СЕЛАГІНЕ́ЛА (Selaginella),

род споравых раслін сям. селагінелавых. Каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды. Большасць С. трапляецца ў вільготных трапічных лясах, здольныя доўгі час знаходзіцца ў цемнаце і вадзе. У пустынных С. у час засухі лісце і парасткі скручваюцца і расліна ўпадае ў крыптабіёз (пры ўвільгатненні — ажывае). На Беларусі культывуюць у аранжарэях і пакоях.

Шматгадовыя дзераза- або мохападобныя травяністыя расліны ад далікатных дзярнінных форм выш. 5—10 см да лазячых і павойных з даўж. сцябла да некалькіх метраў. На парастках 2 рады дробнага спіннога лісця і 2 рады больш буйнога бакавога. Размнажаюцца спорамі і вегетатыўна.

А.​М.​Скуратовіч.

Селагінела: 1 — сібірская; 2 — Мартэнса; 3 — кручкаватая; 4 — тамарыскалістая.

т. 14, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)