ТРАМБАЦЫ́ТЫ (ад тромб + грэч. kytos клетка),

крывяныя пласцінкі, форменныя элементы крыві пазваночных жывёл і чалавека. У многіх жывёл Т. — дробныя акруглыя клеткі са шчыльным ядром; у млекакормячых жывёл і чалавека — бяз’ядзерныя, дыскападобныя пласцінкі дыям. 2—5 мкм. У 1 мм​3 крыві чалавека змяшчаецца 180—320 тыс. Т. Адрозніваюць 5 асн. відаў Т.: маладыя (1—5%), спелыя (88%), старыя (4%), дэгенератыўныя (да 2%), гіганцкія формы раздражнення (2%). Утвараюцца ў чырв. касцявым мозгу (66—80 тыс. у 1 мм​3 крыві за дзень). Функцыі Т.: спыненне крывацёку пры пашкоджанні сценкі сасудаў, забеспячэнне згусальнасці крыві, удзел у гаенні ран і інш. Памяншэнне колькасці Т. суправаджаецца дыятэзам гемарагічным, павелічэнне вядзе да трамбозу крывяносных сасудаў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)