ПАКТ РЫБЕНТРО́ПА—МО́ЛАТАВА 1939,
пашыраная назва сав.-герм. дагавора аб ненападзе, падпісанага 23 жн. ў Маскве міністрам замежных спраў Германіі І.Рыбентропам і наркомам замежных спраў СССР В.М.Молатавым тэрмінам на 10 гадоў. Абедзве краіны абавязваліся: не нападаць адна на адну як аднаасобна, так і супольна з інш. краінамі; не дапамагаць трэцяй сіле, якая можа напасці на адну з краін — удзельніц пакта; раіцца адна з адной па пытаннях, якія тычацца іх агульных інтарэсаў; не далучацца да ваен. аб’яднанняў, якія б пагражалі аднаму з бакоў; вырашаць супярэчнасці паміж сабой з дапамогай перагавораў і арбітражу. Да пакта дадаваўся сакрэтны пратакол (ад 23 жн.), паводле якога тэр. тагачаснай Польскай Рэспублікі на У ад рэк Нараў, Вісла і Сан (пераважна ўкр. і бел. землі), а таксама Літва, Латвія, Эстонія, Фінляндыя траплялі ў сав. сферу ўплыву; уздымалася пытанне пра аддзяленне Бесарабіі ад Румыніі. П.Р.—М. палепшыў ваен.-дыпламат. становішча Германіі напярэдадні развязвання ёю 2-й сусв. вайны, даў СССР час для ўмацавання абараназдольнасці, але падарваў яго міжнар. аўтарытэт. Ліга Нацый выключыла СССР са сваіх членаў (снеж. 1939) за вайну супраць Фінляндыі. Пакт спыніў дзеянне пасля нападу Германіі на СССР 22.6.1941. Наяўнасць сакрэтнага пратакола да П.Р.—М. кіраўніцтва СССР да 1989 адмаўляла. Гл. таксама Савецка-германскія пагадненні.
Літ.:
Семиряга М.И Тайны сталинской дипломатии, 1939—1941. М., 1992;
Павлов Я.С. Советско-германские договоры 1939—1941 гг.: трагедия тайных сделок. Мн.. 1996;
Нямецка-савецкі пакт пра ненапад // Спадчына. 1999. № 4.
т. 11, с. 530
ПАКТ ТРОХ ДЗЯРЖА́Ў, Траісты пакт,
дагавор аб ваен. саюзе Германіі, Італіі і Японіі і падзеле імі свету ў 2-ю сусв. вайну. Гл. Берлінскі пакт 1940.
т. 11, с. 530
ПАКУ́ЛЬНЯ,
вёска ў Відзаўскім пас. Савеце Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр калгаса. За 46 км на ПдЗ ад г. Браслаў, 284 км ад Віцебска, 46 км ад чыг. ст. Паставы. 403 ж., 168 двароў (2000). Пагранічны пост. Клуб, б-ка, аддз. сувязі.
т. 11, с. 531
ПАКУПНА́Я ЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
здольнасць грашовай адзінкі быць абмененай на пэўную колькасць тавараў і паслуг; здольнасць насельніцтва абменьваць заробленыя (накопленыя) сродкі на тавары (купіць іх у дзярж., каап. і інш. гандлі) і аплату розных паслуг. П.з. грошай вызначаецца індэксам, адваротным індэксу цэн і тарыфаў на паслугі: калі індэкс цэн і тарыфаў за пэўны час знізіцца, то індэкс П.з. грошай павысіцца (гл. Індэкс пакупной здольнасці). П.з. насельніцтва залежыць ад узроўню аплаты працы, пенсій, стыпендый і інш. выплат, грашовых накапленняў насельніцтва, таксама і ад узроўню цэн на тавары, прадукты харчавання, паслугі, накіраваныя на задавальненне пэўных патрэб чалавека (гл. Узровень жыцця).
У.Р.Залатагораў.
т. 11, с. 531
ПАК ЧЖОН XI (30.9.1917, в. Сангмары, прав. Кёнсан-Пукто, Карэя — 26.10.1979),
ваенны і дзярж. дзеяч Рэспублікі Карэя. Ген.-маёр (1961). Скончыў настаўніцкае вучылішча ў г. Тэгу і ваен. школу ў Токіо (1944). У час 2-й сусв. вайны афіцэр яп. Квантунскай арміі. З 1946 у паўд.-кар. узбр. сілах. Удзельнік карэйскай вайны 1950—53. Узначаліў ваен. пераварот 16.5.1961. У 1961—63 старшыня Вярх. савета нац. рэканструкцыі. У кастр. 1963 выбраны прэзідэнтам Рэспублікі Карэя. Ініцыіраваў эканам. рэформы, якія спрыялі хуткаму эканам. росту краіны, ператварэнню яе ў індустр. дзяржаву. У 1971 увёў у краіне надзвычайнае становішча, дамогся прыняцця новай канстытуцыі, якая скасавала прамыя прэзідэнцкія выбары. Забіты адным з паплечнікаў.
т. 11, с. 531