Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕБАРЭ́Я (ад лац. sebum сала + грэч. rheō цяку),

хвароба скуры, пры якой парушаецца дзейнасць тлушчавых залоз (зменьваецца хім. састаў і колькасць скурнага тлушчу). Асн. формы С.: тлустая і сухая. Пры тлустай скура порыстая, грубая, жаўтавата-бруднага колеру, валасы зліпаюцца, блішчаць, пры сухой С. скура лушчыцца; бывае таксама змешаная форма. Лакалізуецца на валасістай ч. галавы, твары, у міжлапатачнай вобласці. Ускладненні: вугры, выпадзенне валасоў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 14, с. 286

СЕБАСЦЬЯ́Н (Sebastian; сапр. Шэбешцьен; Sebestyen) Георг

(Дзьёрдзь; 17.8.1903, Будапешт — 1989),

венгерскі дырыжор. Скончыў Вышэйшую школу музыкі імя Ф.​Ліста (1921). Вучань Б.Вальтэра. З 1922 працаваў у оперных т-рах Германіі. У 1931—37 дырыжор сімф. аркестра Усесаюзнага радыё ў Маскве, дзе ажыццявіў канцэртныя пастаноўкі опер В.​А.​Моцарта і оперы «Фідэліо» Л.​Бетховена, выступаў у сімф. канцэртах (першы выканаў 1-ю сімфонію Ц.​Хрэннікава і 1-ю сюіту «Рамэо і Джульеты» С.​Пракоф’ева). З 1938 у ЗША, з 1946 у Парыжы. Працаваў дырыжорам у «Алера камік», паставіў шэраг рус. опер у Парыжскай оперы, у т. л. «Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага. Шмат гастраліраваў, у т. л. ў СССР у 1961.

Літ.:

Григорьев Л.Г., Платек Я.М. Современные дирижеры. М., 1969.

т. 14, с. 286

СЕБАСЦЬЯ́НА ДЭЛЬ П’ЁМБА [Sebastiano del Piombo; сапр. Лучані (Luciani); каля 1485, г. Венецыя, Італія — 21.6.1547],

італьянскі жывапісец эпохі Адраджэння. Вучыўся ў Дж.​Беліні. Раннім творам, створаным пад уплывам Джарджоне і Тыцыяна, уласцівы прасветлена-лірычны лад (створкі аргана з выявамі 4 святых для царквы Сан-Барталамеа аль Рыяльта, карціна для гал. алтара царквы Сан-Джавані Крызастома ў Венецыі). З 1511 працаваў у Рыме, дзе зблізіўся з Рафаэлем; работы адметныя больш строгім і ўраўнаважаным характарам пры захаванні гучнасці каларыту, уласцівага венецыянскай школе жывапісу. фрэскі на віле Фарнезіна (1511), партрэт рымлянкі (т.зв. «Даратэя», каля 1515) і інш. З 2-й пал. 1510-х г. пад уплывам Мікеланджэла яго творы набылі падкрэслена драм. афарбоўку («Уваскрашэнне Лазара», 1519). Работы, створаныя ў перыяд контррэфармацыі, вызначаюцца змрочнай жорсткасцю вобразнага ладу, які выявіў крызіс маст. прынцыпаў Высокага Адраджэння («Нясенне крыжа», 1537). У 1540-я г. для сабора Санта-Марыя дэла Пачэ ў Рыме выканаў буйную манум. кампазіцыю «Сустрэча Марыі і Елізаветы».

Я.​Ф.​Шунейка.

Себасцьяна дэль П’ёмба. Нясенне крыжа. 1537.

т. 14, с. 286

СЕ́БЕК (грэч. Сухас),

у старажытнаегіпецкай рэлігіі і міфалогіі бог вады і разліву ракі Ніл. Яго ўяўлялі ў выглядзе чалавека, кракадзіла (свяшчэнная жывёла С.) або чалавека з галавой кракадзіла. Цэнтр культу — г. Кракадзілопаль. Лічылася, што С. дае багацце і ўрадлівасць. У стараж. тэкстах ён разглядаецца як абаронца багоў і людзей, аднак часта выступае як вораг багоў Ра і Асірыса.

т. 14, с. 286

СЕ́БРЫС ((Sebris) Карліс) (н. 18.2.1914, пас. Сіноле Гулбенскага р-на, Латвія),

латышскі акцёр. Нар. арт. Латвіі (1964). Нар. арт. СССР (1974). Скончыў драм. курсы пад кіраўніцгвам Э.​Зелтмаціса (1938) і паступіў у трупу Нац. т-ра Латвіі ў Рызе. Стварыў яркія вобразы, адметныя высокім майстэрствам пераўвасаблення: Сацін («На дне» М.​Горкага), Парфірый Пятровіч («Злачынства і кара» паводле Ф.​Дастаеўскага), сэр Тобі, Фальстаф («Дванаццатая ноч», «Генрых IV» У.​Шэкспіра), Філіп II («Дон Карлас» Ф.​Шылера), Кала Бруньён («Кала Бруньён» паводле Р.​Ралана), Йынь («Йынь з вострава Кіхну — дзікі капітан» Ю.​Смуула) і інш. Зняўся ў кінафільмах: «Каўгурскае паўстанне» (1941), «За лебядзінай чарадой аблокаў» (1957), «Чужая ў пасёлку» (1959), «Табага» змяняе курс» (1965), «Эдгар і Крысціна» (1966), «Слугі д’ябла» (1970), «Караль Лір», «Балада пра Берынга і яго сяброў» (абодва 1971), «Слугі д’ябла на чортавым млыне» (1972), «Напад на тайную паліцыю» (1975), «Дзюма на Каўказе» (1980), «Забытыя рэчы» (1982) і інш.

т. 14, с. 286

СЕБУ́ (Cebú),

востраў у цэнтр. ч. Філіпінскага архіпелага. Пл. 4,4 тыс. км² (з прылеглымі астравамі, што ўваходзяць у аднайм. правінцыю, каля 5,1 тыс. км²), даўж. каля 220 км. Рэльеф пераважна горны, выш. да 1073 м. Складзены ў асн. з дыярыту і крышт. сланцаў, перакрытых пясчанікамі, гліністымі сланцамі, вапнякамі. Уздоўж узбярэжжаў каралавыя рыфы. Клімат субэкватарыяльны. Аладкаў 1500 мм за год. У гарах цэнтр. ч. — вільготныя трапічныя лясы, па перыферыі — лугі. Трапічнае земляробства (вырошчванне кукурузы, цукр. трыснягу, рысу, тытуню, манга). Рыбалоўства. Порт — Себу.

т. 14, с. 286

СЕБУ́ (Cebu),

горад на Філіпінах, на в-ве Себу. Адм. ц. аднаймен. правінцыі. Вядомы з 16 ст. Каля 700 тыс. ж. (2001). Марскі порт, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандлёва-размеркавальны цэнтр с.-г. раёна. Прам-сць: нафтаперапр., металаапр., цукр., алейная. 5 ун-таў, у т. л. каталіцкі з 1595. Арх. помнікі ісп. калан. архітэктуры 16—17 ст. (форт, цэрквы, жылыя дамы).

т. 14, с. 286

СЕ́БХА,

аазіс у Сахары на ПдЗ Лівіі. Каля 10 тыс. ж. (2001). Вузел аўтамаб. і караванных дарог. Вырошчваюць фінікавую пальму, пладовыя дрэвы, агародніну. Рамёствы.

т. 14, с. 286