ВІ́ЦЕБСКАГА ПАЗЯМЕ́ЛЬНА-СЯЛЯ́НСКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры ў неарускім стылі. Пабудаваны ў Віцебску ў 1917 (арх. К.Тарасаў). Мураваны 2-павярховы Е-падобны ў плане будынак. З трох бакоў фланкіраваны па вуглах вежамі. У дэкар. аздабленні выкарыстаны элементы псеўдарус. архітэктуры (ліштвы ў выглядзе какошнікаў і інш.). Гал. ўваход вылучаны кілепадобным франтонам з мазаічным маёлікавым пано, у цэнтры якога — герб горада «Пагоня». Цяпер у будынку размешчана Віцебская акадэмія вет. медыцыны.
В.М.Чарнатаў.
т. 4, с. 213
ВІ́ЦЕБСКАЕ АДДЗЯЛЕ́ННЕ МАСКО́ЎСКАГА АРХЕАЛАГІ́ЧНАГА ІНСТЫТУ́ТА,
навучальная ўстанова ў Віцебску ў 1911—22. Адкрыта па ініцыятыве Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Ф-ты: археал., археаграфічны, гісторыі мастацтва (з 1917). Тэрмін навучання 3 гады, з 1917 — 4 гады, разлічаны на слухачоў з вышэйшай адукацыяй, але сярод іх пераважалі выпускнікі сярэдніх школ. У 1911 на 1-ы курс прынята каля 90 чал., у 1918/19 навуч. г. вучылася 428 чал. Выкладалі археолаг В.А.Гарадцоў, мастацтвазнавец А.І.Успенскі, гісторыкі Б.Р.Брэжга (з 1918 заг. аддзялення), А.П.Сапуноў (курс «Старажытнасці Паўночна-Заходняга краю»), У.М.Перцаў, этнограф У.М.Дабравольскі, філолагі Р.Ф.Брант, М.І.Навасадскі, С.І.Сабалеўскі і інш. На пач. 1919 аддзяленню перададзены б-ка, музей і гіст. архіў б. Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, частка б-кі б. Віцебскага езуіцкага калегіума. У распараджэнні аддзялення быў Віцебскі губернскі архіў. У 1922 аддзяленне выдавала рукапісны час. «Белорусский этнограф» (выйшлі 2 нумары).
З.В.Шыбека.
т. 4, с. 213
ВІ́ЦЕБСКАЕ АКРУГО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА КРАЯЗНА́ЎСТВА.
Існавала ў 1924—32. Мела на мэце вывучэнне і папулярызацыю ведаў па гісторыі, культуры, прыродзе і эканоміцы краю. Складалася з секцый: культурна-гіст., маст., мовы і побыту, прыродазнаўчай, эканам., яўрэйскай; спец. камісія рыхтавала бібліяграфію і бібліягр. слоўнік дзеячаў Віцебшчыны. Адзін са стваральнікаў і першы старшыня праўлення М.І.Каспяровіч. Члены т-ва: краязнаўцы М.Багародскі, А.Брадоўскі, У.Краснянскі; архівіст Б.Брэжга, мастакі З.Гарбавец, Я.Мінін, Ю.Пэн, М.Эндэ, скульптары З.Азгур і М.Керзін, арх. Ц.Кібардзін, мастацтвазнаўцы І.Фурман і І.Гаўрыс; кампазітары М.Анцаў і А.Поснікаў; батанікі У.Адамаў, Л.Нікольскі і інш. Мела раённыя аддзяленні ў Бешанковічах, Высачанах, Гарадку, Езярышчы, Лёзне, Сіроціне, Сянне, Суражы, Чашніках. У многіх нас. пунктах працавалі краязнаўчыя гурткі. Т-ва арганізоўвала лекцыі, экскурсіі, канферэнцыі, вечары бел. песні, экспедыцыі па збіранні і вывучэнні бел. нар. мастацтва і фальклору, стварала музеі. Выдала больш за 10 кніг і брашур, у т. л. «Беларуская архітэктура» Каспяровіча, «Новая беларуская літаратура» А.Багдановіча, «Крашаніна» Фурмана (усе 1925), «Гравюры на дрэве» Гарбаўца (1927), зб-кі «Віцебшчына» (т. 1—2, 1925—28). Пераемнік т-ва — Віцебскае гар. бюро краязнаўства.
