Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРАЛ (ад англ. trawl),

1) рыбалоўны — мешкападобная сетка, што буксіруецца рыбалоўным суднам (траўлерам) з дапамогай тросаў (ваераў); найб. пашыраны сродак лоўлі марской рыбы.

2) Гідралагічны Т. — прыстасаванне, якім знаходзяць падводныя перашкоды. Пры зачапленні Т. за перашкоду дзейнічае аўтам. механізм, з дапамогай якога над перашкодай ставіцца спец. навігацыйны знак (вяха).

3) Мінны Т. — спец. прыстасаванне для выяўлення і знішчэння мін (гл. Тральшчык).

Схема рыбалоўнага трала: 1 — ваер; 2 — распорны шчыт; 3 — кабель; 4 — бабінец; 5 — цэнтральная частка трала.

т. 15, с. 502

ТРАЛЕ́ЙБУС (англ. trolleybus ад trolley кантактны провад + bus аўтобус),

вагон на колавым хаду з пнеўматычнымі шынамі і з прыводам ад электрарухавіка; від гарадскога (часам міжгародняга) бязрэйкавага эл. транспарту. Бываюць пасажырскія і грузавыя.

Сілкуецца пастаянным токам напружаннем 500—600, часам 750 В. Ток да цягавых электрарухавікоў паступае ад кантактнай сеткі праз падвесныя (тралейныя) правады і штангавыя токаздымальнікі. Спалучае перавагі трамвая (электрацяга, адсутнасць выхлапных газаў) і аўтобуса (лёгкасць і бясшумнасць ходу. магчымасць абгону). Скорасць да 70 км/гадз. Т. створаны ў Германіі ў 1882; у СССР — з 1933, у Маскве з 1934. На Беларусі Т. працуе ў Мінску (з 1952), Гомелі (1962), Магілёве (1970), Гродне (1974), Бабруйску (1978), Віцебску (1978), Брэсце (1981). Т. выпускае ВА «Белкамунмаш» і Мінскі аўтамаб. з-д. Гл. таксама Гарадскі транспарт.

С.​В.​Багдановіч.

Тралейбус (Мінскі аўтамабільны завод).

т. 15, с. 502

ТРАЛЁЎКА лесаматэрыялаў

(ад ням. treilen цягнуць),

перамяшчэнне ссечаных дрэў з кронамі, хлыстоў (ствалоў) і сартыментаў ад месца валкі (лесасекі) да лесапагрузачнага пункта або лесавознай дарогі.

Ажыццяўляецца тралёвачнымі трактарамі або валачна-тралёвачнымі машынамі і лябёдкамі з тросаблочнымі сістэмамі. Трактары абсталёўваюцца лябёдкамі, тросамі з крукамі і кольцамі (чокерамі) на канцах, пагрузачнымі шчытамі або гідраманіпулятарамі. У час Т. дрэвы і хлысты абапіраюцца адным канцом на трактар, другі цягнецца па зямлі. Гл. таксама Лесанарыхтоўчыя работы.

Машыны для тралёўкі лесаматэрыялаў: а — бясчокерная тралёвачная машына ЛП-18А (1 — маніпулятар; 2 — увязачнае прыстасаванне, 3 — шчыт, 4 — захоп); б — тралёвачная машына «Беларус МЛ-127С».

т. 15, с. 502

ТРАЛЛЕ́ Ігар Яўгенавіч (н. 1.12.1949, Мінск),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1997). Скончыў БДУ (1971). З 1971 у Ін-це цвёрдага цела і паўправаднікоў, з 1976 у Фіз.-тэхн. ін-це Нац. АН (з 1996 заг. аддзела). З 1997 працуе за мяжой. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела і мікраэлектроніцы. Распрацаваў квантавую тэорыю пераносу носьбітаў зараду ў высокачастотным полі структур паўправаднік — дыэлектрык, прапанаваў спосаб фарміравання квантавых ям і квантавых кропак.

Тв.:

Усиление плазменных колебаний в многослойных структурах с периодическими управляющими электродами // Докл. АН БССР. 1991. Т. 35, №2;

Пучковая неустойчивость и усиление волн пространственного заряда в плазме полупроводников (разам з В.​А.​Сізюком) // Там жа. 1994. Т. 38, №4.

М.​П.​Савік.

т. 15, с. 503

ТРА́ЛЬШЧЫК,

баявы карабель для пошуку і знішчэння марскіх (рачных) мін з дапамогай тралаў і для правядзення караблёў (суднаў) праз мінныя загароды. Належыць да мінна-тральных сіл ВМФ (ВМС) многіх дзяржаў.

