ГАСЦІ́НІЦА,
будынак са спецыялізаванымі памяшканнямі для часовага пражывання асоб, якія прыязджаюць у населены пункт.
Гасцініцы адрозніваюцца: па прызначэнні — агульнага тыпу, ведамасныя, атэлі, бізнес-атэлі, турысцкія для аўтатурыстаў, матэлі, кемпінгі, курортныя, спарт., для транзітных пасажыраў (пры вакзалах); па ўмяшчальнасці — малыя (да 100 месцаў), сярэднія (100—500 месцаў) і вялікія (больш за 500 месцаў); залежна ад узроўню камфорту — «люкс», вышэйшы (А, Б), 1-, 2-, 3- і 4-разрадныя, на захадзе — па колькасці «зорак» — 3-, 4-, 5-зоркавыя гасцініцы; паводле рэжыму эксплуатацыі (круглагадовыя, сезонныя); па месцы знаходжання (горад, пасёлак, курорт і г.д.). У складзе гасцініцы вылучаюць памяшканні: жылыя (нумары), прыёму, сервісу, грамадскага харчавання (кавярня, рэстаран), адм., гаспадарчыя. Пры высокакамфартабельных гасцініцах ёсць памяшканні культ.-масавыя (канцэртныя, выставачныя, канферэнц-залы, б-кі), спарт. аздараўленчыя (басейны, сауны, кегельбаны). Гасцініца ўзнікла ў глыбокай старажытнасці. У Еўропе ролю гасцініцы выконвалі харчэўні, аўстэрыі, заезныя дамы, корчмы; у краінах Пярэдняга Усходу, Сярэдняй Азіі, Закаўказзя — караван-сараі (9—14 ст.). На Беларусі паходзяць ад гасцінага двара.
У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. пераважалі невялікія гасцініцы (5—20 месцаў, сярод іх вылучаліся памерамі «Парыж» у Магілёве, «Еўропа» ў Мінску). У 1930—40-я г. ўзведзены гасцініцы «Свіслач», Бел. ваен. акругі (1941, арх. Г.Якушка) у Мінску, «Дняпро» ў Магілёве і інш. Развіццё культ.-гасп. сувязей, турызму абумовіла буд-ва буйных гасцініц: «Мінск» (арх. Г.Баданаў, Г.Сысоеў, у сааўт.), «Планета», «Кастрычніцкая», «Беларусь» у Мінску, «Гродна» ў Гродне, «Сож» (арх. В.Бурлака) у Гомелі, «Маладзечна» (арх. Крывашэеў) у Маладзечне і інш. Будынкі гасцініц у меншых гарадах (Баранавічы, Ліда, Масты) і сельскай мясцовасці (в. Верцялішкі Гродзенскай вобл.) уваходзяць у склад грамадскіх цэнтраў. Сучасныя гасцініцы вызначаюцца буйнымі пластычнымі арх. формамі, высокім узроўнем вонкавай і ўнутр. аддзелкі. У маст. вырашэнні фасадаў і інтэр’ераў значнасць набывае сінтэз архітэктуры, скульптуры, жывапісу. У 1997 на Беларусі 251 гасцініца на 25 904 месцы (акрамя гасцініц для турыстаў і экскурсій).
В.І.Анікін.
т. 5, с. 86