ТРАЛЕ́ЙБУС (англ. trolleybus ад trolley кантактны провад + bus аўтобус),
вагон на колавым хаду з пнеўматычнымі шынамі і з прыводам ад электрарухавіка; від гарадскога (часам міжгародняга) бязрэйкавага эл. транспарту. Бываюць пасажырскія і грузавыя.
Сілкуецца пастаянным токам напружаннем 500—600, часам 750 В. Ток да цягавых электрарухавікоў паступае ад кантактнай сеткі праз падвесныя (тралейныя) правады і штангавыя токаздымальнікі. Спалучае перавагі трамвая (электрацяга, адсутнасць выхлапных газаў) і аўтобуса (лёгкасць і бясшумнасць ходу. магчымасць абгону). Скорасць да 70 км/гадз. Т. створаны ў Германіі ў 1882; у СССР — з 1933, у Маскве з 1934. На Беларусі Т. працуе ў Мінску (з 1952), Гомелі (1962), Магілёве (1970), Гродне (1974), Бабруйску (1978), Віцебску (1978), Брэсце (1981). Т. выпускае ВА «Белкамунмаш» і Мінскі аўтамаб.з-д. Гл. таксама Гарадскі транспарт.