Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕ́ЛА ((Cela) Каміла Хасэ) (н. 11.5.1916, г. Падрон, Іспанія),

іспанскі пісьменнік. Чл. Ісп. АН (з 1957). Вывучаў права ў Мадрыдзе і Англіі. Першыя вершы напісаў пад уплывам Р.​Альберці і П.​Нэруды. Паклаў пачатак т.зв. л-ры трэмендызму (ад ісп. tremendo — жахлівы, страшны). У раманах «Сям’я Паскуаля Дуартэ» (1942), «Вулей» (1951) матывы бязвыхаднасці і абсурднасці жыцця. Яго творчай манеры ўласцівы гратэск і іронія, імкненне да прастаты і прымітывізму. Аўтар раманаў «Служба цемры 5» (1973), «Спіс раганосцаў» (1976), «Мазурка для памерлых» (1983), кніг нарысаў, апавяданняў, дарожных нататак. Нобелеўская прэмія 1989.

Тв.:

Рус. пер. — Апельсины — зимние плоды. М., 1965;

Семья Паскуаля Дуарте. Улей;

Повести и рассказы. М., 1980.

Літ.:

Тертерян И. Современный испанский роман (1939—1969). М., 1972.

т. 14, с. 304

СЕЛАГІНЕ́ЛА (Selaginella),

род споравых раслін сям. селагінелавых. Каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды. Большасць С. трапляецца ў вільготных трапічных лясах, здольныя доўгі час знаходзіцца ў цемнаце і вадзе. У пустынных С. у час засухі лісце і парасткі скручваюцца і расліна ўпадае ў крыптабіёз (пры ўвільгатненні — ажывае). На Беларусі культывуюць у аранжарэях і пакоях.

Шматгадовыя дзераза- або мохападобныя травяністыя расліны ад далікатных дзярнінных форм выш. 5—10 см да лазячых і павойных з даўж. сцябла да некалькіх метраў. На парастках 2 рады дробнага спіннога лісця і 2 рады больш буйнога бакавога. Размнажаюцца спорамі і вегетатыўна.

А.​М.​Скуратовіч.

Селагінела: 1 — сібірская; 2 — Мартэнса; 3 — кручкаватая; 4 — тамарыскалістая.

т. 14, с. 304

СЕ́ЛАМ, Салем,

горад на Пд Індыі ў перадгор’ях Усх. Гат, у штаце Тамілнад. Каля 700 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, шаўковая, баваўняная, хім., металаапрацоўчая. Цэнтр здабычы баксітаў і магнезіту. Цэнтр гандлю чаем. Паблізу С. чайныя плантацыі. Філіял Мадраскага ун-та.

т. 14, с. 304

СЕЛЕ́КТАР (лац. selector сарціроўшчык),

электронная ці электрамех. прылада для прыёму выкліку абанента ў селектарнай сувязі. Ланцуг выкліку ў С. замыкаецца, калі з цэнтр. пульта дасылаецца ў С. пэўная камбінацыя імпульсаў току.

т. 14, с. 304

СЕЛЕ́КТАРНАЯ СУ́ВЯЗЬ, выбіральная тэлефонная сувязь,

сістэма аператыўнай тэлеф. сувязі пунктаў (абанентаў) з цэнтр. пунктам і паміж сабой пры паралельным уключэнні вял. колькасці тэлеф. апаратаў у агульную лінію сувязі. Кожны апарат сістэмы С.с. мае прыладу выкліку (селектар) для перагавораў з 1 абанентам, іх групай ці ўсімі абанентамі адначасова. Выкарыстоўваецца на чыг. і рачным транспарце, у энергасістэмах, на шахтах, а таксама, калі абаненцкія пункты магчыма размясціць уздоўж адной тэлеф. лініі вял. працягласці.

т. 14, с. 305

СЕЛЕКТЫ́ЎНАСЦЬ РАДЫЁПРЫЁМНІКА, выбіральнасць радыёпрыёмніка,

здольнасць радыёпрыёмнага апарата з мноства сігналаў, якія нясуць розную інфармацыю, вылучаць патрэбныя сігналы ці рэагаваць толькі на сігналы з папярэдне зададзенымі параметрамі; параметр радыёпрыёмніка, які колькасна характарызуе такую здольнасць.

