Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕВЯРА́НЕ,

усходнеславянскія плямёны, якія ў канцы 1-га тыс. н.э. жылі ў басейнах рэк Дзясна, Сейм, Сула, Ворскла, Псёл, Северскі Данец. Межавалі на З з палянамі, дрыгавічамі, на Пн з радзімічамі і вяцічамі, на У і Пд з качавымі плямёнамі. У 8 — пач. 9 ст. плацілі даніну хазарам. У канцы 9 ст. заходнія С. разам з палянамі ўвайшлі ў склад Кіеўскай Русі, усходнія С. да канца 10 ст. захоўвалі адносную аўтаномію. У 11—12 ст. С. склалі значную ч. насельніцтва Чарнігаўскай (Северскай) зямлі. У 907 удзельнічалі ў паходзе Алега на Візантыю. Упамінаюцца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 884, 885 і пад 1024. Найб. гарады С. — Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Сноўск, Пуціўль, Курск і інш. Характэрныя племянныя адзнакі — спіралепадобныя і прамянёвыя скроневыя кольцы, пласціністыя галаўныя венчыкі. У 1096 на землях С. ўзнікла Северскае княства.

Літ.:

Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982.

т. 14, с. 291

СЕВЯРА́НІН (Віталь Сцяпанавіч) (н. 21.3.1937, г. Іркуцк, Расія),

бел. вучоны ў галіне цеплаэнергетыкі. Д-р тэхн. н. (1987), праф. (1989). Скончыў БПІ (1960). З 1973 у Брэсцкім тэхн. ун-це (у 1979—87 заг. кафедры, з 1991 кіраўнік лабараторыі «Пульсар»), Навук. працы па праблемах гарэння розных відаў паліва, цепламасаабмену і асновах энергазберажэння. Выявіў слаявое пульсуючае гарэнне і ўстанавіў для яго фазавыя суадносіны. Даследаваў асаблівасці абдзімання паліва пульсуючым патокам, прапанаваў канструкцыі энергазберагальных апаратаў і машын.

Тв.:

Технологическое пульсационное горение. М., 1993 (у сааўт.);

Основы энергосбережения. Брест., 1998;

Инженерно-техническое оборудование зданий. Мн., 2000 (разам з В.​М.​Яромскім, М.​І.​Кірылюком).

т. 14, с. 291

СЕВЯРА́НІН (Ігар) (сапр. Лотараў Ігар Васілевіч; 16.5.1887, С.-Пецярбург — 20.12.1941),

рускі паэт. Друкаваўся з 1904. Стваральнік эгафутурызму (гл. Футурызм). Эстэтызацыя салонна-гарадскіх матываў, гульня ў рамант. індывідуалізм у зб-ках «Громакіпячы кубак» (1913), «Залаталіра» (1914), «Ананасы ў шампанскім», «Паэзаантракт» (абодва 1915) і інш. З 1918 жыў у Эстоніі. У аўтабіягр. рамане ў вершах «Званы сабора пачуццяў» (1925) і зб. санетаў «Медальёны. Сюжэты і варыяцыі пра паэтаў, пісьменнікаў і кампазітараў» (1934) настальгія па радзіме. Аўтар паэт. зб-каў «Збор паэз» (т. 1—4, 1918), «Салавей» (1923) і інш. Паэзіі С. ўласцівы лірычнасць, музычнасць, разнастайнасць рытмаў, неалагізмы (у т. л. «окрылить», «бездарь»), дакладнасць сатыр. замалёвак. Перакладаў на рус. мову А.​Міцкевіча, Ш.​Бадлера, П.​Верлена, эст. пісьменнікаў.

Тв.:

Сирень моей весны: Избр. лирика. Кемерово, 1989;

Стихотворения и поэмы, 1918—1941. М., 1990;

Ананасы в шампанском: Поэзы. М., 1991;

Лирика. Мн.;

М., 2000.

Літ.:

Венок поэту: (Игорь Северянин). Таллинн, 1987.

т. 14, с. 291

СЕВЯРГІ́Н (Васіль Міхайлавіч) (19.9.1765, С.-Пецярбург — 29.11.1826),

рускі мінералог і хімік. Скончыў ун-т у Пецярбургу. Удасканальваў веды ў Гётынгенскім ун-це ў Германіі (1785—89). Акад. Пецярбургскай АН (1793). Ганаровы член многіх рус. і замежных навук. т-ваў, у т. л. Віленскага ун-та (1803). У працах «Першыя асновы мінералогіі або натуральнай гісторыі выкапнёвых цел» (кн. 1—2, 1798) і «Спроба мінералагічнага землеапісання Расійскай дзяржавы» (ч. 1—2, 1809) даў самыя поўныя на той час звесткі па мінералогіі, пра мінералы і карысныя выкапні Расіі. Аўтар «Падрабязнага слоўніка мінералагічнага...» (т. 1—2. 1807). Пасля паездак (1802 і 1803) у бел. губерні даў іх прыродазнаўчае і этнагр. апісанне ў «Запісках падарожжа па заходніх правінцыях Расійскай дзяржавы...» (1803) і «Працягу запісак...» (1804).

Літ.:

Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980.

С.​А.​Кузняева.

