САПФІ́Р (грэч. sappheiros ад стараж.-яўр. — сапір, магчыма, ад стараж.-інд. sanipriya літар. — любімы Сатурнам),

мінерал, празрыстая разнавіднасць карунду любога колеру, акрамя чырвонага (гл. Рубін). Сінганія трыганальная. Крышталі выцягнутыя бочкападобныя або дыпірамідальныя. Колер пераважна сіні, а таксама фіялетавы, жоўты, аранжавы (падпараджа), зялёны, ружовы або бясколерны (лейкасапфір). Утвараецца як магматычны мінерал у выглядзе парфіравых украпанікаў у базальтах, лампрафірах, шчолачных пегматытах і пры гідратэрмальна-метасаматычных працэсах. Прамысл. радовішчы — элювіяльныя, элювіяльна-дэлювіяльныя і алювіяльныя россыпы. Прыродны сіні С. — каштоўны камень 1-га парадку, астатнія колерныя разнавіднасці — 2-га парадку. Сінтэзуецца ў прамысл. маштабах. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе, лейкасапфіры — у эл.-тэхн. прам-сці. Радовішчы ў Індыі, Бірме, Танзаніі, Аўстраліі, ЗША і інш.

Сапфір.

т. 14, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)