Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САПУНО́Ў (Аляксей Парфенавіч) (27.3.1851, г.п. Усвяты Пскоўскай вобл., Расія —2.10.1924),

бел. гісторык, археограф, краязнавец. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1873). У 1873—96 настаўнік лац. і грэч. моў у Віцебскай гімназіі. З 1896 архіварыус Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актаў, з 1897 выкладчык Маскоўскага ун-та. У 1901—07 і з 1913 сакратар Віцебскага губ. стат. к-та. У 1907 выбраны дэпутатам ад Віцебскай губ. ў Дзярж. думу 3-га склікання, дзе падтрымліваў акцябрыстаў. З 1918 заг. секцыі дэмаграфіі ў губ. стат. бюро, з 1919 — у Віцебскім губ. архіве. Удзельнік стварэння Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея і Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Адзін з ініцыятараў адкрыцця Віцебскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута, у якім выкладаў у 1911—22 (з 1913 праф.). Даследаваў гісторыю, л-ру, этнаграфію, археаграфію, архітэктуру, фальклор Беларусі, пераважна Падзвіння. Выявіў і зрабіў палеаграфічныя апісанні стараж. рукапісных помнікаў, апісаў Барысавы камяні, архівы Віцебшчыны, Магілёўшчыны, Мінска. Сярод твораў: «Полацкі Сафійскі сабор» (1888), «Дзвінскія або Барысавы камяні» (1890), «Рака Заходняя Дзвіна: Гісторыка-геаграфічны агляд» (1893), «Помнікі часоў старажытных і найноўшых у Віцебскай губерні» (1903), «Універсітэт у Полацку» (1908) і інш. Найб. буйная праца С. — зб. дакументаў «Віцебская даўніна» (т. 1, 4—5, 1883—88).

Літ.:

Стукалич В.К. А.​П.​Сапунов: К 25-летию его ученой и лит. деятельности. Витебск, 1905;

Падліпскі А. Летапісец Віцебшчыны. Мн., 1993.

А.​М.​Філатава.

А.П.Сапуноў.

т. 14, с. 174

САПУНО́Ў (Васіль Андрэевіч) (3.4.1914, в. Чычырына Вожагадскага р-на Валагодскай вобл. — 25.12.1978),

бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Д-р с.-г.н. (1969), праф. (1971). Скончыў Кіраўскі зоавет. ін-т (1938). З 1955 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі (заг. аддзела), з 1963 у Бел. ін-це механізацыі сельскай гаспадаркі (дацэнт, праф., заг. кафедры). Навук. працы па пытаннях кармлення с.-г. жывёл, тэхналогіі нарыхтоўкі і перапрацоўкі кармоў.

т. 14, с. 174

САПФІ́ЗМ,

тое, што лесбіянства.

т. 14, с. 174

САПФІ́Р (грэч. sappheiros ад стараж.-яўр. — сапір, магчыма, ад стараж.-інд. sanipriya літар. — любімы Сатурнам),

мінерал, празрыстая разнавіднасць карунду любога колеру, акрамя чырвонага (гл. Рубін). Сінганія трыганальная. Крышталі выцягнутыя бочкападобныя або дыпірамідальныя. Колер пераважна сіні, а таксама фіялетавы, жоўты, аранжавы (падпараджа), зялёны, ружовы або бясколерны (лейкасапфір). Утвараецца як магматычны мінерал у выглядзе парфіравых украпанікаў у базальтах, лампрафірах, шчолачных пегматытах і пры гідратэрмальна-метасаматычных працэсах. Прамысл. радовішчы — элювіяльныя, элювіяльна-дэлювіяльныя і алювіяльныя россыпы. Прыродны сіні С. — каштоўны камень 1-га парадку, астатнія колерныя разнавіднасці — 2-га парадку. Сінтэзуецца ў прамысл. маштабах. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе, лейкасапфіры — у эл.-тэхн. прам-сці. Радовішчы ў Індыі, Бірме, Танзаніі, Аўстраліі, ЗША і інш.

Сапфір.

