АЎСТРАЛАПІТЭ́К (ад лац. australis паўднёвы + грэч. pithēkos малпа),
найбольш прымітыўны від чалавека, першы прадстаўнік сям.гамінідаў. З’явіўся ў Афрыцы каля 5—4 млн.г. назад. Аўстралапітэкі мелі невял. рост (120—130 см), вагу (да 40 кг) і аб’ём галаўнога мозга (435—600 см³), масіўныя сківіцы, моцна выражаныя надброўныя дугі, пакаты лоб, падбародак адсутнічаў. Хадзілі на дзвюх нагах, былі здольныя вырабляць найпрасцейшыя каменныя прылады. Унутры віду аўстралапітэкаў вылучаюць падвіды: аўстралапітэк з Афара (australis afarensis), аўстралапітэк афрыканскі (australis afrikanus), аўстралапітэк масіўны (australis robustus, іншая назва парантрап), аўстралапітэк Бойса (australis boisei, іншая назва зінджантрап). Некаторыя вучоныя адносяць да аўстралапітэкаў і чалавека ўмелага (Homo habilis) — першага прадстаўніка роду Homo, які, верагодна, паходзіў ад аўстралапітэка з Афара ці афрыканскага.
Л.І.Цягака.
Аўстралапітэк афрыканскі. Рэканструкцыя. Мастак З.Бурыян.