АЎРЫПІГМЕ́НТ [ад лац. aurum (auri) золата + пігмент(ы)],
мінерал класа сульфідаў As2S3. Мае 60,9% мыш’яку і 39,1% серы.
Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Звычайна ў выглядзе ліставатых, слупкаватых або валакністых масіўных агрэгатаў. Колер ад лімонна- і залаціста-жоўтага да аранжава-жоўтага. Паўпразрысты. Бляск тлусты да алмазнага. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 3,4—3,5 г/см³. Тыповы мінерал сярэдне- і нізкатэмпературных мыш’яковых і сурмяна-ртутных радовішчаў, а таксама ў адкладах гарачых мінер. крыніц. Выкарыстоўваецца ў лакафарбавай і гарбарнай прам-сці, як мыш’яковая руда.
АЎРЭ́ЛІЙ (Марк) (Marcus Aurelius; 26.4.121, Рым — 17.3.180),
рымскі імператар з 161, філосаф, адзін з прадстаўнікоў позняга стаіцызму. Пры ім Рым захапіў Месапатамію, устанавіў пратэктарат над Арменіяй, вёў Маркаманскую вайну 166—180 з германцамі і сарматамі. Яго твор «Адзін на адзін з сабою» даследуе пераважна этычныя праблемы. Аўрэлій лічыў, што ў свеце ўсё адбываецца паводле пэўнага парадку і справядлівасці, прасякнута божым прадбачаннем. Лёс чалавеку наканаваны, і прымаць яго трэба з радасцю; трэба радавацца таму, што маеш, кожны дзень праводзіць як апошні; людзі створаны, каб любіць сабе падобных; прызначэнне чалавека — захоўваць разумнасць і павагу да грамадскасці і дапамагаць у гэтым сваім блізкім. Адмаўляў ухваленне натоўпу, улады, багацця; жыцця, поўнай асалоды. Клопат пра пасмяротную славу лічыў марным, бо зямля — пясчынка, жыццё — бясконцы паўтор.
рымскі гісторык 4 ст. Нарадзіўся ў Афрыцы. У 361 быў намеснікам Ніжняй Паноніі, у 389 — гар. прэфектам Рыма. Каля 360 напісаў кароткую гісторыю імператараў ад Аўгуста да Канстанцыя II «Пра цэзараў» («De Caesaribus»). Пазней гэты твор уключаны ў «Кароткую вытрымку пра цэзараў», дзе звесткі даведзены да 395, аўтарам якой памылкова лічылі Аўрэлія.
рымскі імператар з 270. Ілірыец з Паноніі. Служыў у рым. арміі, пры імператару Клаўдзію II начальнік конніцы, пасля яго смерці абвешчаны імператарам. Аўрэліян вярнуў амаль усе страчаныя раней правінцыі і аднавіў межы Рым. імперыі: адкінуў готаў за Дунай, выцесніў алеманаў з Рэцыі і Італіі (але страціў Дакію). Правёў грашовую рэформу; у 273 задушыў у Рыме рух манетарыяў (работнікаў манетнага двара). Імкнуўся да неабмежаванай улады. Забіты змоўшчыкамі ў час падрыхтоўкі да парфянскага паходу.
залатая старажытнарымская манета, якую пачаў выпускаць Юлій Цэзар пасля Гальскіх паходаў (58—51 да нашай эры). Сістэматычна чаканілася з часу праўлення Аўгуста (30 да нашай эры — 14 нашай эры) да праўлення Канстанціна І (306—337), які замяніў аўрэус солідам. За гэты час маса манеты зменшылася з 8,18—8,19 да 5,45—5,46 г.
латышскі паэт. Прадстаўнік рамантызму ў лат. літаратуры. Праследаваўся за вальнадумства. Аўтар зб. «Вершы» (1873). Выступаў супраць ням. баронаў і лат. духавенства, услаўляў свабодалюбства лат. народа, па-майстэрску выкарыстоўваў фальклорныя сюжэты, вобразы.
