СЕБАРЭ́Я (ад лац. sebum сала + грэч. rheō цяку),

хвароба скуры, пры якой парушаецца дзейнасць тлушчавых залоз (зменьваецца хім. састаў і колькасць скурнага тлушчу). Асн. формы С.: тлустая і сухая. Пры тлустай скура порыстая, грубая, жаўтавата-бруднага колеру, валасы зліпаюцца, блішчаць, пры сухой С. скура лушчыцца; бывае таксама змешаная форма. Лакалізуецца на валасістай ч. галавы, твары, у міжлапатачнай вобласці. Ускладненні: вугры, выпадзенне валасоў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 14, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)