Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕ́ЯЛКА,

машына для высявання насення с.-г. і лясных культур, а таксама для ўнясення мінер. угнаенняў. Бываюць трактарныя (навясныя, паўнавясныя, прычапныя), конныя і ручныя.

Паводле спосабу сеяння адрозніваюць С.: радковыя — для высявання насення звычайным радковым, вузкарадковым, шырокарадковым і стужачным спосабамі; гнездавыя — для сяўбы групамі (гнёздамі); пункцірныя (дакладнага высявання) — для высявання насення на аднолькавай адлегласці ў радку; пункцірна-гнездавыя — для размяшчэння насення гнёздамі на аднолькавай адлегласці; раскідныя — размяркоўваюць насенне траў і ўгнаенне па плошчы поля. Паводле прызначэння бываюць С.: для сяўбы збожжавых культур (у т. л. камбінаваныя зернетукавыя для адначасовага высявання асн. культуры, мінер. угнаенняў і падсявання насення траў); сяўбы прапашных культур (кукурузныя, цукровабураковыя, бавоўнавыя); ільняныя і агароднінныя; спец. прызначэння (лясныя, парніковыя, плодагадавальнікавыя і інш.). У раёнах з ветравой эрозіяй пашыраны камбінаваныя сеялкі-культыватары для сяўбы на глебах, апрацаваных безадвальнымі прыладамі. Пры сяўбе яны рыхляць глебу, падразаюць пустазелле, высяваюць мінер. ўгнаенні і прыкачваюць засеяныя радкі.

На Беларусі фірма «Лідаграпраммаш» выпускае разнастайныя С. для сяўбы збожжавых, зернебабовых і травяных культур, Брэсцкі электрамех. з-д — сеялкі СПУ-6 «Бярэсце» для сяўбы збожжавых культур і травасумесей.

В.​М.​Кандрацьеў.

Сеялка: 1 — радковая англійскага вынаходніка Дж.​Тула (пач. 18 ст.); 2 — пнеўматычная універсальная СПУ-6 «Бярэсце» (Брэсцкі электрамеханічны завод).
Сеялка: а — прычапная радковая зернятукавая (1 — гідрацыліндр для пад’ёму сашнікоў; 2 — бункер для насення і ўгнаенняў; 3 — высейвальнае прыстасаванне; 4 — падножная дошка; 5 — закладвальныя рабочыя органы; 6 — сашнікі; 7 — насеннеправоды); б — пнеўматычная універсальная (1 — вентылятар; 2 — інжэктарны шлюз; 3 — шахтавая труба; 4 — размеркавальнікі; 5 — насеннеправоды; 6 — бункер; 7 — дазіравальнае прыстасаванне; 8 і 9 — высявальныя лемяшы); в — сашнікі (1 і 2 — радковы і вузкарадковы двухдыскавыя; 3 — аднадыскавы; 4 — анкерны; 5 — кілепадобны).

т. 14, с. 358

СЕЯ́МСКІ ЗАЛІ́Ў У Паўднёва-Кітайскім м., паміж п-вам Малака і паўд.-ўсх. ч. п-ва Індакітай. Даўж. 720 км, шыр. каля ўвахода 400 км, глыб. да 70 м. Прылівы сутачныя (да 4 м). Упадае р. Менам-Чао-Прая. Порт Бангкок (Тайланд).

т. 14, с. 429

СЕ́ЯНЕЦ,

маладая расліна, атрыманая з насення ў пасяўным аддзяленні пладовага ці ляснога гадавальніка без перасадкі. С. пладовых раслін (1—2-гадовыя) выкарыстоўваюць у якасці прышчэпаў для размнажэння сартоў; часта іх наз. дзічкамі. С. лясных культур (1—3-гадовыя хвойных і 1—2-гадовыя лісцевых парод) выкарыстоўваюць як пасадачны матэрыял.

т. 14, с. 359