Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕКА́М (Secam, скар. ад Sequential Couleur Avec Memoire паслядоўная перадача колераў з запамінаннем),

сістэма каляровага тэлебачання з пачарговай (праз радок) перадачай 2 колерарознасных сігналаў пры неперарыўнай перадачы сігналу яркасці. Асаблівасці — магчыма перадача сігналаў на вял. адлегласці пры малым узроўні колеравых скажэнняў, неадчувальнасць да фазавых скажэнняў. Прапанавана франц. інжынерам А. дэ Франсам (1954), для вяшчання прынята ў 1967.

Абодва колерарознасныя сігналы перадаюцца на дапаможных паднясучых частотах, трэці сігнал колернасці (зялёны) фарміруецца ў тэлевізійным прыёмніку прапарцыянальным складаннем (у спец. матрычным прыстасаванні) частак першых двух сігналаў. Для яго фарміравання прыёмнік мае лінію затрымкі на працягласць перадачы аднаго радка (64 мс) з мэтай адначасовага паступлення сігналаў у матрычнае прыстасаванне. Прынята ў 56 краінах, мае 7 версій (1990). Гл. таксама НТСЦ, ПАЛ.

т. 14, с. 300

СЕ́КАНДЫ-ТАКАРА́ДЫ, Секонды-Такарады (Sekondi-Takoradi),

горад у Гане на ўзбярэжжы Гвінейскага заліва. Адм. ц. Заходняй вобласці. Каля 450 тыс. ж. з прыгарадамі і суседнімі гарадамі (2001). Порт на ўзбярэжжы Гвінейскага зал. (вываз баксітаў, марганцавай руды, какавы, драўніны), вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: трансп. машынабудаванне, харч., дрэваапр., цэм., тытунёвая. Суднаверфі. Цэнтр рыбалоўства.

т. 14, с. 300

СЕ́КАЧ (Сямён Фядосавіч) (н. 19.1.1929, в. Хатунічы Чарнігаўскага р-на, Украіна),

бел. вучоны ў галіне нейрахірургіі. Д-р мед. н. (1972). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1955). З 1958 у НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі. Навук. працы па праблеме паталогіі сонных артэрый.

Тв.:

Результаты хирургического лечения тромбоза и стеноза внутренней сонной артерии. М., 1964;

Операции на мелких артериях в эксперименте. Мн., 1969.

т. 14, с. 300

СЕКВЕ́СТР (ад лац. sequestro стаўлю па-за, аддзяляю),

1) забарона ці абмежаванне, якое накладаецца дзяржавай на карыстанне якой-н. маёмасцю.

2) Канфіскацыя ў памешчыкаў Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны маёнткаў з сялянамі за апазіцыйную дзейнасць супраць рас. улад у канцы 18 — пач. 1-й пал. 19 ст. 3) У цывільным праве Рэспублікі Беларусь права абмежаванага карыстання чужой нерухомай маёмасцю (зямельным участкам, збудаваннямі і інш.). С. можа ўстанаўлівацца для забеспячэння праходу і праезду праз суседні зямельны ўчастак, пракладкі і эксплуатацыі лініі электраперадач, сувязі і трубаправодаў, водазабеспячэння, каналізацыі і меліярацыі, а таксама інш. патрэб уласніка нерухомасці, якія не могуць быць ажыццёўлены без устанаўлення С. Парадак устанаўлення С., яго ўмовы, інш. акалічнасці, аб’екты, што могуць абмяжоўвацца С., вызначаюцца заканадаўствам.

4) У бюджэтным праве спец. механізм, які ўводзіцца ў выпадках, калі пры выкананні бюджэту адбываецца перавышэнне ўстаноўленага ўзроўню бюджэтнага дэфіцыту або скарачаюцца паступленні з даходных крыніц, а таксама ў выпадку, калі ў ходзе выканання бюджэту дэфіцыт не змяншаецца, у выніку чаго становіцца немагчымым фінансаванне прадугледжаных у бюджэце мерапрыемстваў. Механізм С. заключаецца ў прапарцыянальным зніжэнні дзярж. выдаткаў на пэўную колькасць працэнтаў штомесячна па ўсіх артыкулах бюджэту на працягу часу бягучага фін. года, які застаўся.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 301

СЕКВО́Я (Sequoia),

род голанасенных раслін сям. таксодыевых. 1 рэліктавы від — С. вечназялёная (S. sempervirens). Трапляецца на зах. узбярэжжы Паўн. Амерыкі, у гарах Каліфорніі і Паўд. Арэгона (ЗША). Утварае парасткавыя лясы. У Еўропе і Азіі рэшткі С. выяўлены ў юрскіх і ніжнемелавых пластах. Культывуецца.