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі, Паўн. і Паўд. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды: аўсец пушысты (Helictotrichon pubescens; нар. назва заечы авёс), трапляецца па ўсёй тэрыторыі, расце на сухіх лугах, лясных палянах і ўзлесках, на адхонах, асабліва ўздоўж дарог; аўсец лугавы (Helictotrichon pratense; рэдкі від, вядомы толькі па звестках навук. літаратуры). Лугавыя кармавыя травы.
Шматгадовыя травяністыя расліны звычайна з паўзучымі падземнымі парасткамі або пазбаўлены іх і тады ўтвараюць шчыльныя дзернавінкі. Сцябло круглаватае, прамастойнае, выш. да 120 см. Лісце лінейнае, часам уздоўж складзенае. Каласкі 2—5-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка з доўгім асцюком. Мяцёлка сціснутая або раскідзістая, нярэдка гронкападобная.
АЎСКУЛЬТА́ЦЫЯ (ад лац. auscultatio слуханне, выслухванне),
метад даследавання ўнутраных органаў выслухваннем. Робіцца вухам ці спец. апаратамі — стэтаскопам або фанендаскопам. Пры аўскультацыі лёгкіх выслухваюць дыхальныя шумы, хрыпы, характэрныя для запаленчых працэсаў у бронхах або лёгачнай тканцы. Па змене тону, шумах у сэрцы мяркуюць пра стан сардэчнай дзейнасці. Артэрыі выслухваюць для вызначэння артэрыяльнага ціску. Аўскультацыя жывата выяўляе наяўнасць перыстальтыкі страўніка і кішэчніка, у цяжарных — сэрцабіцце плода. Аўскультацыяй карыстаюцца і ў ветэрынарыі.
сям’я моў, на якіх гаворыць частка насельніцтва Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, шэрагу астравоў у Індыйскім акіяне. Уключае 8 груп моў: семанг-сакай (асліянская) — распаўсюджаны на п-ве Малака (Малайзія) і ў Паўд. Тайландзе; в’етнамская-мыонг — гал. чынам у В’етнаме (у т. л. сучасная в’етнамская мова) і часткова ў Лаосе; мон-кхмер — на тэр. Камбоджы, М’янмы (б. Бірма), В’етнама, Лаоса і Тайланда; палаунг-ва — уздоўж граніц Кітая, Тыбета, Бутана, на тэр. В’етнама, Лаоса, Тайланда і М’янмы; нікабарскай мовы — на Нікабарскіх а-вах; мовы кхасі — у Індыі і Бангладэш; моў мунда — карыстаецца ч. насельніцтва Індыі; мовы нагалі — штат Мадх’я-Прадэш (Індыя). Кхмерская, монская і в’етнамская мовы — старапісьменныя, астатнія — бяспісьменныя або маладапісьменныя (кхасі, санталі).
АЎСТРАЛАПІТЭ́К (ад лац. australis паўднёвы + грэч. pithēkos малпа),
найбольш прымітыўны від чалавека, першы прадстаўнік сям.гамінідаў. З’явіўся ў Афрыцы каля 5—4 млн.г. назад. Аўстралапітэкі мелі невял. рост (120—130 см), вагу (да 40 кг) і аб’ём галаўнога мозга (435—600 см³), масіўныя сківіцы, моцна выражаныя надброўныя дугі, пакаты лоб, падбародак адсутнічаў. Хадзілі на дзвюх нагах, былі здольныя вырабляць найпрасцейшыя каменныя прылады. Унутры віду аўстралапітэкаў вылучаюць падвіды: аўстралапітэк з Афара (australis afarensis), аўстралапітэк афрыканскі (australis afrikanus), аўстралапітэк масіўны (australis robustus, іншая назва парантрап), аўстралапітэк Бойса (australis boisei, іншая назва зінджантрап). Некаторыя вучоныя адносяць да аўстралапітэкаў і чалавека ўмелага (Homo habilis) — першага прадстаўніка роду Homo, які, верагодна, паходзіў ад аўстралапітэка з Афара ці афрыканскага.
Л.І.Цягака.
Аўстралапітэк афрыканскі. Рэканструкцыя. Мастак З.Бурыян.