Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

АЎТАПІЛО́Т (ад аўта... + франц. pilote кіраўнік, важак),

прыстасаванне для аўтам. кіравання палётам і стабілізацыі лятальнага апарата ў паветранай прасторы; частка аўтаматызаванай бартавой сістэмы кіравання палётам. Забяспечвае аўтам. ўзлёт і пасадку, падтрыманне зададзенага курсу, скорасці, вышыні палёту, стабілізацыю цэнтра масы лятальнага апарата па зададзенай траекторыі, выконвае закладзеныя ў праграму пілатажныя эвалюцыі. Прынцып дзеяння аўтапілота: сігналы з адчувальных элементаў (датчыкаў рэжыму палёту і выканаўчых механізмаў) параўноўваюцца ў вылічальным прыстасаванні ці ЭВМ, пасля чаго адпаведныя каманды паступаюць на выканаўчыя механізмы кіравання рулямі і рухавікамі. Аўтапілот у комплексе з аўташтурманам і інш. аэранавігацыйнымі прыладамі дае магчымасць палётаў без экіпажа і кіраванне лятальнымі апаратамі на адлегласці. Упершыню схема аўтапілота прапанавана К.​Э.​Цыялкоўскім у 1898.

т. 2, с. 118

АЎТАПО́ЕЗД, аўтамабільны поезд,

аўтамабіль з паўпрычэпам або некалькімі прычэпамі цягава-счэпнымі ці апорна-седлавымі прыстасаваннямі. Маюць агульныя з аўтамабілем тармазную сістэму і электраабсталяванне; бываюць грузавыя, пасажырскія і спецыяльныя. На Беларусі аўтамабільныя паязды выпускае ВА «БелаўтаМАЗ».

Аўтапоезд МАЗ-63031 + 83781.

т. 2, с. 118

АЎТАПСІ́Я,

гл. ў арт. Секцыя.

т. 2, с. 119

АЎТАРАДЫЯГРА́ФІЯ (ад аўта... + радыяграфія),

метад рэгістрацыі і вывучэння размеркавання радыеактыўных рэчываў у аб’ектах, якія даследуюцца; разнавіднасць радыяграфіі. Выяўляецца пры накладанні на аб’ект адчувальнага да радыеактыўнага выпрамянення фотаматэрыялу. Выкарыстоўваецца ў эксперым. фізіцы, тэхніцы, біялогіі, медыцыне і інш.

Да арт. Аўтарадыяграфія: аўтарадыяграма (адбітак), якая паказвае размеркаванне фосфару-32 у лісце памідора.

т. 2, с. 119

«АЎТАРАМПРАМПРАЕ́КТ», Дзяржаўнае прадпрыемства «Аўтарампрампраект» Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1974 у Мінску на базе праектнай канторы трэста «Аўтарамбудмантаж» (да 1991 праектны ін-т Мін-ва аўтамаб. прам-сці СССР).

Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка комплекснай праектна-каштарыснай дакументацыі на рэканструкцыю, буд-ва, тэхн. пераўзбраенне і капітальны рамонт прамысл. прадпрыемстваў з правядзеннем тапографа-геадэзічных і інж.-геал. пошукаў, абследаваннем стану канструкцый будынкаў і збудаванняў, інж. абсталявання, камунікацый; распрацоўка ген. планаў прадпрыемстваў, сістэм газазабеспячэння, мерапрыемстваў і сістэм па экалогіі.

т. 2, с. 119

АЎТАРКІ́Я (ад грэч. autarkeia самазадавальненне),

1) палітыка гасп.-эканамічнага адасаблення краіны, стварэнне замкнутай, самазабяспечвальнай эканомікі. Выяўляецца ў абмежаванні імпарту, павелічэнні экспарту тавараў і капіталаў, у захопе чужых тэрыторый, багатых сыравінай. У 2-ю сусв. вайну кіруючыя колы Германіі, Італіі, Японіі выкарыстоўвалі аўтаркію як спосаб барацьбы за перадзел свету, практыкавалі забаронныя пошліны, абмяжоўвалі ўвоз тавараў пры высокіх цэнах на іх унутраным рынку.

2) У філасофіі стоікаў — самазадавальненне як ідэал дабрачыннасці чалавека.

т. 2, с. 119

А́ЎТАРСКАЕ ПАСВЕ́ДЧАННЕ,

гл. ў арт. Патэнт.

