АЎТАПІЛО́Т

(ад аўта... + франц. pilote кіраўнік, важак),

прыстасаванне для аўтам. кіравання палётам і стабілізацыі лятальнага апарата ў паветранай прасторы; частка аўтаматызаванай бартавой сістэмы кіравання палётам. Забяспечвае аўтам. ўзлёт і пасадку, падтрыманне зададзенага курсу, скорасці, вышыні палёту, стабілізацыю цэнтра масы лятальнага апарата па зададзенай траекторыі, выконвае закладзеныя ў праграму пілатажныя эвалюцыі. Прынцып дзеяння аўтапілота: сігналы з адчувальных элементаў (датчыкаў рэжыму палёту і выканаўчых механізмаў) параўноўваюцца ў вылічальным прыстасаванні ці ЭВМ, пасля чаго адпаведныя каманды паступаюць на выканаўчыя механізмы кіравання рулямі і рухавікамі. Аўтапілот у комплексе з аўташтурманам і інш. аэранавігацыйнымі прыладамі дае магчымасць палётаў без экіпажа і кіраванне лятальнымі апаратамі на адлегласці. Упершыню схема аўтапілота прапанавана К.Э.Цыялкоўскім у 1898.

т. 2, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)