САПУНО́Ў (Аляксей Парфенавіч) (27.3.1851, г.п. Усвяты Пскоўскай вобл., Расія —2.10.1924),

бел. гісторык, археограф, краязнавец. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1873). У 1873—96 настаўнік лац. і грэч. моў у Віцебскай гімназіі. З 1896 архіварыус Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актаў, з 1897 выкладчык Маскоўскага ун-та. У 1901—07 і з 1913 сакратар Віцебскага губ. стат. к-та. У 1907 выбраны дэпутатам ад Віцебскай губ. ў Дзярж. думу 3-га склікання, дзе падтрымліваў акцябрыстаў. З 1918 заг. секцыі дэмаграфіі ў губ. стат. бюро, з 1919 — у Віцебскім губ. архіве. Удзельнік стварэння Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея і Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Адзін з ініцыятараў адкрыцця Віцебскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута, у якім выкладаў у 1911—22 (з 1913 праф.). Даследаваў гісторыю, л-ру, этнаграфію, археаграфію, архітэктуру, фальклор Беларусі, пераважна Падзвіння. Выявіў і зрабіў палеаграфічныя апісанні стараж. рукапісных помнікаў, апісаў Барысавы камяні, архівы Віцебшчыны, Магілёўшчыны, Мінска. Сярод твораў: «Полацкі Сафійскі сабор» (1888), «Дзвінскія або Барысавы камяні» (1890), «Рака Заходняя Дзвіна: Гісторыка-геаграфічны агляд» (1893), «Помнікі часоў старажытных і найноўшых у Віцебскай губерні» (1903), «Універсітэт у Полацку» (1908) і інш. Найб. буйная праца С. — зб. дакументаў «Віцебская даўніна» (т. 1, 4—5, 1883—88).

Літ.:

Стукалич В.К. А.​П.​Сапунов: К 25-летию его ученой и лит. деятельности. Витебск, 1905;

Падліпскі А. Летапісец Віцебшчыны. Мн., 1993.

А.​М.​Філатава.

А.П.Сапуноў.

т. 14, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)