т. 2, с. 119

А́ЎТАРСКАЕ ПРА́ВА,

раздзел заканадаўства, нормы якога рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі са стварэннем і выкарыстаннем твораў навукі, літаратуры і мастацтва. Аўтару належаць правы на апублікаванне твора, узнаўленне і распаўсюджванне яго дазволенымі законам спосабамі, на недатыкальнасць твора, атрыманне ганарару за яго выкарыстанне. Нормы аўтарскага права, якія дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь, змешчаны ў Цывільным кодэксе і законе «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996. Аўтарскае права дзейнічае на працягу ўсяго жыцця аўтара і 50 гадоў пасля яго смерці, пераходзіць у спадчыну (за выключэннем права аўтара на імя і на недатыкальнасць твора). Парушэнні аўтарскага права (плагіят, незаконнае ўзнаўленне або распаўсюджванне твора, прымус да сааўтарства) цягнуць за сабой адм. або крымін. адказнасць. Апрача таго аўтар і яго правапераемнікі маюць права патрабаваць аднаўлення парушанага аўтарскага права і пакрыцця матэрыяльных стратаў. Міжнар. ахову аўтарскага права забяспечваюць Бернская 1886 (рэд. 1971) і Жэнеўская 1952 (рэд. 1971) міжнар. канвенцыі па ахове аўтарскага права.

Г.​А.​Маслыка.

т. 2, с. 119

А́ЎТАРСКАЯ ПЕ́СНЯ,

від музычна-паэтычнага мастацтва, дзе паэт, кампазітар і выканаўца аб’яднаны ў адной асобе. Аўтарскую песню наз. таксама бардаўскай ці паэтычнай (літаратурнай) песняй, а яе выканаўцаў — бардамі (ад назвы прафес. паэтаў сярэднявечча ў Ірландыі, Уэльсе і Шатландыі).

Бярэ пачатак у творчасці стараж. нар. спевакоў (скальдаў, бардаў, лірнікаў, гусляроў). Сінкрэтычны від мастацтва, дзе сродкі слова, музыкі і артыстычнага майстэрства ствараюць адзін непадзельны маст. вобраз і служаць перш за ўсё выяўленню сэнсу. Крытэрый паэтычнасці дазваляе далучаць да аўтарскай песні і творчасць выканаўцаў.

Як асобны від мастацтва аўтарская песня сфарміравалася на пач. 20 ст. Яе тыповая рыса — паліт. накіраванасць, вызначальная прыкмета — акампанемент гітары. Сярод вядомых выканаўцаў аўтарскай песні ў Францыі — Ж.​Брэль, Ж.​Беко, Ш.​Азнавур. Палітычныя матывы распрацоўвалі ў сваёй творчасці Дж.​Хіл, П.​Сігер, В.​Гатры, Дж.​Баэз, Дз.​Рыд (ЗША), В.​Хара (Чылі). У б. СССР узнікла ў 1950-я г., пераважна сярод інтэлігенцыі, студэнтаў і турыстаў, і выконвала ролю «ціхай» апазіцыі існуючаму рэжыму. Найб. вядомы рас. барды Б.​Акуджава і М.​Анчараў (пачынальнікі), А.​Галіч і У.​Высоцкі, творчасць якіх адметная асаблівай публіцыстычнасцю, а таксама А.​Гарадніцкі, Н.​Матвеева, Ю.​Візбар, Ю.​Кім, Я.​Клячкін, Ю.​Кукін, В.​Доліна, А.​Дольскі, С.​Нікіцін і інш. Сярод рускамоўных бардаў Беларусі А.​Круп (пачынальнік, старшыня першага буйнога клуба самадз. песні «Свіцязь», 1966), М.​Валодзін, Б.​Вайханскі, У.​Бобрыкаў, А.​Казанцава і інш. З прадстаўнікоў беларускамоўнай аўтарскай песні, якая ўзнікла на хвалі нац. адраджэння на пач. 1980-х г., А.​Камоцкі і С.​Сокалаў-Воюш (пачынальнікі), А.​Атаманаў, А.​Мельнікаў, В.​Цярэшчанка, В.​Шалкевіч і інш. З 1960-х г. праводзяцца фестывалі аўтарскай песні (найб. значны — памяці В.​Грушына, 1968, г. Самара), на Беларусі з 1971.

Н.​У.​Кудрэйка.

т. 2, с. 119

А́ЎТАРСКІ ДАГАВО́Р,

пісьмовае пагадненне аўтара (або яго спадкаемцаў) з выдавецтвам, тэатрам, кінастудыяй і да т.п. аб выкарыстанні твора літаратуры, навукі, мастацтва (выдавецкі, пастановачны, сцэнарны і інш. аўтарскі дагавор). Умовы аўтарскага дагавора ў Рэспубліцы Беларусь вызначаюцца цывільным заканадаўствам і інш. нарматыўнымі актамі (гл. таксама арт. Аўтарскае права).

т. 2, с. 119