СЕЛЕ́КЦЫЯ (ад лац. selecto адбор),

навука і комплекс практычных мерапрыемстваў па стварэнні і паляпшэнні парод жывёл, сартоў раслін і штамаў мікраарганізмаў; адна з форм эвалюцыі жывых арганізмаў. Падпарадкоўваецца тым жа законам, што і эвалюцыя відаў у прыродзе, але натуральны адбор заменены штучным адборам. Тэарэт. аснова С. — генетыка. Асн. метады — адбор лепшых фенатыпаў (масавы адбор) або лепшых генатыпаў (індывідуальны адбор), гібрыдызацыя з выкарыстаннем гетэрозісу і цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці, поліплаідыя, мутагенез і інш. Этапы селекцыйнага працэсу: абгрунтаванне мэт і задач, стварэнне ці падбор зыходнага матэрыялу, распрацоўка схемы, правядзенне селекцыйных мерапрыемстваў, сорта- ці пародавыпрабаванне. С. праводзяць па якасці (смак, знешні выгляд, лёжкасць пладоў, колькасць бялкоў і амінакіслот у зерні, тлушчамалочнасць і інш.); устойлівасць да хвароб, шкоднікаў і неспрыяльных умоў асяроддзя; урадлівасць у раслін, плоднасць і прадукцыйнасць у жывёл і інш.

Несвядомы адбор «на племя» ўзнік у часы прымітыўнага земляробства, у выніку якога створаны шматлікія стараж., «мясц.» пароды і сарты. У выніку свядомай масавай С. некалькі стагоддзяў назад узніклі вядомыя сарты пшаніцы (Крымка, Белатурка, Палтаўка), сланечніку (Зялёнка, Фуксінка), лёну (Смаленскі, Пскоўскі), канюшыны (Пермскі), яблыні (Антонаўка, Грушаўка), пароды авечак (каракульская і раманаўская), коней (арабская, ахалтэкінская), буйн. раг. жывёлы (малочныя яраслаўская і халмагорская, шэрая ўкраінская) і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. ўзнікла т.зв. прамысл. С. У Вялікабрытаніі створаны селекцыйныя гадавальнікі, арганізавана племянная жывёлагадоўля, заведзены племянныя кнігі. Праводзіліся працы па стварэнні лейстэрскай пароды авечак, шортгорнскай пароды буйн. раг. жывёлы. Сталі вядомы сарты пшаніцы англ. селекцыянераў П.​Шырэфа, Ф.​Галета, ням. В.​Рымпаў і інш. Узнікненне навук. С. звязана з эвалюцыйным вучэннем Ч.​Дарвіна (гл. Дарвінізм). Высновай для распрацоўкі тэорыі С. з’явіліся працы дацкага генетыка В.​Іагансена, швед. селекцыянера Г.​Нільсана-Эле; па хім. і радыяцыйным мутагенезе — сав. генетыкаў У.​У.​Сахарава, М.​М.​Мейселя, англ. Ш.​Аўэрбаха; па эвалюц. генетыцы — сав. вучонага С.​С.​Чацверыкова, амер. С.​Райта, англ. Дж.Б.​С.​Холдэйна. Гл. таксама Селекцыя раслін.

т. 14, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)