ТРА́ЛЬШЧЫК,

баявы карабель для пошуку і знішчэння марскіх (рачных) мін з дапамогай тралаў і для правядзення караблёў (суднаў) праз мінныя загароды. Належыць да мінна-тральных сіл ВМФ (ВМС) многіх дзяржаў.

Падзяляюцца на эскадраныя (будавалі да 2-й сусв. вайны), марскія, базавыя, рэйдавыя, рачныя, катэрныя. Водаўмяшчальнасць да 1300 т і больш, скорасць да 18 (на паветр. падушцы 30) вузлоў, далёкасць плавання да 3—5 тыс. міль. Гал. ўзбраенне — проціміннае (кантактныя і некантактныя тралы, шукальнікі-знішчальнікі мін і інш.); ёсць малакаліберныя артыл. або зенітныя ўстаноўкі, буйнакаліберныя кулямёты, пускавыя ўстаноўкі процілодачных ракет, бомбакідальнікі. Маюць маламагн. дызельныя энергет. ўстаноўкі. Карпусы робяць з немагн. сплаваў, дрэва, шклапластыку і інш.

На Беларусі ў 1919—44 баявое траленне праводзілі рачныя Т. (пераабсталяваныя параходы) і катэры-Т., што меліся ў складзе рачных ваен. флатылій (савецкіх Дняпроўскай і Пінскай, польскай Пінскай). У 1927—30 і 1935 у Пінску (Зах. Беларусь) для патрэб польскай Пінскай флатыліі пабудаваны 7 рачных Т. водаўмяшчальнасцю 4,8 і 10,2 Т.

У.​Я.​Калаткоў, Р.​К.​Паўловіч.

Рачныя тральшчыкі польскай Пінскай флатыліі, якія будаваліся ў Пінску ў 1927—35: 1 — браніраваны; 2 — колавы.

т. 15, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)