Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АФАНА́СЬЕЎ Аляксандр Мікалаевіч

(23.7.1826, г. Багучар Варонежскай вобл., Расія — 5.10.1871),

рускі фалькларыст, этнограф, гісторык, літаратуразнавец. Скончыў Маскоўскі ун-т (1848). Служыў у Гал. архіве Мін-ва замежных спраў (1849—62). Выключнае значэнне мае яго зб. «Народныя рускія казкі» (вып. 1—8, 1855—63; т. 1—3, 7-е поўнае выд. 1985—86). У ім змешчаны таксама бел. (11) і ўкр. тэксты. Бел. тэксты надрукаваны і ў яго зб. «Народныя рускія легенды» (М., 1859; Лондан, 1860), канфіскаваным па даносе духавенства. Ананімна ім выдадзены ў Швейцарыі зб. «Рускія запаветныя казкі» (1872 і 1878), накіраваны супраць духавенства і памешчыкаў. У рукапісе зб. Афанасьева «Народныя рускія казкі не для друку. 1857—1862» (Ін-т рус. л-ры, Спб.) таксама ёсць бел. і ўкр. тэксты. Праца Афанасьева «Паэтычныя погляды славян на прыроду» (т. 1—3, 1865—69) упершыню на матэрыяле фальклору і этнаграфіі раскрыла некаторыя асаблівасці стараж. светапогляду славян, спрыяла станаўленню міфалагічнай школы ў рус. фалькларыстыцы, мела ўплыў на працы некат. бел. фалькларыстаў.

Літ.:

Азадовский М.К. История русской фольклористики. Т. 2. М., 1963;

Савченко С.В. Русская народная сказка. Киев, 1914.

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 125

АФАНА́СЬЕЎ Анатоль Аляксандравіч

(н. 14.1.1942, в. Малы Узень Піцерскага р-на Саратаўскай вобл., Расія),

бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1987), праф. (1991). Скончыў Саратаўскі дзярж. ун-т (1967). З 1967 у Ін-це фізікі АН Беларусі. Навук. працы па нелінейнай оптыцы і лазернай фізіцы. Распрацаваў тэорыю самаабарачэння хвалевага фронту на падставе чатыроххвалевага змяшэння і нестацыянарную тэорыю лазера з дынамічнай размеркаванай адваротнай сувяззю.

Тв.:

Резонансное четырёхволновое взаимодействие в поле волн накачки произвольной интенсивности (разам з С.П.Жвавым) // Квантовая электроника. 1985. Т. 12, № 6.

т. 2, с. 126

АФАНА́СЬЕЎ Барыс Ігнатавіч

(13.1.1920, г. Мціслаў Магілёўскай вобл. — 28.9.1992),

бел. Скрыпач, дырыжор. Нар. арт. Расіі (1971). Скончыў Бел. кансерваторыю (1947, клас А.Амітона). З 1944 у Дзярж. сімф. аркестры Беларусі (у 1953—60 маст. кіраўнік і гал. дырыжор). Інтэрпрэтаваў сімфоніі Р.Пукста, Я.Глебава, Я.Цікоцкага, сімф. паэмы У.Алоўнікава. Як скрыпач-ансамбліст удзельнічаў у выкананні бел. квартэтаў 1940—50-х г. З 1960 гал. дырыжор Пермскага, з 1976 — Адэскага, з 1984 — Днепрапятроўскага т-раў оперы і балета. Пад яго кіраўніцтвам паст. оперы «Арлеанская дзева» П.Чайкоўскага, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага, «Турандот» Дж.Пучыні, «Не толькі любоў» Р.Шчадрына і інш.

т. 2, с. 126

АФАНА́СЬЕЎ Ларывон, ювелір 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў ў Сярэбранай палаце Маскоўскага Крамля. У 1676 разам з бел. ювелірамі Іванам Андрэевым, Іванам Пракоф’евым, Васілём Іванавым зрабіў сярэбраныя пазалочаныя рукамыйнікі для рус. царэвічаў Івана і Пятра.