т. 14, с. 305

СЕЛЕ́КЦЫЯ (ад лац. selecto адбор),

навука і комплекс практычных мерапрыемстваў па стварэнні і паляпшэнні парод жывёл, сартоў раслін і штамаў мікраарганізмаў; адна з форм эвалюцыі жывых арганізмаў. Падпарадкоўваецца тым жа законам, што і эвалюцыя відаў у прыродзе, але натуральны адбор заменены штучным адборам. Тэарэт. аснова С. — генетыка. Асн. метады — адбор лепшых фенатыпаў (масавы адбор) або лепшых генатыпаў (індывідуальны адбор), гібрыдызацыя з выкарыстаннем гетэрозісу і цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці, поліплаідыя, мутагенез і інш. Этапы селекцыйнага працэсу: абгрунтаванне мэт і задач, стварэнне ці падбор зыходнага матэрыялу, распрацоўка схемы, правядзенне селекцыйных мерапрыемстваў, сорта- ці пародавыпрабаванне. С. праводзяць па якасці (смак, знешні выгляд, лёжкасць пладоў, колькасць бялкоў і амінакіслот у зерні, тлушчамалочнасць і інш.); устойлівасць да хвароб, шкоднікаў і неспрыяльных умоў асяроддзя; урадлівасць у раслін, плоднасць і прадукцыйнасць у жывёл і інш.

Несвядомы адбор «на племя» ўзнік у часы прымітыўнага земляробства, у выніку якога створаны шматлікія стараж., «мясц.» пароды і сарты. У выніку свядомай масавай С. некалькі стагоддзяў назад узніклі вядомыя сарты пшаніцы (Крымка, Белатурка, Палтаўка), сланечніку (Зялёнка, Фуксінка), лёну (Смаленскі, Пскоўскі), канюшыны (Пермскі), яблыні (Антонаўка, Грушаўка), пароды авечак (каракульская і раманаўская), коней (арабская, ахалтэкінская), буйн. раг. жывёлы (малочныя яраслаўская і халмагорская, шэрая ўкраінская) і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. ўзнікла т.зв. прамысл. С. У Вялікабрытаніі створаны селекцыйныя гадавальнікі, арганізавана племянная жывёлагадоўля, заведзены племянныя кнігі. Праводзіліся працы па стварэнні лейстэрскай пароды авечак, шортгорнскай пароды буйн. раг. жывёлы. Сталі вядомы сарты пшаніцы англ. селекцыянераў П.​Шырэфа, Ф.​Галета, ням. В.​Рымпаў і інш. Узнікненне навук. С. звязана з эвалюцыйным вучэннем Ч.​Дарвіна (гл. Дарвінізм). Высновай для распрацоўкі тэорыі С. з’явіліся працы дацкага генетыка В.​Іагансена, швед. селекцыянера Г.​Нільсана-Эле; па хім. і радыяцыйным мутагенезе — сав. генетыкаў У.​У.​Сахарава, М.​М.​Мейселя, англ. Ш.​Аўэрбаха; па эвалюц. генетыцы — сав. вучонага С.​С.​Чацверыкова, амер. С.​Райта, англ. Дж.Б.​С.​Холдэйна. Гл. таксама Селекцыя раслін.