т. 14, с. 291

СЕВЯРДЭ́НКА (Васіль Пятровіч) (14.1.1904, г. Краматорск Данецкай вобл., Украіна — 19.12.1978),

бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Акад. АН Беларусі (1956), д-р тэхн. н. (1950), праф. (1952). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1963). Скончыў Маскоўскі ін-т сталі (1932). З 1945 выкладаў у ВНУ Масквы. З 1957 дырэктар, заг. лабараторыі пластычнасці, з 1970 старшы навук. супрацоўнік-кансультант Фізікатэхн. ін-та АН Беларусі, адначасова ў 1957—70 заг. кафедры БПІ. Навук. працы па пластычнай дэфармацыі, апрацоўцы металаў ціскам. Прапанаваў новыя спосабы апрацоўкі металаў з выкарыстаннем ультрагуку, распрацаваў метады гарачага гідрахім. выціскання, пракаткі лістоў з парашковых матэрыялаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

Тв.:

Теория обработки металлов давлением. Мн., 1966;

Теоретические основы ковки и горячей объемной штамповки. Мн., 1968 (у сааўт.);

Основы теории прокатки. Мн., 1969;

Прокатка и волочение с ультразвуком. Мн., 1970 (разам з У.​У.​Клубовічам, А.​В.​Сцепаненкам);

Ультразвук и пластичность. Мн., 1976 (з імі ж).

Літ.:

Библиография научных трудов академика АН БССР В.​П.​Северденко. Мн., 1979.

В.П.Севярдэнка.

т. 14, с. 291

СЕВЯРНЁЎ (Міхаіл Максімавіч) (н. 21.11.1921, в. Север Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Акад. УАСГНІЛ (1978, чл.-кар. 1972), Рас. акадэміі с.-г. навук (1992), Акадэміі агр. навук Беларусі (1992). Д-р тэхн. н. (1966), праф. (1969). Скончыў БПІ (1951). У 1954—72 і ў 1976—83 у мінскім Цэнтр. НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Нечарназёмнай зоны СССР (з 1965 і з 1976 дырэктар). У 1972—76 нам. Старшыні СМ БССР. З 1992 віцэ-прэзідэнт, з 1996 саветнік прэзідыума Акадэміі агр. навук Беларусі. Навук. працы па праблемах эксплуатацыі с.-г. тэхнікі, узнаўляльных крыніц энергіі і энергарэсурсазберажэння. Распрацаваў навук. асновы надзейнасці і даўгавечнасці с.-г. машын, метады іх аднаўлення, выкарыстання традыц. і нетрадыц. энерганосьбітаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.

Тв.:

Работоспособность и сохранность сельскохозяйственной техники. Мн., 1980 (у сааўт.);

Энергосберегающие технологии в сельскохозяйственном производстве. Мн., 1994.

т. 14, с. 291

СЕГА́Л,

бел. мастак 2-й пал. 18 ст. Родам з г. Слуцк Мінскай вобл. У 1760 размаляваў інтэр’ер сінагогі ў Магілёве.

т. 14, с. 292

СЕГАНЦІ́НІ ((Segantini) Джавані) (15.1.1858,г. Арка, Італія — 28.9.1899),

італьянскі мастак. Вучыўся ў акадэміі Брэра ў Мілане (1876—78). З 1885 жыў у Швейцарыі. У ранняй творчасці зазнаў уплыў Ж.​Ф.​Міле, арыентаваўся на натуралізм і эфекты люмінізму («Аве Марыя», 1882). У 1887—90 пісаў кампазіцыі з рытмічнымі і геам. элементамі, светлым каларытам у духу пуантылізму («Маладая пастушка», 1887—88; «Дзве маці», 1890). З 1890 звярнуўся да сімвалізму. У большасці работ фонам з’яўляецца альпійскі пейзаж. Творам уласцівы дэкар. рытмы, напоўненыя містычнымі або сімвалічнымі элементамі, своеасаблівае асвятленне, якое ўзмацняе падзел тонаў: «Анёл жыцця» (1894), «Любоў да вытокаў жыцця», «Паша вясной» (абодва 1896), «Багіня кахання» (1894—97), «Альпійскі трыпціх» (1886—99), «Партрэт Казірагі Арыяні» (1899).

Я.​Ф.​Шунейка.

Дж.Сеганціні. Любоў да вытокаў жыцця. 1896.

т. 14, с. 292

СЕГВО́ЗЕРА,

возера ў Карэліі, у Расіі, у 1957 ператворана ў вадасховішча (пл. 815 км²). Пл. да стварэння вадасховішча 753 км² (з астравамі), глыб. да 97 м. Берагі парэзаныя, больш за 70 астравоў. Выцякае р. Сегежа, якая ўпадае ў Выгвозера. Ледастаў ад снеж. да мая.

т. 14, с. 292

СЕ́ГЕД (Szeged),

горад на Пд Венгрыі, на р. Ціса. Адм. ц. медзьё Чонград. Каля 180 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Аэрапорт. Эканам. і культ. цэнтр ПдУ краіны. Прам-сць: харч., тэкст., швейная, дрэваапр., гарбарна-абутковая, маш.-буд., гумавая. Ун-т. Музеі, тэатры. Арх. помнікі 13—16 ст. Паблізу здабыча нафты і прыроднага газу; арніталаг. запаведнік. Штогадовы фестываль Сегедскія тэатральныя гульні.

т. 14, с. 292