т. 2, с. 126

АФАНА́СЬЕЎ Мікалай Ігнатавіч

(н. 22.12.1925, с. Тоцкае Арэнбургскай вобл., Расія),

бел. вучоны-аграфізік. Д-р біял. н. (1985). Скончыў Чкалаўскі с.-г. ін-т (1952). З 1955 у НДІ Малдовы, з 1959 у Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі. Навук. працы па арашэнні с.-г. культур, аграфіз. уласцівасцях, водна-паветраным рэжыме і водным балансе глебаў, вільгацезабяспечанасці с.-г. культур, пазбаўленні глебы ад зацвярдзення і яе апрацоўцы.

Тв.:

Почвы БССР. Мн., 1974 (у сааўт.);

Оптимальные параметры плодородия почв. М., 1984 (у сааўт.);

Переуплотнение пахотных почв: Причины, следствия, пути уменьшения. М., 1987 (у сааўт.).

т. 2, с. 126

АФАНА́СЬЕЎ Пётра, жывапісец 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. У крас. 1680 накіраваны ў Аляксандраву Слабаду для выканання спраў па асабістых загадах цара.

т. 2, с. 126

АФАНА́СЬЕЎ Сава, ювелір-пераплётчык 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Кнігадрукарскім прыказе ў Маскве. У 1680 зрабіў багатыя абклады для кніг П.Скаргі на польскай мове і кнігі Ж.Кальвіна на лац. мове.

т. 2, с. 126

АФАНА́СЬЕЎ Якаў Мікітавіч

(21.10.1877, г. Балашоў Саратаўскай вобл., Расія — 20.12.1937),

бел. глебазнавец. Акад. АН БССР (1928). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1901). З 1921 праф., заг. кафедры глебазнаўства Горацкай с.-г. акадэміі, з 1931 дырэктар Ін-та аграглебазнаўства АН БССР. Навук. працы па генезісе глебаў і глебаўтваральных парод Беларусі, устанаўленні заканамернасці іх фарміравання; па класіфікацыі і раянаванні глебаў, іх агранамічнай характарыстыцы і павышэнні прадукцыйнасці. Кіраваў складаннем першай карты глебаў Беларусі і адной з першых глебазнаўчых картаў свету. Прапанаваў новую класіфікацыю глебаў; дапоўніў вучэнне В.В.Дакучаева пра гарызантальную і вертыкальную занальнасці глебаў палажэннем аб мікразанальнасці. Арыштаваны ў жніўні 1937 і прыгавораны 19.12.1937 да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.

Тв.:

Глебавыя раёны БССР. Мн., 1931;

Як павысіць ураджайнасць на глебах БССР. Мн., 1933.

т. 2, с. 126

АФАНА́СЬЕЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Дубровенскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Лучоса, за 1 км на ПдУ ад в. Азёры. Пл. 0,28 км², даўж. 1,55 км, найб. шыр. 400 м. Пл. вадазбору 80,7 км². Схілы катлавіны выш. да 8 м, пад хмызняком. Берагі высокія. Праз возера цячэ р. Вярхіта.

т. 2, с. 126

АФАНА́СЬЕЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі энеаліту (3-е — пач. 2-га тыс. да нашай эры) у вярхоўях Енісея і на Алтаі. Назва ад могільніка каля гары Афанасьеўская недалёка ад в. Бацяні (Хакасія). Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, жыло на паселішчах у драўляных паўзямлянках і наземных зрубных жытлах. Была развіта апрацоўка медзі. Нябожчыкаў хавалі ў скурчаным стане, у спушчаных у яму зрубах пад землянымі насыпамі ці каменнымі вымасткамі. Для афанасьеўскай культуры характэрны вастрадонны ці кругладонны яйцападобны посуд, упрыгожаны па ўсёй паверхні разным ці штампаваным арнаментам. Носьбіты афанасьеўскай культуры ў антрапал. і культ. дачыненні былі крайняй усх. галіной еўрапеоідных плямёнаў Еўразіі.

т. 2, с. 126