ГАСТЭРАМІЦЭ́ТЫ
(Gasteromycetes),
група парадкаў базідыяльных грыбоў. 11 парадкаў, 23 сям., 145 родаў, больш за 1000 відаў. Пашыраны амаль усюды, пераважна ў цёплых і ўмерана цёплых засушлівых раёнах (стэпах, паўпустынях і пустынях), ёсць трапічныя роды і віды, таксама касмапаліты. На Беларусі 5 парадкаў — нідулярыяльныя, дажджавіковыя, гіменагастраялныя, склерадэрматальныя, фаляльныя, 23 роды (найб. вядомыя вясёлка, галавач, гняздоўка, дажджавік, порхаўка, зорачнік, тыгельчык несапраўдны дажджавік, міцэнаструм, гіменагастэр, каранёвец, кілішак, лангерманія), каля 60 відаў. У асноўным глебавыя сапратрофы і ксілатрофы, некаторыя мікарызаўтваральнікі, ёсць каранёвыя паразіты. Растуць у лясах на глебе і подсціле, рэштках драўніны, на лугах і палях. Пладовыя целы з’яўляюцца летам і восенню.
Характэрныя прыкметы гастэраміцэтаў — замкнёнасць пладовых цел да поўнага выспявання базідыяспор. Пладовыя целы сядзячыя або на ножцы, розныя па форме (шара-, клубне-, груша-, яйца-, кубачка-, зоркападобныя і інш.), памерах (дыям. 1—70 см), масе (да 12,5 кі). Бываюць наземныя, паўпадземныя, падземныя. Пладовыя целы ўкрыты адна-, двух- або шматслаёвай абалонкай (перыдыем). Мякаць (глеба) у маладым узросце белая або шараватая, рыхлая, у пераважнай большасці відаў з камерамі, у якіх развіваюцца базідыі з базідыяспорамі, потым парашкападобная, слізкая ад аліўкавага да карычневага колеру, зрэдку застаецца шчыльнай. Сярод гастэраміцэтаў — ядомыя (маладыя галавачы, дажджавікі і інш.), ядавітыя (несапраўдны дажджавік), лек. (вясёлка) грыбы.
В.С.Гапіенка.
т. 5, с. 86