Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІТЭ́ЛА,

Вітэлій (Witelo, Vittelio) Эразм (каля 1230, каля г. Вроцлаў, Польшча — каля 1280), польскі прыродазнавец і філосаф. Вучыўся ў Парыжы і Падуі. Філасофію трактаваў як своеасаблівую навуку аб прыродзе, яго навук. дзейнасць звязана з развіццём эмпірычнага прыродазнаўства, пачатак якому дала оксфардская школа. Аўтар вядомага ў сярэднія вякі трактата па оптыцы «Перспектыва» (1270—73), тройчы выдадзенага ў Нюрнбергу (1535, 1551, 1572). У гэтым творы выкладаюцца элементы геам. оптыкі, вядомыя Эўкліду, Пталамею і Альхазену, а таксама прыводзіцца закон абарачальнасці прамянёў пры пераламленні святла, даказваецца, што парабалічныя люстэркі маюць адзін фокус, разглядаюцца будова вока і ўласцівасці зроку, тлумачыцца прырода вясёлкі на аснове пераламлення святла ў вадзяных кроплях.

Н.К.Мазоўка.

т. 4, с. 206

ВІТЭЛЬСБА́ХІ

(Wittelsbacher),

паўднёва-нямецкая дынастыя, якая правіла ў Баварыі ў 1180—1918. Мелі радавы замак Вітэльсбах (адсюль назва) на ПнУ ад г. Аўгсбург. Атрымаўшы герцагства Баварыю (1180), Вітэльсбахі пасля падзення Генрыха Льва зацвердзіліся таксама ў Рэйнскім Пфальцы (1214). У 1329 падзяліліся на 2 лініі: старэйшую (пфальцкую; з 1356 курфюрсты) і малодшую (баварскую; у 1623 перанялі тытул курфюрста). Пасля спынення дынастыі баварскіх Вітэльсбахаў (1777) і вайны за Баварскую спадчыну 1778—79 пфальцкія Вітэльсбахі аб’ядналі Баварыю і Пфальц (1779). У 1806—1918 Вітэльсбахі — каралі Баварыі. З роду Вітэльсбахаў паходзілі герм. каралі і імператары «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Людовік IV Баварскі [1314—47], Рупрэхт Пфальцкі [1400—10], Карл VII [1742—45].

т. 4, с. 206

ВІТЭРЫ́Т

(ад прозвішча англ. мінералога У.Вітэрынга),

мінерал класа карбанатаў, карбанат барыю, BaCO3. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі рэдкія; часцей трапляецца ў выглядзе грубавалакністых мас, прамянёвых і шчыльных зярністых агрэгатаў. Колер белы да бясколернага, з жаўтаватым, бурым, зеленаватым адценнямі. Празрысты або прасвечвае. Бляск шкляны да смалістага. Цв. 3,5. Крохкі. Шчыльн. каля 4,3 г/см³. Трапляецца ў нізкатэмпературных гідратэрмальных жылах з барытам і галенітам. Руда барыю і яго солей.

т. 4, с. 206

ВІЎЕ́Н Леанід Сяргеевіч

(29.4.1887, г. Варонеж, Расія — 1.8.1966),

рускі акцёр, рэжысёр, педагог. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1913). Працаваў у Александрынскім т-ры (пазней Ленінградскі т-р драмы імя А.С.Пушкіна; з 1937 гал. рэж.). Акцёрская манера вызначалася стрыманасцю, дакладнасцю сцэн. малюнка: Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Карандышаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), Хігінс («Пігмаліён» Б.Шоу) і інш. Спектаклі, пастаўленыя Віўенам, адметныя псіхал. прапрацоўкай характараў. Сярод лепшых: «Рускія людзі» К.Сіманава (1943), «Бег» М.Булгакава (1958), «Маленькія трагедыі» А.Пушкіна (1962, разам з А.Даўсанам). У 1918 арганізаваў у Петраградзе Школу акцёрскага майстэрства (з 1992 С.-Пецярбургскі ін-т т-ра, музыкі і кінематаграфіі).

т. 4, с. 206

ВІФІ́НІЯ,

гістарычная вобласць на ПнЗ М.Азіі (тэр. сучаснай Турцыі). Назва ад фракійскага племя фінаў (або віфінаў), якое прыйшло з Еўропы каля 700 да н.э. У 8—7 ст. да н.э. на ўзбярэжжы Віфініі былі заснаваны грэч. калоніі Астак, Гераклея і інш. У 7—6 ст. да н.э. падпарадкоўвалася Лідыі, у 6—4 ст. да н.э. — Ахеменідам. У 297 да н.э. абвешчана незалежнай дзяржавай. Цар В.Нікамед I [280 ці 278 — каля 255 да н.э.] пашырыў межы Віфініі і заснаваў у 264 да н.э. сталіцу Нікамедыю. З 74 да н.э. рым. правінцыя, адыгрывала значную ролю ў эканам. і культ. жыцці Рым. імперыі, потым Візантыі. У 14 ст. н.э. захоплена туркамі-асманамі.

т. 4, с. 206

ВІ́ХАРАЎ Сямён Раманавіч

(18.7.1920, в. Капані Кіраўскай вобл., Расія — 30.10.1976),

бел. юрыст. Д-р юрыд. н. (1971). Скончыў Мінскі юрыд. Ін-т (1950). З 1954 у БДУ (1972—76 в а. праф. юрыд. ф-та). Працы па праблемах сав. дзярж. права.

т. 4, с. 206

ВІ́ХАР ВЕ́КТАРНАГА ПО́ЛЯ,

гл. Ротар вектарнага поля.

т. 4, с. 206

ВІ́ХЕРТ Ян

(2.7.1737—1791),

драматург і педагог. Паходзіў з сям’і дробнага шляхціца, які жыў на Беларусі. Вучыўся ў Слуцкім калегіуме (1756—58). Выкладаў рыторыку ў Бабруйскім (1758—60) і Полацкім (1763—65) калегіумах. Аўтар трагедый на польскай мове «Тэадор» (паст. ў Пінску, 1764), «Любоў да айчыны, або Фемістокл» (паст. ў Бабруйску, 1768), «Велізарый» (выд. ў Варшаве, 1787), сюжэты якіх узяты з ант. гісторыі. У творах Віхерта выявіліся ідэі ранняга Асветніцтва.

А.В.Мальдзіс.

т. 4, с. 206

ВІХНІ́Н Залман Давыдавіч

(ліп. 1909, в. Шчадрын Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 26.9.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). З лют. 1943 на Ленінградскім і Цэнтр. франтах, удзельнік Курскай бітвы. Капітан Віхнін пры вызваленні Камарынскага р-на Гомельскай вобл. 25.9.1943 узначаліў групу прыкрыцця, якая фарсіравала Дняпро і забяспечыла пераправу 2 батальёнаў пяхоты. Загінуў у баі за вызваленне вёсак Бярозкі і Новая Ёлча Брагінскага р-на Гомельскай вобл.

т. 4, с. 206

ВІХО́Р у атмасферы, віхар, маса паветра, ахопленая вярчальным рухам вакол рухомай восі. Памеры ў дыяметры ад некалькіх метраў да некалькіх тысяч кіламетраў. Скорасць ветру можа дасягаць ураганнай сілы (да 100 м/с). Да віхраў адносяць цыклон і яго трапічную разнавіднасць тайфун, тромб і тарнада, смерч. На Беларусі з сак. да вер. зрэдку адзначаюцца смерчы. Меншыя па памерах віхры часта бываюць летам у сухое надвор’е.

т. 4, с. 206