СЕЦЭСІЁН (ням. Sezession ад лац. secessio аддзяленне),
1) назва стылю мадэрн у Аўстрыі і краінах, якія ўваходзілі ў Аўстра-Венгерскую імперыю.
2) Аб’яднанні мастакоў, архітэктараў і дызайнераў у Мюнхене, Берліне (з 1892), Вене (з 1897), якія супрацьпастаўлялі сваё мастацтва акадэмізму. У С. уваходзілі О.Вагнер, Г.Клімт, І.Гофман, К.Мозер, Э.Орлік і інш.
т. 14, с. 358
СЕ́ЦЯЛЯ ((Setälä) Эміль Нестар) (27.2.1864, г. Кокемякі, Фінляндыя — 8.2.1935),
фінскі мовазнавец, дзярж. дзеяч; заснавальнік фіна-угорскага параўнальна-гіст. мовазнаўства. У 1913—14 прэзідэнт Фінл. акадэміі навук і л-ры, у 1893—1929 праф. Хельсінкскага ун-та. У 1925 міністр асветы, адначасова ў 1925—26 міністр замежных спраў Фінляндыі. З 1926 канцлер ун-та ў г. Турку. У 1888—90 ажыццявіў паездкі да ліваў, вотаў, вепсаў, вывучаў іх мовы і этнаграфію. Упершыню выкарыстаў метад аналогіі ў фіна-угразнаўстве. Распрацаваў транскрыпцыю для фіна-угорскіх моў. Вывучаў фальклор, гісторыю, этнаграфію фіна-угорскіх народаў.
т. 14, с. 358