Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІТКО́ЎСКІ Іван Антонавіч

(2.5.1888, в. Чэрчыцы Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 27.12.1937),

бел. гісторык. Праф. (1932). Скончыў каталіцкую духоўную семінарыю (1912) і 2 курсы духоўнай акадэміі (1914) у Петраградзе. З 1916 вікарый Мазырскага касцёла, у 1918 пазбаўлены духоўнага сану. З 1919 у Чырв. Арміі. У 1920—33 чл. ВКП(б). У 1921 у Аршанскім пав., заг. школы, аддзела агітацыі і прапаганды Сенненскага пав. к-та РКП(б), потым лектар Віцебскіх губкома і губ. сав. парт. школы, прарэктар і выкладчык Віцебскага вет. ін-та. З 1925 у Мінску, выкладчык Камуніст. ун-та імя Леніна, нам. заг. польскага аддзела Інбелкульта АН Беларусі. Нам. дырэктара, з 1932 дырэктар Ін-та польскай пралетарскай культуры. Адначасова заг. кафедры Мінскага пед. ін-та. У 1933 арыштаваны, адбыў 3 гады зняволення ў г. Марыінск (Сібір). У 1937 арыштаваны паўторна, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1959. Аўтар прац па гісторыі нац.-вызв. і рэв.-дэмакр. руху на Беларусі, яго сувязей з рэв. рухам у Польшчы і Расіі, паўстання 1863—63 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве.

У.М.Міхнюк.

т. 4, с. 203

ВІТКО́ЎСКІ Рыгор Антонавіч

(25.8.1923, Мінск — 14.6.1992),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959). Выкладаў у БПІ (1965—86). Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі. Сярод станковых работ: «Восень» (1960), серыі афортаў «Вайна» (1965—67), «На радзіме Янкі Купалы» (1977), трыптыхі «Мінск учора і сёння» (1977), «Героі Мінскага падполля» (1985), «Налівайка ў Магілёве» (1968), «Партрэт народнага артыста СССР Г.І.Цітовіча» (1971). Аформіў і выканаў іл. да рамана В.Форш «Апранутыя ў камень» (1959), кніг «Чырвоная зорка» А.Вольскага (1961), «Над Нёманам» У.Дадзіёмава (1962), зб. апавяданняў М.Лынькова (1966). Значнае месца ў яго творчасці займаў пейзаж: «Браслаўшчына», цыкл акварэлей «Байкал» (1970-я г.). Аўтар каляровых літаграфій «Крыніцы натхнення», «Развітанне» (1983) і інш.

т. 4, с. 203

ВІТРА́Ж

(франц. vitrage ад лац. vitrum шкло),

арнаментальная або сюжэтная дэкар. кампазіцыя са шкла ці інш. матэрыялаў, якія прапускаюць святло (у акне, дзвярах, у выглядзе самаст. пано).

Вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце. З 1 ст. да н.э. ў Стараж. Рыме. У 10—12 ст. у раманскіх храмах Францыі (сабор Нотр-Дам у Шартры, да 1260) і Германіі з’явіліся сюжэтныя вітражы з кавалачкаў каляровага (чырвонага і сіняга) шкла, выразаных па контуры выяў і змацаваных свінцовымі палоскамі. Былі пашыраны кампазіцыі, дзе выявы святых займалі амаль увесь аконны праём, і кампазіцыі ў форме медальёнаў (уся плошча акна запаўнялася закампанаванымі невял. дэталямі). У 12—14 ст. узбагаціўся колеравы набор шкла, разам з рэліг. сцэнамі ствараліся бытавыя. У 14—15 ст. мастацтва вітража актыўна развівалася ў Англіі (Вестмінстэрскае абацтва ў Лондане), Італіі (сабор у Мілане), Польшчы, Швейцарыі. Паступова ў вітражы ўсё большую ролю адыгрывала размалёўка, ён траціў спецыфічную плоскаснасць, формы драбнелі. У эпоху Адраджэння вітражом называлі і жывапіс па шкле. У 16 ст. для аздаблення інтэр’ераў выкарыстоўвалі аднатонныя вітражы са свецкімі сюжэтамі. У эпоху барока і класіцызму вітраж амаль знікае. З 2-й пал. 19 ст. цікавасць да вітража павышаецца. Імкненне да падкрэсленай эмацыянальнай выразнасці інтэр’ера спарадзіла вітраж мадэрну. Мастакі 20 ст. ўключаюць свае кампазіцыі ў адзіную сістэму дэкору інтэр’ера, надаючы ім ролю асн. кампанента маст. выразнасці. З 1950-х г. развіваюцца вітражы-перагародкі, вітражы-пано. Вітраж складаюць з кавалачкаў каляровага і бясколернага шкла, з маналітнага шкла з размалёўкай запечанымі фарбамі, трохслаёвыя з арган. шкла, з тоўстага колатага шкла і каляровых люстэркаў, якія манціруюць на цэменце або жалезабетоне, арміруюць свінцовай, стальной або пластмасавай стужкай. Дэкар. апрацоўку шкла для вітража робяць пескаструменным спосабам, каляровым траўленнем, адліўкай і прасаваннем, што дае магчымасць больш поўна выяўляць магчымасці шкла (празрыстасць, шурпатасць, зіхатлівасць). Тэматыка вітража часта адпавядае прызначэнню будынка.

