АТЭСТА́ЦЫЯ,
1) службовая — вызначаны заканадаўствам парадак праверкі кваліфікацыі і дзелавых якасцяў работнікаў праз перыядычную ацэнку іх ведаў, вопыту, навыкаў і здольнасцяў да выканання канкрэтных абавязкаў па дадзенай спецыяльнасці ці пасадзе. Праводзіцца не радзей як 1 раз у 3—5 гадоў атэстацыйнай камісіяй, прызначанай вышэйстаячымі органамі ці адміністрацыяй, узгодненай з прафсаюзамі. Па выніках атэстацыі камісія можа прапанаваць адміністрацыі заахвоціць работніка, змяніць службовы аклад, уключыць у рэзерв на больш высокую пасаду, панізіць на пасадзе ці звольніць. Канчатковае рашэнне прымае кіраўнік адміністрацыі не пазней як праз 2 месяцы пасля атэстацыі.
2) атэстацыя рабочых месцаў — праверка рабочых месцаў на адпаведнасць нарматыўным параметрам.
3) атэстацыя прадукцыі — афіцыйнае вызначэнне якасці прадукцыі з выдачай спец. дакумента.
4) У бухгалтэрыі — аўдытарскае заключэнне, якое пацвярджае дакладнасць фін. справаздач (гл. Аўдыт).
Н.А.Карповіч.
т. 2, с. 82
АУ́Л
(цюрк.),
пасёлак у народаў Сярэдняй Азіі (казахаў, туркменаў), а таксама горны пасёлак на Каўказе.
т. 2, с. 82
АУ́Н САН
(13.2.1915, г. Намаў, М’янма — 19.7.1947),
палітычны дзеяч, нац. герой М’янмы (б. Бірмы). Генерал. Скончыў Рангунскі ун-т. З 1938 адзін з кіраўнікоў антыкаланіяльнай паліт. арг-цыі «Наша Бірма». У 2-ю сусв. вайну гал. арганізатар Арміі незалежнасці Бірмы (1942), міністр абароны ва ўрадзе, створаным яп. акупац. ўладамі (з 1943). Нелегальна наладзіў кантакты з антыяп. Рухам Супраціўлення і ўзначаліў Антыфашысцкую лігу народнай свабоды. Кіраваў антыяп. паўстаннем у 1945, барацьбой за вызваленне краіны ад брыт. панавання (1945—47). У 1946—47 віцэ-старшыня Выканаўчага савета пры брыт. губернатару. Заключыў з брыт. урадам дагавор аб незалежнасці Бірмы (1947). Забіты тэрарыстамі.
т. 2, с. 82
АУ́Н САН СУ ЧЖЫ
(н. 19.6.1945, г. Янгон, М’янма),
палітычны дзеяч М’янмы (б. Бірмы). Дачка Аун Сана. Вучылася ў Дэлійскім і Оксфардскім ун-тах. Працавала ў Лонданскім ун-це (1968), сакратаром ААН (1969—71), Мін-ва замежных спраў Непала (1970-я г.) і інш. З 1988 на радзіме. Заснавальніца і ген. сакратар ЦВК партыі Нац. ліга за дэмакратыю, якая перамагла на парламенцкіх выбарах 1990. За выступленні супраць ваен. рэжыму краіны арыштавана ў 1989. Нобелеўская прэмія міру 1991.
т. 2, с. 82
А́ЎГІЕВЫ СТА́ЙНІ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі вялікія і вельмі забруджаныя стайні цара Эліды Аўгія. Геракл ачысціў Аўгіевы стайні за адзін дзень, пусціўшы ў іх ваду рэк Алфея і Пенея, і гэтым здзейсніў адзін з 12 сваіх подзвігаў. У пераносным сэнсе Аўгіевы стайні — вельмі бруднае месца ці запушчаная работа.
т. 2, с. 82
АЎГІ́Т
(ад грэч. augē бляск),
мінерал падкласа ланцужковых сілікатаў, самы пашыраны з групы піраксенаў (Ca, Na) (Mg, Fe2+, Fe3+, Al, Li) [(Si, Al)2O6]. Састаў вельмі зменлівы. Звычайна з прымесямі хрому, марганцу і інш.
Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі кароткапрызматычныя, характэрны двайнікі, агрэгаты пласціністыя, зярністыя. Колер цёмна-зялёны да чорнага. Паўпразрысты. Бляск шкляны. Цв. 5—6. Шчыльн. 3,2—3,6 г/см³. Вельмі пашыраны пародаўтваральны мінерал, пераважна ў магматычных асноўных (габра, базальты) і ультраасноўных (пірыты, перыдатыты) вывергнутых пародах.
т. 2, с. 82
АЎГРА́БІС
(Aughrabies),
вадаспад у ПАР, на р. Аранжавая, за 500 км ад вусця. Вышыня свабоднага падзення вады 146 м, агульная — 190 м.
т. 2, с. 82
А́ЎГСБУРГ
(Augsburg),
горад у ФРГ, у зямлі Баварыя, у перадгор’ях Альпаў, у сутоках рэк Лех і Вертах (бас. Дуная). 264,8 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел на шляхах да альпійскіх перавалаў. Старажытны цэнтр тэкст., пераважна баваўнянай, прам-сці. Машынабудаванне (авіяцыйныя з-ды Месершміта, выпуск аўтамабіляў, рухавікоў, друкарскіх і канторскіх машын, рэактарнага абсталявання), металаапрацоўка, чыгуна- і сталеліцейная вытв-сць. У ваколіцах ГЭС, прадпрыемствы штучнага валакна, атамнага паліва і інш. Ун-т. Музеі. Абсерваторыя.
Аўгсбург узнік на месцы рым. ваен. лагера (лац. Augusta Vindelicorum, засн. ў 15 да нашай эры), цэнтр рым. правінцыі Рэцыя. Каля 6 ст. засн. Аўгсбургскае епіскапства. У 9—10 ст. набыў статус горада, у 1276 — правы вольнага імперскага горада. У 15—16 ст. адзін з гандл. і фін. цэнтраў Еўропы, важны цэнтр герм. Адраджэння. У Аўгсбургу заключаны Аўгсбургскі рэлігійны мір 1555. Арх. помнікі: раманска-гатычны сабор (11—15 ст), ратуша (пач. 17 ст.), пасёлак рамеснікаў «Фугерай» (16 ст.) і інш.
т. 2, с. 82
А́ЎГСБУРГСКІ РЭЛІГІ́ЙНЫ МІР 1555,
паміж германскімі пратэстанцкімі князямі і імператарам Карлам V. Абвешчаны 25 вер. на рэйхстагу ў Аўгсбургу (адсюль назва). Завяршыў шэраг войнаў паміж каталікамі і пратэстантамі. Прызнаў раўнапраўе каталікоў і лютэран (не распаўсюджваўся на цвінгліянцаў, кальвіністаў, анабаптыстаў), устанавіў права князёў вызначаць веравызнанне сваіх падданых («чыя краіна, таго і вера»), санкцыянаваў усе царк. пераўтварэнні ў пратэстанцкіх княствах, у тым ліку праведзеную там секулярызацыю царк. уласнасці і інш. Завяршыў распад Германіі на аўт. землі, умацаваў уладу князёў, прывёў да адрачэння ад прастола Карла V, пахаваўшы яго ідэю пра стварэнне сусв. імперыі Габсбургаў.
т. 2, с. 83