група парадкаў базідыяльных грыбоў. 11 парадкаў, 23 сям., 145 родаў, больш за 1000 відаў. Пашыраны амаль усюды, пераважна ў цёплых і ўмерана цёплых засушлівых раёнах (стэпах, паўпустынях і пустынях), ёсць трапічныя роды і віды, таксама касмапаліты. На Беларусі 5 парадкаў — нідулярыяльныя, дажджавіковыя, гіменагастральныя, склерадэрматальныя, фаляльныя, 23 роды (найб. вядомыя вясёлка, галавач, гняздоўка, дажджавік, порхаўка, зорачнік, тыгельчык несапраўдны дажджавік, міцэнаструм, гіменагастэр, каранёвец, кілішак, лангерманія), каля 60 відаў. У асноўным глебавыя сапратрофы і ксілатрофы, некаторыя мікарызаўтваральнікі, ёсць каранёвыя паразіты. Растуць у лясах на глебе і подсціле, рэштках драўніны, на лугах і палях. Пладовыя целы з’яўляюцца летам і восенню.
Характэрныя прыкметы гастэраміцэтаў — замкнёнасць пладовых цел да поўнага выспявання базідыяспор. Пладовыя целы сядзячыя або на ножцы, розныя па форме (шара-, клубне-, груша-, яйца-, кубачка-, зоркападобныя і інш.), памерах (дыям. 1—70 см), масе (да 12,5 кг). Бываюць наземныя, паўпадземныя, падземныя. Пладовыя целы ўкрыты адна-, двух- або шматслаёвай абалонкай (перыдыем). Мякаць (глеба) у маладым узросце белая або шараватая, рыхлая, у пераважнай большасці відаў з камерамі, у якіх развіваюцца базідыі з базідыяспорамі, потым парашкападобная, слізкая ад аліўкавага да карычневага колеру, зрэдку застаецца шчыльнай. Сярод гастэраміцэтаў — ядомыя (маладыя галавачы, дажджавікі і інш.), ядавітыя (несапраўдны дажджавік), лек. (вясёлка) грыбы.
ГАСЦІЛО́ВІЧ (Антон Іосіфавіч) (7.11.1902, б. фальварак Пянькоўшчына, Ашмянскі р-н, Гродзенская вобл. — 23.11.1976),
генерал-палкоўнік (1959), д-рваен.н. (1957), праф. (1959). У Чырв. Арміі з 1919. Скончыў Ленінградскую пях. школу (1924), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1931), Генштаба (1937). У Вял.Айч. вайну нач. штаба, камандуючы 17-й арміяй Забайкальскага фронту, з ліст. 1943 камандзір корпуса, камандуючы арміяй на 1-м і 4-м Укр. франтах. Удзельнік Корсунь-Шаўчэнкаўскай аперацыі 1944, баёў у Карпатах, вызвалення Польшчы, Чэхаславакіі. Да 1965 камандуючы арміяй, пам. камандуючага ваен. акругай, на выкладчыцкай рабоце ў Ваен. акадэміі Генштаба, кансультант акадэміі.
1) тракт, бальшак, шаша, упарадкаваная вял. дарога. Звычайна меў шырокую праезную частку, абмежаваную канавамі і абсаджаную абапал дрэвамі, за канавамі — сцежкі для пешаходаў. Вядомы з часоў Кіеўскай Русі, звычайна пракладаліся праз густанаселеныя раёны. У 13—14 ст. на важнейшых дарогах была наладжана служба дастаўкі карэспандэнцыі — загадаў і распараджэнняў улад, пасылак; пазней яна склалася ў рэгулярную паштовую сувязь. Работы па ўпарадкаванні і будаўніцтве гасцінца лічыліся цяжкай феад. павіннасцю. Паштовыя гасцінцы мелі рэгулярную пасаж. сувязь. Уздоўж іх у 19 ст. на адлегласці 17—22 вёрст размяшчаліся станцыі з заезным домам для гасцей, стайняй для коней, карчмой, кузняй і інш. У наш час назва «гасцінец» ужываецца пераважна для старых грунтавых дарог.