Падзяляюцца на эскадраныя (будавалі да 2-й сусв. вайны), марскія, базавыя, рэйдавыя, рачныя, катэрныя. Водаўмяшчальнасць да 1300 т і больш, скорасць да 18 (на паветр. падушцы 30) вузлоў, далёкасць плавання да 3—5 тыс. міль. Гал. ўзбраенне — проціміннае (кантактныя і некантактныя тралы, шукальнікі-знішчальнікі мін і інш.); ёсць малакаліберныя артыл. або зенітныя ўстаноўкі, буйнакаліберныя кулямёты, пускавыя ўстаноўкі процілодачных ракет, бомбакідальнікі. Маюць маламагн. дызельныя энергет. ўстаноўкі. Карпусы робяць з немагн. сплаваў, дрэва, шклапластыку і інш.

На Беларусі ў 1919—44 баявое траленне праводзілі рачныя Т. (пераабсталяваныя параходы) і катэры-Т., што меліся ў складзе рачных ваен. флатылій (савецкіх Дняпроўскай і Пінскай, польскай Пінскай). У 1927—30 і 1935 у Пінску (Зах. Беларусь) для патрэб польскай Пінскай флатыліі пабудаваны 7 рачных Т. водаўмяшчальнасцю 4,8 і 10,2 Т.

У.​Я.​Калаткоў, Р.​К.​Паўловіч.

Рачныя тральшчыкі польскай Пінскай флатыліі, якія будаваліся ў Пінску ў 1927—35: 1 — браніраваны; 2 — колавы.

т. 15, с. 503

ТРАМБАВА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

будаўнічая машына для паслойнага ўшчыльнення грунту пры стварэнні земляных насыпаў, буд-ве дамбаў, дарог, аэрадромаў і інш. Адрозніваюць Т.м.: са свабодным падзеннем рабочага органа (ушчыльняльнага грузу) — малатковыя машыны, каткі з падаючымі грузамі, трамбавальныя пліты на базе экскаватараў, трактароў ці кранаў; прымусовага дзеяння — дызельныя трамбоўкі, машыны з эл. і пнеўматычнымі прыводамі. У цяжкадаступных месцах выкарыстоўваюць трамбавальныя вібрацыйныя пліты.

т. 15, с. 503

ТРАМБАГЕ́Н,

бялок плазмы крыві, тое, што пратрамбін.

т. 15, с. 503

ТРА́МБАЛ (Trumbull) Джон (6.6.1756, г. Лебанан, штат Канектыкут, ЗША — 10.11.1843),

амерыканскі жывапісец. Вучыўся ў Лондане ў Б.​Уэста. Удзельнік Вайны за незалежнасць (1775—83), ад’ютант Дж.​Вашынгтона. У 1794—1804 і 1808—15 жыў у Лондане. У 1817—36 узначальваў Амер. акадэмію прыгожых мастацтваў у Нью-Йорку. Аўтар невял. тонкіх рэаліст. партрэтаў удзельнікаў вызв. вайны, у т. л. Р.​Ізарда, і патрыятычных гіст. карцін («Бітва пры Банкерс-Хіле», «Дэкларацыя незалежнасці», 1786—94).

т. 15, с. 503

ТРАМБАЦЫ́ТЫ (ад тромб + грэч. kytos клетка),

крывяныя пласцінкі, форменныя элементы крыві пазваночных жывёл і чалавека. У многіх жывёл Т. — дробныя акруглыя клеткі са шчыльным ядром; у млекакормячых жывёл і чалавека — бяз’ядзерныя, дыскападобныя пласцінкі дыям. 2—5 мкм. У 1 мм​3 крыві чалавека змяшчаецца 180—320 тыс. Т. Адрозніваюць 5 асн. відаў Т.: маладыя (1—5%), спелыя (88%), старыя (4%), дэгенератыўныя (да 2%), гіганцкія формы раздражнення (2%). Утвараюцца ў чырв. касцявым мозгу (66—80 тыс. у 1 мм​3 крыві за дзень). Функцыі Т.: спыненне крывацёку пры пашкоджанні сценкі сасудаў, забеспячэнне згусальнасці крыві, удзел у гаенні ран і інш. Памяншэнне колькасці Т. суправаджаецца дыятэзам гемарагічным, павелічэнне вядзе да трамбозу крывяносных сасудаў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 503

ТРАМБІ́Н, трамбаза, фібрынфермент,

пратэалітычны фермент класа гідралаз; найважн. кампанент сістэмы згусання крыві. Утвараецца ў плазме крыві са свайго неактыўнага папярэдніка пратрамбіну. Складаны бялок з 2 поліпептыдных ланцугоў з малекулярнай масай 34 000. Забяспечвае пераўтварэнне фібрынагену ў фібрын; выкарыстоўваецца як мясц. кроваспыняльны сродак.

т. 15, с. 503