавога пачуцця (знікае, напр., пасля родаў). Выклікаецца таксама псіхічнымі фактарамі (пры неўрозах), эндакрыннымі парушэннямі, хваробамі палавых органаў і інш. Лячэнне: гарманальныя прэпараты, псіха- і фізіятэрапія.

т. 11, с. 532

ПАЛАВА́Я ЦЯ́ГА.

гл. Лібіда.

т. 11, с. 532

ПАЛАВЕ́ЦКАЯ ЗЯМЛЯ́,

у стараж.-рус. летапісах і помніках стараж.-рус. л-ры назва зах. часткі Дэшт-і-Кіпчак, якую ў 11—13 ст. насялялі полаўцы.

т. 11, с. 532

ПАЛАВЕ́ЦКІ ПАХО́Д І́ГАРА СВЯТАСЛА́ВІЧА 1185,

паход удзельных князёў Северскай зямлі на чале з ноўгарад-северскім князем Ігарам Святаславічам супраць полаўцаў. У крас. 1185 Ігар Святаславіч выступіў з дружынай з г. Ноўгарад-Северскі. Да яго далучыліся з дружынамі сын Уладзімір з Пуціўля, пляменнік Святаслаў Ольгавіч з Рыльска, брат Усевалад (кн. Трубчэўскі) і атрад кавуяў (аселых качэўнікаў) чарнігаўскага князя. Аб’яднанае войска (4—6 тыс. чал.) рушыла на Пд. У сучаснай гіст. л-ры няма адзінага меркавання пра канкрэтныя мэты паходу і месца вырашальнай бітвы. 11—12.5.1185 полаўцы на чале з ханам Канчаком акружылі і поўнасцю знішчылі северскае войска, узялі ў палон Ігара Святаславіча і інш. князёў. Потым яны спустошылі тэр. Пераяслаўскага і Ноўгарад-Северскага княстваў. Падзеі паходу склалі сюжэтную аснову «Слова аб палку Ігаравым».

Літ.:

Рыбаков Б.А. «Слово о полку Игореве» и его современники. М., 1971;

Гетманец М.Ф. Тайна реки Каялы: («Слово о полку Игореве»), 2 изд. Харьков, 1989.

т. 11, с. 532