СЕВЯРГІ́Н (Васіль Міхайлавіч) (19.9.1765, С.-Пецярбург — 29.11.1826),
рускі мінералог і хімік. Скончыў ун-т у Пецярбургу. Удасканальваў веды ў Гётынгенскім ун-це ў Германіі (1785—89). Акад. Пецярбургскай АН (1793). Ганаровы член многіх рус. і замежных навук. т-ваў, у т. л. Віленскага ун-та (1803). У працах «Першыя асновы мінералогіі або натуральнай гісторыі выкапнёвых цел» (кн. 1—2, 1798) і «Спроба мінералагічнага землеапісання Расійскай дзяржавы» (ч. 1—2, 1809) даў самыя поўныя на той час звесткі па мінералогіі, пра мінералы і карысныя выкапні Расіі. Аўтар «Падрабязнага слоўніка мінералагічнага...» (т. 1—2. 1807). Пасля паездак (1802 і 1803) у бел. губерні даў іх прыродазнаўчае і этнагр. апісанне ў «Запісках падарожжа па заходніх правінцыях Расійскай дзяржавы...» (1803) і «Працягу запісак...» (1804).
Літ.:
Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980.
С.А.Кузняева.
т. 14, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)