А.М.Падліпскі.
т. 4, с. 213
ВІ́ЦЕБСКАЕ АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА «ДАЛАМІ́Т».
Створана ў 1931 у г.п. Руба Віцебскага р-на як вапнавы з-д. У Вял. Айч. вайну разбураны, у 1949 адноўлены. Пасля пуску ў 1967 1-й чаргі з-да даламітавай мукі — камбінат вапнавых матэрыялаў. У 1971 пушчана 2-я чарга гэтага з-да, у 1974 пабудаваны з-д «Гралева 1», у 1978 — «Гралева 2».
З 1978 ВА «Даламіт», з 1995 сучасная назва. Працуе на мясц. сыравіне — даламітах радовішча Гралева. Асн. прадукцыя (1996): даламітавае ўгнаенне для вапнавання кіслых глеб, мінер. парашок для асфальтабетонных сумесей, напаўняльнік для покрыўнага слоя руберойду, здробнены даламіт для буд. работ і інш.
т. 4, с. 213
ВІ́ЦЕБСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Першапачаткова ахоплівала, верагодна, тэр. Віцебскай зямлі, намеснікі якой з 1503 карысталіся тытулам ваяводы. Пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 складалася з Віцебскага і Аршанскага пав. Мела харугву зялёнага колеру з выявай «Пагоні» ў белым полі. Першы ваявода Ю.Глябовіч. У 1772 амаль уся тэр. Віцебскага ваяводства (акрамя зах. часткі Аршанскага пав.) адышла да Рас. імперыі, аднак пасада віцебскага ваяводы захоўвалася ў ВКЛ да 1794.
т. 4, с. 213
ВІ́ЦЕБСКАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА АЛІМПІ́ЙСКАГА РЭЗЕ́РВУ,
сярэдняя спец. навуч. ўстанова для падрыхтоўкі трэнераў-выкладчыкаў па розных відах спорту. Створана ў 1989 у Віцебску на базе школы-інтэрната спарт. профілю. Прымае асоб з 7-га класа агульнаадук. школы. Пасля заканчэння курса сярэдняй школы на падставе конкурсных экзаменаў і спарт. вынікаў асобныя вучні залічваюцца на 1-ы курс вучылішча. Тэрмін навучання па спецыяльнасці «трэнер-выкладчык» 2 гады.
т. 4, с. 214
ВІ́ЦЕБСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ВІ́ЦЯЗЬ».
Створана ў 1976—78 як Віцебскі тэлевізійны з-д, з 1989 — сучасная назва. У ВА уваходзіць таксама канструктарскае бюро «Дысплей». Асн. прадукцыя (1996): тэлевізійныя прыёмнікі каляровага і чорна-белага адлюстравання, відэаманіторы каляровага і манахроннага паказу прамысл. прызначэння, мед. тэхніка, мэбля, спец. інструменты.
т. 4, с. 214
ВІ́ЦЕБСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «МАНАЛІ́Т».
Створана ў 1972 у Віцебску на базе з-даў радыёдэталей (дзейнічае з 1958) і рэзістараў (з 1968) у Віцебску і з-да «Лантан» (поўнасцю ўведзены ў 1973) у г.п. Арэхаўск Аршанскага р-на Віцебскай вобл. У 1980 увайшлі Лепельскі электрамех. з-д і з-д «Ветразь» у г.п. Бягомль Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Вядучы вытворца маналітных керамічных кандэнсатараў сярод краін б. СССР (забяспечвае 50% патрэбы ў іх). Асн. прадукцыя (1996): шматслойныя і аднаслойныя керамічныя і плёначныя кандэнсатары, вырабы з п’езакерамікі і інш. п’езавырабы, пазістары, шматслойныя індуктыўнасці на керамічнай падложцы для паверхневага мантажу, складанае тэхнал. абсталяванне, сістэмы электроннага запальвання, устройствы цеплавой аховы электрарухавікоў, мікрафоны, быт. пыласосы і інш. тавары шырокага ўжытку. На ВА дзейнічае н.-д. ін-т электроннай тэхнікі.
