СЕКА́М (Secam, скар. ад Sequential Couleur Avec Memoire паслядоўная перадача колераў з запамінаннем),

сістэма каляровага тэлебачання з пачарговай (праз радок) перадачай 2 колерарознасных сігналаў пры неперарыўнай перадачы сігналу яркасці. Асаблівасці — магчыма перадача сігналаў на вял. адлегласці пры малым узроўні колеравых скажэнняў, неадчувальнасць да фазавых скажэнняў. Прапанавана франц. інжынерам А. дэ Франсам (1954), для вяшчання прынята ў 1967.

Абодва колерарознасныя сігналы перадаюцца на дапаможных паднясучых частотах, трэці сігнал колернасці (зялёны) фарміруецца ў тэлевізійным прыёмніку прапарцыянальным складаннем (у спец. матрычным прыстасаванні) частак першых двух сігналаў. Для яго фарміравання прыёмнік мае лінію затрымкі на працягласць перадачы аднаго радка (64 мс) з мэтай адначасовага паступлення сігналаў у матрычнае прыстасаванне. Прынята ў 56 краінах, мае 7 версій (1990). Гл. таксама НТСЦ, ПАЛ.

т. 14, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)