2) Устарэлая назва памяшкання для праезджых, гасцініца, карчма.
3) Падарунак, звычайна ласунак, прывезены з кірмашу ці з дарогі.
будынак са спецыялізаванымі памяшканнямі для часовага пражывання асоб, якія прыязджаюць у населены пункт.
Гасцініцы адрозніваюцца: па прызначэнні — агульнага тыпу, ведамасныя, атэлі, бізнес-атэлі, турысцкія для аўтатурыстаў, матэлі, кемпінгі, курортныя, спарт., для транзітных пасажыраў (пры вакзалах); па ўмяшчальнасці — малыя (да 100 месцаў), сярэднія (100—500 месцаў) і вялікія (больш за 500 месцаў); залежна ад узроўню камфорту — «люкс», вышэйшы (А, Б), 1-, 2-, 3- і 4-разрадныя, на захадзе — па колькасці «зорак» — 3-, 4-, 5-зоркавыя гасцініцы; паводле рэжыму эксплуатацыі (круглагадовыя, сезонныя); па месцы знаходжання (горад, пасёлак, курорт і г.д.). У складзе гасцініцы вылучаюць памяшканні: жылыя (нумары), прыёму, сервісу, грамадскага харчавання (кавярня, рэстаран), адм., гаспадарчыя. Пры высокакамфартабельных гасцініцах ёсць памяшканні культ.-масавыя (канцэртныя, выставачныя, канферэнц-залы, б-кі), спарт. аздараўленчыя (басейны, сауны, кегельбаны). Гасцініца ўзнікла ў глыбокай старажытнасці. У Еўропе ролю гасцініцы выконвалі харчэўні, аўстэрыі, заезныя дамы, корчмы; у краінах Пярэдняга Усходу, Сярэдняй Азіі, Закаўказзя — караван-сараі (9—14 ст.). На Беларусі паходзяць ад гасцінага двара.
У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. пераважалі невялікія гасцініцы (5—20 месцаў, сярод іх вылучаліся памерамі «Парыж» у Магілёве, «Еўропа» ў Мінску). У 1930—40-я г. ўзведзены гасцініцы «Свіслач», Бел.ваен. акругі (1941, арх. Г.Якушка) у Мінску, «Дняпро» ў Магілёве і інш. Развіццё культ.-гасп. сувязей, турызму абумовіла буд-ва буйных гасцініц: «Мінск» (арх. Г.Баданаў, Г.Сысоеў, у сааўт.), «Планета», «Кастрычніцкая», «Беларусь» у Мінску, «Гродна» ў Гродне, «Сож» (арх. В.Бурлака) у Гомелі, «Маладзечна» (арх. Крывашэеў) у Маладзечне і інш. Будынкі гасцініц у меншых гарадах (Баранавічы, Ліда, Масты) і сельскай мясцовасці (в. Верцялішкі Гродзенскай вобл.) уваходзяць у склад грамадскіх цэнтраў. Сучасныя гасцініцы вызначаюцца буйнымі пластычнымі арх. формамі, высокім узроўнем вонкавай і ўнутр. аддзелкі. У маст. вырашэнні фасадаў і інтэр’ераў значнасць набывае сінтэз архітэктуры, скульптуры, жывапісу. У 1997 на Беларусі 251 гасцініца на 25 904 месцы (акрамя гасцініц для турыстаў і экскурсій).
В.І.Анікін.
Гасцініца «Еўропа» ў Мінску. Пач. 20 ст.Гасцініца «Гродна» ў Гродне. 1985.
тып грамадскага будынка гандл. прызначэння, які ўключае гандл. і складскія будынкі, жылыя памяшканні гасцінічнага тыпу.