т. 14, с. 305

СЕЛЕ́КЦЫЯ РАСЛІН,

тэорыя і практыка стварэння і паляпшэння сартоў і гібрыдаў раслін. Распрацоўвае спосабы ўздзеяння на расліны з мэтай змянення іх спадчынных якасцей у патрэбным кірунку. Звязана з сістэматыкай, марфалогіяй, фізіялогіяй, біяхіміяй раслін і інш. Тэарэт. аснова С.р. — генетыка раслін. Асн. метады С.р.: адбор, гібрыдызацыя, мутагенез, поліплаідыя. Перспектыўны кірунак С.р. — сінтэтычная С.р., заснавана на выкарыстанні з’явы трансгрэсіі (больш моцнае развіццё станоўчых якасцей у патомкаў у параўнанні з бацькоўскімі формамі) у гібрыдаў, што атрыманы скрыжаваннем некалькіх сартоў ці форм. На Беларусі навук. працы па С.р. вядуцца з канца 19 ст. (М.​В.​Рытаў, А.​Семпалоўскі, К.​Бяляўскі); планамерныя даследаванні — з 1920-х г. у Бел. аддзяленні Усесаюзнага ін-та раслінаводства, на Бел. с.-г. доследнай станцыі паляводства і інш. Да 1941 створаны бел. сарты і сабраны селекцыйны матэрыял палявых, агароднінных, пладовых і ягадных культур. Праблемамі С.р. займаюцца НДІ генетыкі і цыталогіі, аховы раслін і інш. Нац. агр. АН Беларусі, земляробства і кармоў, бульбаводства, гароднінаводства, пладаводства і інш. Нац. АН Беларусі. Створаны: сарты і гібрыды бульбы, капусты, якія спалучаюць прадукцыйнасць, хваробаўстойлівасць і макс. назапашванне пажыўных рэчываў; нізкарослыя і высокапрадукцыйныя сарты збожжавых культур; скараспелыя кукурузы; лёну і лубіну, устойлівыя да фузарыёзу і інш. Найб. вядомыя сарты бел. С.р.: азімага жыта — Спадчына, Завея-2, Дружба, Белта; ячменю — Жодзінскі-5, Крынічны, Прыма Беларусі, Візіт, Верас, Гонар; трыцікале — Дар Беларусі, Міхась, Мара, Лана; аўса — Вандроўнік; бульбы — Лазурыт, Явар, Скарб, Архідэя, Арбіта, Ласунак, Беларускі-3; лёну — Аршанскі-2; яблыні — Алеся, Антэй і інш. Шматлікія сарты бел. С.р. унесены ў нац. рэестры Расіі, Украіны, краін Балтыі.

З.​А.​Казлоўская.

т. 14, с. 305

СЕЛЕ́Н (лац. Selenium),

Se, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы; ат. н. 34; ат. м. 78,96. Прыродны С. складаецца з 6 стабільных ізатопаў, асн.80Se (49,82%). З 16 радыеактыўных ізатопаў найб. значэнне мае ​75Se з перыядам паўраспаду 121 сут. Вельмі рэдкі і рассеяны элемент, у зямной кары 1,4106% па масе. Здольны да канцэнтрацыі, утварае больш за 50 мінералаў (селенідаў, селенітаў, селенатаў і інш.), характэрны прымесі С. ў сульфідах і самароднай серы. Уваходзіць у састаў жывых арганізмаў. Штодзённа чалавеку і жывёлам неабходна 50—100 мкг С. на 1 кг рацыёну. Адкрыты Ё.​Я.​Берцэліусам у 1817 (назва ад грэч. selēnē Месяц).

С. — неметал. Мае некалькі алатропных мадыфікацый. Устойлівая крышт. мадыфікацыя — шэры, т.зв. «металічны», С. гексаганальнай структуры; шчыльн. 4800 кг/м³, tпл 221 °C, tкіп 685 °C. Паўправаднік. На паветры ўстойлівы; кісларод, вада, саляная і разбаўленая серная к-ты на С. не дзейнічаюць, раствараецца ў канцэнтраванай азотнай к-це і царскай гарэлцы. З кіслародам утварае аксіды. Усе селену злучэнні ядавітыя. Выкарыстоўваецца ў электратэхн., металургічнай, хім., фармацэўтычнай прам-сці.

т. 14, с. 305

СЕЛЕ́НА,

багіня ў старажытнагрэчаскай міфалогіі, увасабленне Месяца. Лічылася дачкой тытанаў Гіперыёна і Тэі, сястрой бога сонца Геліяса і багіні ранішняй зары Эас. С. атаясамлівалі з Артэмідай, часам і з Гекатай, якая лічылася апякункай чарадзейства і варажбы; лічылася, што чараўніцкія маніпуляцыі найб. дзейсныя пры поўным ззянні Месяца — С. У рым. міфалогіі С. адпавядала Дыяна.

т. 14, с. 305