Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕДА́Н (Sedan),

горад на ПнУ Францыі, на р. Мёз. Каля 50 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Металургічная прам-сць, вытв-сць шарсцяных тканін і дываноў.

У 14 ст. царкоўнае ўладанне. З канца 14 ст. ў складзе Францыі. У 15—17 ст. буйны цэнтр вытворчасці сукна. У час рэліг. войнаў на баку гугенотаў. У 1592 тут засн. кальвінісцкая тэалагічная акадэмія. У франка-прускую вайну 1870—71 каля С. герм. войскамі ген.-фельдмаршала Г.К.​Б.​Мольтке 1.9.1870 разгромлена франц. армія маршала М.​Э.​Мак-Магона; узята ў палон больш за 100 тыс. чал., у т. л. імператар Напалеон III.

т. 14, с. 294

СЕДА́Н (мяркуюць, ад назвы франц. г. Седан),

закрыты кузаў легкавога аўтамабіля. Мае 4 дзвярэй, 2 ці 3 рады сядзенняў.

т. 14, с. 294

СЕ́ДАН ((Seddon) Маргарэт) (н. 8.11.1947, Мафрысбара, ЗША),

касманаўт ЗША. Д-р медыцыны (1973). Скончыла ун-т у г. Берклі. У 1978—98 у атрадзе касманаўтаў НАСА. Здзейсніла палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 12—19.4.1985 — на КК «Дыскаверы», 5—14.6.1991 і 18.10—1.11.1993 — на КК «Калумбія». У космасе правяла 30,1 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 14, с. 294

СЕДАТЫ́ЎНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя сродкі, якія маюць заспакаяльны ўплыў. Адрозніваюць С.с. расл. паходжання (прэпараты валяр’яны, сардэчніку, півоні, пасіфлоры), сінт. (прэпараты брому, напр., натрыю і калію брамід) і камбінаваныя (валакардзін, валаседан і інш.). Заспакаяльным дзеяннем у малых дозах валодаюць снатворныя сродкі, транквілізатары, сардэчныя гліказіды, нейралептыкі і інш. Зніжэнне эмацыянальнага напружання, часам лёгкі снатворны эфект пры прыёме С.с. абумоўлены ўзмацненнем працэсаў тармажэння або аслабленнем працэсаў узбуджэння ў ц. н. с. С.с. ўзмацняюць уздзеянне снатворных, абязбольваючых і інш. сродкаў, не выклікаюць прывыкання, псіхічнай і фіз. залежнасці, расстройстваў каардынацыі руху. Ужываюцца для лячэння неўрозаў, пры бяссонніцы, павышанай раздражняльнасці, спазмах страўнікава-кішачнага тракта, пач. стадыі артэрыяльнай гіпертаніі.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 294

СЕДЛАВІ́НА,

1) паніжэнне паміж вяршынямі горнага хрыбта тэктанічнага або эразійна-дэнудацыйнага паходжання. Часта С. выкарыстоўваюцца як перавальныя шляхі (гл. Перавал).

2) Прастора ў барычным полі паміж дзвюх абласцей высокага і дзвюх абласцей нізкага ціску, размешчаных крыж-накрыж (барычная С.).

т. 14, с. 294

СЕДЛАВЫ́ КА́МЕНЬ З Я́МКАМІ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны за 100 м на ПдУ ад в. Занарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл., каля шашы Брусы—Нарач. Ружова-шэры дробназярністы граніт з крышталямі палявога шпату. Даўж. 4 м, шыр. 3,2 м, выш. 1 м, у абводзе 11,5 м, аб’ём бачнай часткі 13 м³, маса 30 т. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс. г. назад са Скандынавіі. На верхняй пляцоўцы захаваліся 8 штучных паўсферычных паглыбленняў з адшліфаванымі сценкамі дыяметрам 3—4 см, глыб. 1,5—2 см, якія зроблены чалавекам каля 2—2,5 тыс. гадоў назад. У старажытнасці меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 14, с. 294

СЕДЛАВЫ́ ЦЯГА́Ч,

аўтамабіль без грузавой платформы (цягач), абсталяваны апорна-счапным прыстасаваннем (сядлом) для злучэння з рамай паўпрычэпаў. Мае павышаную магутнасць рухавіка, большыя перадатачныя адносіны ў сілавой перадачы, укарочаную базу. Выкарыстоўваюцца ў складзе аўтапаяздоў, у т. л. самазвальных. На Беларусі С.ц. выпускае Мінскі аўтамабільны завод (першы МАЗ-200В выпускаўся з 1952, мадэрнізаваныя 2- і 3-восевыя — з 1970-х г., 3-восевыя з сям’і МАЗ-6422 — з 1981). Мільённым аўтамабілем, выпушчаным з-дам у 1989, быў С.ц. МАЗ-64221. Гл. таксама МАЗ.

Седлавы цягач «Кенварт» (ЗША) са спальным адсекам.

т. 14, с. 294

СЕ́ДЛАЧАК ((Sedlácčk) Войцех) (9.9.1892, Лібчані, Чэхія — 3.2.1973),

чэшскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Пражскай АМ (1911—20). Зазнаў уплывы А.​Славічака і Я.Прэйслера. Чл. аб’яднанняў «Умелецкая бяседа» (1913), «Галар» (1919). Творчасці характэрны арыентацыя на рэаліст. традыцыі нац. мастацтва, лірыка-эпічная манера выканання. Аўтар жывапісных кампазіцый «Валацуга» (1924), «Збор бульбы» (1934), «У вёсцы» (1941), «Восень на палях» (1952), «Восень на загуменні» (1954), графічных работ «Цыганка» (1916), «Садоўніца» (1920), «Праца ў полі» (1971). Аформіў кнігі Я.​Гербена, братоў Мрштыкаў.

Літ.:

Современное чешское и словацкое искусство. Л., 1989.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 14, с. 294

СЕ́ДЛЬЦЫ (Siedlce),

горад на У Польшчы у Мазавецкім ваяводстве. Каля 90 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд., металаапр., трыкат., харчовая. Арх. помнікі 18—19 ст.

т. 14, с. 295

СЕ́ДУМ,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Расходнік.

т. 14, с. 295