СЕГАНЦІ́НІ ((Segantini) Джавані) (15.1.1858,г. Арка, Італія — 28.9.1899),
італьянскі мастак. Вучыўся ў акадэміі Брэра ў Мілане (1876—78). З 1885 жыў у Швейцарыі. У ранняй творчасці зазнаў уплыў Ж.Ф.Міле, арыентаваўся на натуралізм і эфекты люмінізму («Аве Марыя», 1882). У 1887—90 пісаў кампазіцыі з рытмічнымі і геам. элементамі, светлым каларытам у духу пуантылізму («Маладая пастушка», 1887—88; «Дзве маці», 1890). З 1890 звярнуўся да сімвалізму. У большасці работ фонам з’яўляецца альпійскі пейзаж. Творам уласцівы дэкар. рытмы, напоўненыя містычнымі або сімвалічнымі элементамі, своеасаблівае асвятленне, якое ўзмацняе падзел тонаў: «Анёл жыцця» (1894), «Любоў да вытокаў жыцця», «Паша вясной» (абодва 1896), «Багіня кахання» (1894—97), «Альпійскі трыпціх» (1886—99), «Партрэт Казірагі Арыяні» (1899).