Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІНЕ́Я

(ад лац. vinea асадны навес),

прыстасаванне, якое выкарыстоўвалася стараж.-рым. арміяй у час аблогі ўмацаванняў. Уяўляла сабой лёгкае збудаванне на катках са сценамі і дахам з плеці або дошак, накрытымі шкурамі або дзёрнам. Бакавыя сцены мелі дзверы і амбразуры. У час руху вінеі да ўмацавання або сцяны крэпасці ззаду прыстаўляліся іншыя вінеі — атрымліваўся крыты ход. Наперадзе ставілася вінея большага памеру з нахіленым шчытом спераду, прызначаная для размяшчэння тарана.

т. 4, с. 184

ВІНІ́Л,

аднавалентны астатак (радыкал) этылену CH2==CH—, які ўводзяць у малекулы арган. злучэнняў замяшчэннем атама вадароду.

т. 4, с. 184

ВІНІ́ЛАВЫЯ ЭФІ́РЫ,

ненасычаныя эфіры, простыя CH2=CHOR і складаныя CH2==CH—OCOR (R — алкіл ці арыл). Бясколерныя вадкасці, добра раствараюцца ў арган. растваральніках, дрэнна — у вадзе. Хімічна актыўныя злучэнні, лёгка далучаюць галагены, галагенавадароды і інш. Атрымліваюць узаемадзеяннем ацэтылену са спіртамі і карбонавымі кіслотамі. Выкарыстоўваюцца як манамеры ў вытв-сці палімераў (напр., полівінілацэтат) і супалімераў.

т. 4, с. 184

ВІНІЛАЦЭТА́Т,

складаны вінілавы эфір воцатнай кіслаты, CH3 COOCH—CH2 CH3COOCH=CH2. Бясколерная вадкасць, tкіп 72,7 °C, шчыльн. 934,2 кг/м³ (20 °C). Раствараецца ў спірце і эфіры. Лёгка полімерызуецца (з утварэннем полівінілацэтату) і суполімерызуецца (напр., са стыролам, этыленам, вінілхларыдам). У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем воцатнай кіслаты і ацэтылену ў прысутнасці каталізатараў. Палімеры вінілацэтату выкарыстоўваюцца ў вытв-сці пластмас, лакаў, клею і інш. Аказвае слёзацечнае ўздзеянне, ГДК 10 мг/м³.

т. 4, с. 184

ВІНІЛАЦЭТЫЛЕ́Н,

ненасычаны вуглевадарод, H2C==CH—C≡CH. Бясколерны газ, tкіп 5 °C, шчыльн. 709,5 кг/м³ (0 °C), добра раствараецца ў бензоле і інш. арган, растваральніках. Мае выключную хім. актыўнасць: лёгка акісляецца, здольны да рэакцый далучэння, замяшчэння, полімерызацыі. У прам-сці атрымліваюць дымерызацыяй ацэтылену ў прысутнасці каталізатара. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці хларапрэну. Раздражняе слізістыя абалонкі, аказвае наркатычнае ўздзеянне, ГДК 20 мг/м³.

т. 4, с. 184

ВІНІЛБЕНЗО́Л,

гл. Стырол.

т. 4, с. 184

ВІНІЛХЛАРЫ́Д,

хлорысты вініл, монахлорэтылен, найпрасцейшы хлоралкен, CH2=CHCl. Бясколерны газ з эфірным пахам, tкіп -13,8 °C, шчыльн. 983 кг/м³ (-20 °C), добра раствараецца ў эфіры, хлараформе, дыхлорэтане. Гаручы (т-ра загарання -61°C), сумесь з паветрам (3,6—33% вінілхларыду) выбухованебяспечная. Лёгка далучае галагены, галагенавадароды і інш., полімерызуецца і суполімерызуецца. У прам-сці атрымліваюць гідрахлараваннем ацэтылену ў паравой фазе (каталізатар сулема на вугалі) ці дэгідрахлараваннем дыхлорэтану. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці полівінілхларыду і супалімераў з інш. вінільнымі злучэннямі.

т. 4, с. 184

ВІ́НІПЕГ,

Уініпег (Winnipeg), возера на Пд Канады. Размешчана на выш. 217 м. Пл. 24,3 тыс. км². Даўж. 442 км, шыр. каля 100 км, глыб. да 28 м. У Вініпег упадаюць рэкі Саскачэван, Рэд-Рывер, выцякае р. Нельсан. На беразе Вініпега парк Уайтшэл з арніталагічным заказнікам. Суднаходства. Рыбалоўства.

т. 4, с. 184

ВІ́НІПЕГ,

Уініпег (Winnipeg), горад на Пд Канады, на р. Асінібайн пры яе ўпадзенні ў р. Рэд-Рывер. Адм. ц. правінцыі Манітоба. Першае паселішча еўрапейцаў на месцы Вініпега засн. ў 1738; назву атрымаў у 1873. 652,4 тыс. ж. (1993). Важны вузел трансканадскіх чыгунак і шашэйных дарог. Міжнар. аэрапорт. Гандлёва-размеркавальны цэнтр стэпавых тэрыторый Канады. Рынак збожжа (пераважна пшаніцы) сусв. значэння. Харч. (мясакансервавая, мукамольная, малочная, маслабойная), швейная, мэблевая, паліграф., хім., электратэхн., нафтаперапр., металаапр., маш.-буд. прам-сць. 2 ун-ты.

т. 4, с. 184

ВІНІПЕГО́СІС

(Winnipegosis),

возера на Пд Канады. Размешчана на выш. 252 м. Пл. 5,4 тыс. км². Даўж. 196 км, шыр. каля 28 км, глыб. да 12 м. Злучаецца рэкамі з азёрамі Вініпег і Манітоба. Рыбалоўства.

т. 4, с. 184