У гарадах Зах. Еўропы былі пашыраны з 14 ст. (Брэмен, Кракаў, Прага). У Расіі гасціныя двары будавалі ў 13—17 ст. для іншаземных купцоў (гасцей) у Маскве, Ноўгарадзе і інш. у выглядзе прамавугольных у плане плошчаў, абнесеных мураванымі або драўлянымі сценамі крапаснога тыпу з вежамі і праязнымі варотамі. Па ўнутр. перыметры да сцен прыбудоўвалі гандл. і складскія памяшканні (звычайна 2-павярховыя), аб’яднаныя адкрытымі галерэямі. У 18—19 ст. з развіццём унутр. рынку будавалі ў выглядзе будынкаў прамавугольнага плана з адкрытымі на вуліцу або гандл. плошчу аркадамі ці каланадамі (Кастрама, С.-Пецярбург) у стылі класіцызму.
На Беларусі пашыраны ў 16—19 ст. (Полацк, Гродна, Віцебск). Драўляны гасціны двор у 18 ст. пабудаваны ў Тураве (Жыткавіцкі р-н Гомельскай вобл.). На аснове гасцінага двара вылучыліся гандлёвыя рады, якія часта злучаліся з ратушамі. Сучасныя гандл. ўстановы маюць шырокую наменклатуру паводле зместу і тыпаў збудаванняў (крамы харч. і прамысл. тавараў, універмагі, універсамы, супермаркеты, гастраномы, спецыялізаваныя крамы, рынкі, гандлёвыя цэнтры, а таксама разнастайныя павільёны, кіёскі, ларкі і інш.). Гандл. ўстановы найчасцей размяшчаюць на 1-х паверхах жылых дамоў на гал. вуліцах гарадоў.
ГАСЦІ́ШЧАЎ (Віктар Іванавіч) (30.1.1931, хутар Брацкі, Валгаградская вобл., Расія — 9.3.1989),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1988). Скончыў Харкаўскае вышэйшае авіяц.-інж. ваеннае вучылішча (1954). З 1962 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні з’яў электроннага пераносу ў металах пры нізкіх т-рах і моцных магн. палях. Эксперыментальна адкрыў з’яву электроннага тармажэння дыслакацый у магн. полі, даказаў кагерэнтны характар электроннага тунэлявання пры магн. прабоі.
ГАСЦЮ́ХІН (Уладзімір Васілевіч) (н. 10.3.1946, г. Екацярынбург, Расія),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1996). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1970). Працаваў у Т-ры Савецкай Арміі. З 1981 акцёр Тэатра-студыі кінаакцёра кінастудыі «Беларусьфільм». У кіно з 1970. Лепшыя работы вызначаюцца арганічнасцю, яркасцю індывід. характарыстык, глыбінёй спасціжэння характараў, дакладнасцю выразных сродкаў у стварэнні вонкавага малюнка ролі. Сярод роляў: Рыбак «Узыходжанне» (паводле аповесці В.Быкава «Сотнікаў»; прыз за лепшую мужчынскую ролю на Міжнар. кінафестывалі ў Сан-Рэма, Італія, 1982), Мяжэнін («Бераг»; Дзярж. прэмія СССР 1985), Сяргей («Урга — тэрыторыя кахання»). На кінастудыі «Беларусьфільм» зняўся ў фільмах: «Нас выбраў час» (Лазутнікаў; прэмія Ленінскага камсамола 1980; тэлевізійны), «Вазьму твой боль» (Іван Батрак; Дзярж. прэмія Беларусі 1982), «Наш браняпоезд» (Мікалай Кузняцоў), «Шляхціц Завальня» (гал. роля) і інш.
ГАСЮ́К Мікалай, бел. гравёр па шкле 18 ст. Родам з в. Налібакі (Стаўбцоўскі р-н). У 1766 гал. рысавальшчык Налібоцкай шкляной мануфактуры Радзівілаў. Гравіраваў кубкі, кілішкі, бакалы, кварты і інш.