Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

АЎДО́ТКА (Burhinus oedicnemus),

птушка сям. аўдоткавых атр. сеўцападобных. Пашырана ў Еўропе, Сярэдняй і Паўд. Азіі, Паўн. Афрыцы. Рэлікт чацвярцічнага перыяду. На Беларусі вельмі рэдкі пералётны від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення, занесены ў Чырвоную кнігу. Трапляецца пераважна ў паўд.-ўсх. частцы Палесся.

Птушка даўж. 40—45 см, маса да 440 г. Жыве на бязлесных пясчаных землях. Апярэнне шэра-пясочнае з чорнымі падоўжнымі стракацінамі, на бруху — белаватае. Ногі трохпальцыя. Прылятае ў сярэдзіне красавіка. Актыўная ноччу. Трымаецца парамі, восенню чародамі. Хутка бегае, выцягнуўшы шыю. Гнёзды на пяску. Нясе 2 жаўтавата-пясочнага колеру яйцы. Корміцца насякомымі, дробнымі яшчаркамі, грызунамі. Адлятае ў вер.—кастрычніку. Зімуе ў Афрыцы і на Пд Аравійскага п-ва.

Аўдотка.

т. 2, с. 85

АЎДЫЕ́НЦЫЯ (ад лац. audientia слуханне),

афіцыйны прыём у высокапастаўленай асобы.

т. 2, с. 85

АЎДЫЁВІЗУА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА, аўдыёвідэатэхніка,

сукупнасць тэхн. сродкаў, прызначаных для запісу, захоўвання, перадачы і ўзнаўлення інфармацыі, якая адначасова можа ўспрымацца органамі слыху і зроку чалавека.

Да аўдыёвізуальнай тэхнікі адносяць кіназдымачныя апараты, тэлевізійныя перадавальныя камеры, кінапраекцыйныя апараты, тэлевізары, магнітафоны (у т. л. відэамагнітафоны), відэатэлефоны, некаторыя персанальныя камп’ютэры і інш. Носьбіты аўдыёвізуальнай інфармацыі: дыяфільмы, кінафільмы, галаграмы, магн. стужкі і касеты, дыскі (у т. л. аптычныя дыскі) гука- і відэазапісу.

т. 2, с. 85

АЎДЫ́Т (ад англ. audit праверка, рэвізія),

праверка аўдытарскай службай бухгалтарскай (фінансавай) справаздачнасці і інш. дакументаў фінансава-гасп. дзейнасці кампаній, прадпрыемстваў, устаноў, каб пацвердзіць іх дакладнасць. Праводзіцца спец. аўдытарскімі карпарацыямі ці аўдытарамі-прадпрымальнікамі. Задача аўдыту — абарона інтарэсаў уласніка, дапамога суб’ектам гаспадарання ў разліку падаткаў, павышэнні эфектыўнасці вытв.-гасп. дзейнасці. Аўдыт бывае знешні (незалежны), унутраны (ведамасны) для ацэнкі работы па маркетынгу, эфектыўнасці структуры кампаніі, праверкі дзейнасці фірмы па выкананні законаў і рашэнняў вышэйстаячых органаў і інш., а таксама абавязковы (вызначаны заканадаўствам) і ініцыятыўны (паводле рашэння суб’екта гаспадарання ці ўласніка).

Г.​І.​Краўцова.

т. 2, с. 85

АЎДЫТО́РЫЯ (лац. auditorium). 1) памяшканне, прызначанае для чытання лекцый, дакладаў і інш. 2) Слухачы лекцыі, даклада; кантынгент спажыўцоў друку, радыё і тэлевізійнай інфармацыі, рэкламы.