С.Дз.Грыгарчук.
т. 4, с. 214
ВІ́ЦЕБСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ЭЛЕКТРАВЫМЯРА́ЛЬНІК».
Створана ў 1947 у Віцебску як з-д быт. прылад. З 1952 з-д электравымяральных прылад, з 1985 галаўное прадпрыемства ВА «Электравымяральнік», з 1986 Віцебскае ВА «Электравымяральнік» (уваходзяць малое прадпрыемства «Дакладная прылада» і ліцейная вытв-сць). Дзейнічаюць цэхі: пластмас, ліцця каляровых металаў, штамповачны, намотачны, пакрыццяў, зборачныя, рамонтна-мех., энергет., вытв-сці станцыі тэхн. абслугоўвання. Асн. прадукцыя (1995): шчытавыя малагабарытныя прылады для вымярэння сілы току, напружання, частаты, магутнасці і інш. параметраў у ланцугах пастаяннага і пераменнага току; электронныя вымяральныя пераўтваральнікі і ўзмацняльнікі для сістэм цэнтралізаванага кантролю і аўтам., кіравання тэхнал. працэсамі ў энергетыцы і прам-сці; прылады ўліку электра- і цеплаэнергіі, расхадамеры і інш.
т. 4, с. 214
ВІ́ЦЕБСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальнае княства, якое вылучылася з Полацкага княства пасля смерці Усяслава Брачыславіча (1101). Цэнтр — г. Віцебск. У 1130—40-я г. належала, верагодна, полацкаму кн. Васільку Святаславічу, потым полацкім князям Васількавічам, з 1165 — Давыду Расціславічу, у 1170-я г. — Усяславу Васількавічу. У пач. 1180-х г. належала Брачыславу Васількавічу і выйшла з-пад уплыву Смаленска. З 1186 Віцебскае княства зноў пад уплывам Смаленска, што выклікала незадаволенасць полацкіх і чарнігаўскіх князёў, якія ў 1195 выступілі супраць смаленскіх князёў, у выніку Віцебск трапіў пад уладу Полацка. У пач. 13 ст. Віцебскае княства зблізілася з Уладзіміра-Суздальскім княствам. У 1220—30-я г. яно падпарадкоўвалася полацкаму кн. Брачыславу. У 1229, верагодна, знаходзілася пад паліт. уплывам Смаленска, князь якога Мсціслаў падпісаў пагадненне з Рыгай ад імя полацкага і віцебскага князёў. У 1262 віцебскі кн. Канстанцін з наўгародцамі ўдзельнічаў у паходзе на Юр’еў. У 1263—65 княства залежала ад полацкіх князёў Гердзеня, потым Ізяслава, які быў васалам новагародскага кн. Войшалка. У 1280 Віцебскае княства ўпамінаецца як тэрыторыя, залежная ад смаленскага кн. Фёдара Расціславіча. У канцы 13 — пач. 14 ст. тут княжыў Міхаіл Канстанцінавіч, каля 1318 — Яраслаў. Пасля смерці Яраслава (1320) віцебскім князем стаў яго зяць Альгерд, пасля смерці апошняга з 1377 Віцебскае княства належала яго ўдаве Ульяне. Пасля смерці Ульяны (каля 1393) вял. кн. ВКЛ Вітаўт скасаваў Віцебскае княства і накіраваў у Віцебск намесніка. Малодшы сын Альгерда Свідрыгайла хацеў аднавіць княжанне і ўзняў мяцеж, які падтрымалі Орша і Друцк. Мяцеж быў задушаны, а Віцебскае княства ператворана ў намесніцтва. У пач. 16 ст. на тэр. Віцебскага княства ўтворана Віцебскае ваяводства.
Л.У.Калядзінскі.
т. 4, с. 214