На Беларусі вітражы вядомы з 15—16 ст. (у капліцах фарнага касцёла ў Навагрудку, касцёле бернардзінцаў у Гродне). Вітражы пашыраны і ў сучасным манум.-дэкар. мастацтве: паяны вітраж у інтэр’еры касцёла Сымона і Алены (1974, Г.Вашчанка), Доме літаратара (1976, У.Стальмашонак), у адм. будынку ВА «Гарызонт» (1982, Н.Шчасная), кінатэатры «Масква» (1980, Г. і М.Вашчанкі); з выкарыстаннем размалёўкі эпаксіднымі смоламі — у Т-ры юнага гледача (1978, У.Ткачоў, В.Нямцоў), з алюмініевай працяжкай у Рус. драм. т-ры (1976), на паштамце (1980; абодва В.Позняк; усе ў Мінску). У камбінаванай тэхніцы (ліццё, размалёўка, паяны з алюмініевай працяжкай) выкананы вітраж ў кінатэатры «Радзіма» ў г. Маладзечна (1982, В.Ціханаў, В.Барабанцаў), вітраж «Прырода» ў Ін-це батанікі АН Беларусі (1984, Барабанцаў), у Палацы піянераў у Брэсце (1989) і санаторыі «Радон» у в. Дзятлава Гродзенскай вобл. (1993, абодва Позняк і інш.

Л.Г.Лапцэвіч.

т. 4, с. 204

ВІТРУ́ВІЙ

(Vitruvius),

рымскі архітэктар і інжынер 2-й пал. 1 ст. да н.э. Аўтар «Дзесяці кніг пра архітэктуру» — першай буд.-тэхн. энцыклапедыі, што захавалася. Трактат Вітрувія істотна паўплываў на засваенне ант. спадчыны, фарміраванне эстэтыкі і тэорыі архітэктуры ў эпоху Адраджэння; у 19 ст. быў важным дапаможнікам для археолагаў, крыніцай звестак пра ант. помнікі, архітэктараў і іх тэарэт. працы. Ён сфармуляваў «тры законы» архітэктуры, т.зв. трыяду Вітрувія: трываласць, карысць, прыгажосць (firmitas, utilitas, venustas).

т. 4, с. 204

ВІТРЫ́НА

(франц. vitrine ад лац. vitrum шкло),

1) спецыяльнае акно ў магазіне для паказу тавараў.

2) Зашклёныя шафы, скрынкі для паказу розных экспанатаў у музеях і інш. установах. Для вітрыны вырабляецца спец. шкло павышанай трываласці («вітрыннае»).

т. 4, с. 205

ВІТРЭ́Н

(ад лац. vitrum шкло),

састаўная частка вуглёў выкапнёвых, характэрная для гумалітаў. Паводле хім. уласцівасцей падобны на гумусавыя рэчывы тарфоў. Колер чорны, мае моцны бляск, ракавінны або згладжаны злом. Крохкі. Утвараецца пры змене лігнінава-цэлюлозных тканак раслін у выніку раскладання ва ўмовах абводненых тарфяных балот пры недахопе кіслароду. У вуглях утварае лінзы і слаі. Асн. носьбіт спякаючых уласцівасцей выкапнёвых вуглёў.

т. 4, с. 205

ВІТУ́НІЧЫ,

вёска ў Бярозаўскім с/с Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 22 км ад Докшыц, 230 км ад Віцебска, 32 км ад чыг. ст. Параф’янава. 429 ж., 152 двары (1996).

Упершыню згадваюцца ў 1567. У розны час належалі Манівідам, А.Судзімонтавічу, С.Б.Мантоўту, Хмялеўскім, Карказевічам, Навамейскім і інш. У 17 ст. Вітунічы — невял. мястэчка (32 мяшчанскія пляцы), дзе быў панскі фальварак (20 валок). У 2-й пал. 19 ст. — цэнтр воласці Барысаўскага пав. Мінскай губ., сяло з царквой. З 1924 вёска — цэнтр сельсавета ў Бягомльскім р-не. У Вял. Айч. вайну 30.5.1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі вёску, загубілі 124 жыхары. З 1960 у Докшыцкім р-не. 190 ж. (1970).

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік ахвярам фашызму. Паблізу вёскі знаходзіўся каменны крыж з надпісам «Rex Stefan Batory» («Кароль Стафан Баторый»; зберагаецца ў Музеі валуноў Ін-та геал. навук АН Беларусі ў Мінску).

т. 4, с. 205

ВІТУ́ШКА Міхась Апанасавіч

(1907, г. Нясвіж Мінскай вобл. — ?),

бел. паліт. і вайсковы дзеяч. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1930), вучыўся ў Пражскім ун-це і Варшаўскім політэхн. ін-це. У 1930-я г. ўваходзіў у кіраўніцтва Аб’яднання бел. студэнцкіх арг-цый у Празе, Варшаўскага асв. т-ва беларусаў. Напярэдадні Вял. Айч. вайны ўступіў у кантакт з абверам, вёў дыверсійную работу ў Зах. Беларусі. У час вайны актыўна супрацоўнічаў з гітлераўцамі, арганізоўваў атрады Бел. самааховы на Браншчыне, Смаленшчыне і Магілёўшчыне, удзельнічаў у баях супраць сав. партызан. Адзін з лідэраў Бел. незалежніцкай партыі, маёр Бел. краёвай абароны. Удзельнік 2-га Усебел. кангрэса (чэрв. 1944, Мінск). З ліп. 1944 выкладчык дыверсійна-разведвальнага батальёна «Дальвіц», камандзір яго спецатрада. 17.11.1944 атрад Вітушкі закінуты фашыстамі ў Налібоцкую пушчу. З вясны 1945 кіраўнік т.зв. партызанскай Бел. вызв. арміі (інш. назва «Чорны кот»). Далейшы лёс невядомы.

С.І.Ёрш.

т. 4, с. 205

Вітушка Уладзімір Аляксандравіч

т. 18, кн. 1, с. 364

Вітчанка Аляксандр Мікалаевіч

т. 18, кн. 1, с. 364