т. 2, с. 85

АЎДЫЯМЕ́ТРЫЯ (ад лац. audire чуць + ...метрыя),

акуметрыя, вызначэнне вастрыні слыху. Найб. просты метад аўдыяметрыі — даследаванне слыху шэптам, гутарковай мовай (вызначаецца адлегласць, на якой паддоследны здольны пачуць словы) і камертонам (вызначаецца час, на працягу якога хворы чуе паступова затухальнае гучанне камертона). Пры даследаванні аўдыяметрам па змене вышыні (ад 100 да 10 000 герц) і сілы гуку вызначаюць іх мінім. інтэнсіўнасць, пры якой гук ледзьве чутны (парог успрымання). Вынікі аўдыяметрыі запісваюцца ў выглядзе аўдыяграмы. Найб. дакладны спосаб — даследаванне з рэгістрацыяй слыхавых выкліканых патэнцыялаў (СВП) — біятокаў, што ўзбуджаюцца ў галаўным мозгу пры раздражненні вуха гукавымі сігналамі. СВП выяўляюцца пры камп’ютэрнай апрацоўцы даных, атрыманых шматразовым паўторам гукавых стымулаў.

В.​А.​Быстрэнін.

т. 2, с. 85

АЎЕ́ДА (Oviedo),

горад на Пн Іспаніі, у Кантабрыйскіх гарах. Адм. цэнтр аўт. вобласці Астурыя і правінцыі Аўеда. Засн. пры кляштары, пабудаваным каля 780. 196,1 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел. Аванпорт на Біскайскім зал. — Хіхон. Цэнтр найбуйнейшага ў краіне вугальнага басейна, металургія, машынабудаванне (пераважна цяжкае), харч., тэкст., цэментная, керамічная, фармацэўтычная прам-сць. Арх. помнікі 8—18 ст. Ун-т. Археал. музей.

т. 2, с. 86

АЎЕ́СКІ ХВАРО́БА, несапраўднае шаленства, інфекцыйны бульбарны параліч, шалёная кароста,

свербавая чума, вострая інфекцыйная вірусная хвароба жывёл. Выклікаецца фільтроўным вірусам. Характарызуецца пашкоджаннем ц. н. с., органаў дыхання, моцным свербам у месцы пранікнення ўзбуджальніка. Да аўескай хваробы ўспрыімлівыя свінні (пераважна парасяты-сысуны), буйн. раг. жывёла, козы, авечкі, сабакі, каты, лісы, пясцы, норкі і інш. Крыніца інфекцыі — хворая жывёла і вірусаносьбіты (найчасцей грызуны). На Беларусі аўеская хвароба здараецца ўсюды, пераважна ўвосень і ў пач. зімы.

т. 2, с. 86

АЎКСАТРО́ФЫ [ад грэч. auxō вырошчваю, павялічваю + ...троф(ы)],

арганізмы (часцей мікраарганізмы), якія ў выніку мутацыі страцілі здольнасць сінтэзаваць адно з рэчываў, неабходных для іх росту (амінакіслату, вітамін, азоцістую аснову і інш.). Могуць жыць толькі на тым пажыўным асяроддзі, куды гэтае рэчыва прыўнесена. Аўксатрофы шырока выкарыстоўваюць у генет. і іншых біял. даследаваннях. Гл. таксама Прататрофы.

т. 2, с. 86

АЎКСІ́НЫ,

прыродныя і сінтэтычныя рэчывы, рэгулятары росту раслін з групы фітагармонаў. Уздзейнічаюць на рост, дзяленне і дыферэнцыяцыю клетак. З прыродных (у асн. вытворныя індолу, фенілвоцатнай кіслаты) найб. пашыраны гетэрааўксін, які сінтэзуецца раслінамі з трыптафану бактэрыямі і грыбамі. Сінт. аналагі аўксінаў стымулююць утварэнне каранёў і чаранкоў, з іх дапамогай атрымліваюць плады без насення, прадухіляюць ападанне лісця.

У малых канцэнтрацыях дзейнічаюць як стымулятары (роставыя рэчывы), у вялікіх — як гербіцыды, дзеянне якіх заснавана на парушэнні абмену рэчываў з наступнай гібеллю раслін. Выкарыстоўваюцца ў раслінаводстве, навук. практыцы.

т. 2, с. 86