Вечназялёныя хваёвыя дрэвы з вузкаканічнай кронай. Адносяцца да найвыш. дрэў (выш. ствала 110—112 м, дыяметр 6—10 м). Жывуць больш за 3 тыс. гадоў. Ігліца лінейна-ланцэтная, размешчана грабеньчата. Шышкі амаль шарападобныя, даўж. 2—3 см. Насенне з доўгімі крыльцамі. Драўніна светла-чырв., выкарыстоўваецца для падводных збудаванняў, мэблі і інш.

І.​М.​Гарановіч.

т. 14, с. 301

СЕКВО́Я (Sequoia),

нацыянальны парк у ЗША, у Каліфорніі, на зах. схілах хр. Сьера-Невада. Засн. ў 1890. Пл. 163,1 тыс. га. Горныя ландшафты (г. Уітні выш. 4418 м) з лугамі, вадаспадамі, гаямі секвоі. Прылягае да нац. парку Кінгс-Каньён. Біясферны рэзерват.

Секвоя вечназялёная.

т. 14, с. 301

СЕКВОЯДЭ́НДРАН,

мамантавае дрэва, велінгтонія (Sequoiadendron), род голанасенных раслін сям. таксодыевых. 1 рэліктавы від — С. гіганцкі (S. giganteum). Пашыраны ў Паўн. Амерыцы (Каліфорнія). Выкапнёвыя рэшткі выяўлены ў Паўн. паўшар’і. Культывуецца ў парках і садах Сярэдняй Еўропы і на Пд Еўразіі.

Вечназялёныя хваёвыя дрэвы. Жывуць да 2,5 тыс. (паводле інш. звестак, да 3—4 тыс.) гадоў. Ствол прамы, стройны, выш. да 100 м, дыяметрам да 10 м, у старых дрэў свабодны ад галін амаль да палавіны. Крона густая, канічная або акруглая. Ігліца размешчана спіральна, шышкі даўж. 5—7,5 см. Некат. гіганцкія экзэмпляры маюць уласныя імёны. Дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Секвоядэндран гіганцкі.

т. 14, с. 301

СЕ́КЕШФЕ́ХЕРВАР (Székesfehérvár),

горад у цэнтр. ч. Венгрыі. Засн. ў 11 ст. на месцы стараж.-рым. паселішча Альба-Рэгія. Да сярэдзіны 16 ст. месца каранавання і пахавання венгерскіх каралёў. Каля 110 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд., каляровая металургія, дрэваапр., тэкст., харчовая. Карцінная галерэя імя І.​Чока. Руіны раманскай базілікі (11 ст.), гатычная капліца (15 ст.), барочныя сабор (18 ст.) і касцёл кармелітаў (18 ст.); Палац біскупа (19 ст.) у стылі класіцызму і інш.

т. 14, с. 301

СЕКС (франц. sexe ад лац. sexus пал),

сукупнасць псіхічных і фізіял. рэакцый, перажыванняў і ўчынкаў, звязаных з праяўленнем і задавальненнем палавой цягі (гл. Лібіда). Агульнай біял. асновай сексуальных паводзін з’яўляецца інстынкт працягу роду.

т. 14, с. 301

СЕКСАЛО́ГІЯ (секс + ...логія),

навука, якая вывучае палавыя функцыі чалавека ў фізіял., псіхал. і сац. аспектах. Засн. на інтэграцыі медыцыны з рознымі аспектамі немед. навук (псіхалогія, сацыялогія, педагогіка, філасофія і інш.). У С. значная ўвага аддаецца праяве сексуальнай патрэбы ў адпаведнасці з уплывам сац. асяроддзя, пытанням нормы і адхіленняў у палавых паводзінах (цесна змыкаецца з сексапаталогіяй).

Вылучылася і стала самаст. у 20 ст. Першымі пачалі сістэм. вывучэнне палавога жыцця (пераважна паталаг. форм) урачы. Сярод заснавальнікаў С. праф. псіхіятрыі Венскага ун-та Р.​Крафт-Эбінг, швейц. неўрапатолаг А.​Фарэль, З.Фрэйд, ням. дэрматолаг і венеролаг І.​Блох і інш. Апошнія даследаванні ў эмбрыялогіі, эндакрыналогіі, нейрафізіялогіі, эвалюц. біялогіі, гінекалогіі і інш. навуках дазволілі значна ўзбагаціць і пашырыць веды ў галіне дыферэнцыяцыі і ўзаемаадносін полаў.

Літ.:

Имелинский К Сексология и сексопатология: Пер. с пол. М., 1986;

Фрейд З. Очерки по психологии сексуальности: Пер. с нем. М., 1990;

Сексология: Энцио. справ... 3 изд. Мн., 1995.

т. 14, с. 301