т. 14, с. 174

САПФІ́ЧНАЯ СТРАФА́,

від 4-радковай антычнай страфы, што складаецца з трох 11-складовых лагаэдычных радкоў (гл. Лагаэд) і чацвёртага 5-складовага. Названа ў гонар стараж.-грэч. паэтэсы Сапфо, якая вынайшла страфу і шырока карысталася ёю. С.с. імкнуўся імітаваць у некат. вершах Сімяон Полацкі. У сучаснай паэзіі ўдалыя ўзоры імітацыі С.с. трапляюцца ў У.​Дубоўкі:

Вечар... П’яны вечар сваволі-траўня...
Вецер косы ночы расплёў, дуронік...
Салавей пяе над ракой, як слаўна!..
 Сны сніць сасоннік...
Гукі тыя, здані той цёмнай ночы
Кроў крынічаць... Млосць захапляе волю...
Спакусіцель-чорт з нас трубой рагоча:
 «Дзе ж твая доля?» («Здані»).

В.​П.​Рагойша.

т. 14, с. 174

САПФО́, Сафо (грэч. Psappho, лац. Sappho; канец 7 ст. да н.э., г. Эрэс, Грэцыя — 1-я пал. 6 ст. да н.э.),

старажытнагрэчаская паэтэса. У г. Мітылене (в-аў Лесбас) кіравала культавым аб’яднаннем, прысвечаным музам, харытам, Афрадыце: вучыла знатных дзяўчат з усёй Грэцыі і М.​Азіі паэзіі, музыцы, танцам, добрым манерам, рыхтуючы іх да замужжа. Гал. тэмы яе лірыкі — каханне, захапленне хараством сябровак, радасць стасункаў з імі і горыч разлукі, прыгажосць прыроды і ўсяго свету. Адкрыла ў паэзіі свет асабістых перажыванняў, моцных і страсных, пераважна журботных, пачуццяў. Стварала для хароў вясельныя песні (эпіталамы), звязаныя з фалькл. паэтыкай. Пісала на эалійскім дыялекце, выкарыстоўвала розныя метрычныя формы, самая вядомая з якіх — сапфічная страфа. У антычнасці вершы С. былі выдадзены ў 9 кнігах. Поўнасцю захаваўся 1 верш, астатнія ў фрагментах. Іх уплыў зазналі Катул і Гарацый. На бел. мову асобныя яе вершы пераклаў Л.​Баршчэўскі.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Літаратура народаў свету. 4.1. Мн., 1995;

Рус. пер. — у кн.: Античная лирика. М., 1968;

У кн.: Парнас: Антология антич. лирики. М., 1980.

Літ.:

Толстой И.И. Сапфо и тематика ее песен // Статьи о фольклоре. М.; Л., 1966;

Ярхо В.Н., Полонская К.П. Античная лирика. М., 1967;

Бонна р А. Греческая цивилизация: Пер. с фр. М., 1995.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 14, с. 174

Сап’янік Уладзімір Харытонавіч

т. 18, кн. 1, с. 447

САП НЕСАПРА́ЎДНЫ,

тое, што меліяідоз.

т. 14, с. 165

СІСТЭ́МА АЎТАМАТЫЗАВА́НАГА ПРАЕКТАВА́ННЯ (САПР),

комплекс апаратна-праграмных сродкаў для аўтаматызацыі праектавання машын, абсталявання, збудаванняў і інш. З дапамогай САПР ажыццяўляецца распрацоўка праектных рашэнняў на ўсіх стадыях цыкла існавання аб’екта: ад разліку характарыстык запраектаванага вырабу да падрыхтоўкі тэхн. дакументацыі і аналізу вынікаў выпрабаванняў. САПР дазваляе павялічыць якасць канструктарскай дакументацыі і скараціць тэрміны праектавання. Класіфікацыя САПР залежыць ад тыпу вытв-сці і віду праектных аб’ектаў.

САПР уключае забеспячэнні: тэхн. сродкі (ЭВМ, камп’ютэрныя сеткі. графапабудавальнікі, сродкі кадзіравання графічнай інфармацыі і інш), матэм. (тэорыі праектавання вырабаў, матэм. мадэлі, алгарытмічныя мовы, тэрміналогію, метады і алгарытмы сінтэзу, аптымізацыі і рашэння праектных задач і інш.), праграмнае (аперацыйныя сістэмы, транслятары з алгарытмічных моў, пакеты прыкладных праграм), інфармацыйнае (базы даных і сродкі кіравання імі) і інш.

На Беларусі навук. даследаванні і распрацоўкі ў галіне САПР вядуцца ў Ін-тах тэхн. кібернетыкі і механікі машын Нац. АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БПА і інш.

Літ.:

Автоматизация проектирования технологических процессов и средств оснащения. Мн., 1997;

Норенков И.П. Основы автоматизированного проектирования. М., 2000.

У.​І.​Махнач.

т. 14, с. 420