ВІ́ЛЕНСКАЯ АРХЕАЛАГІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ,
навукова-асветная ўстанова ў 1855—65, якая займалася зборам і даследаваннем помнікаў старажытнасці на тэр. Беларусі і Літвы. Створана па ініцыятыве Я.П.Тышкевіча пры Віленскім музеі старажытнасцей. У склад камісіі ўваходзілі Я.П.Тышкевіч (старшыня), М.І.Балінскі (віцэ-старшыня), А.К.Кіркор, І.Крашэўскі, Т.Нарбут, А.С.Плятар, У.Сыракомля, К.П.Тышкевіч і інш. Збірала матэрыялы па гісторыі краю, вывучала матэр. і духоўную культуру паводле «Праграмы дзеянняў», складзенай Я.П.Тышкевічам. Камісія выпускала «Записки Виленской археологической комиссии», краязн. працы, праводзіла абмен навук. інфармацыяй, кнігамі, наладжвала сустрэчы з навук. арг-цыямі Англіі, Даніі, Расіі, Францыі, Швейцарыі, Швецыі і інш. краін. Пасля паўстання 1863—64 паводле загаду ген.-губернатара М.М.Мураўёва яна закрыта.
Г.А.Каханоўскі.
т. 4, с. 163
ВІ́ЛЕНСКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ,
антыўрадавая тайная арг-цыя на Беларусі і ў Літве ў 1796—97. Засн. ў Вільні вясной 1796 для барацьбы за адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 на аснове Канстытуцыі 3 мая 1791. Мела праграму «Акт Віленскага паўстання» (1797) і статут «Артыкулы членам асацыяцыі». Асацыяцыя ўключала пераважна прадстаўнікоў шляхты і каталіцкага духавенства, яе ўзначальвалі ксяндзы Ф.Цяцерскі і В.Зюлкоўскі, жыхар мяст. Камень Мінскай губ. С.Юдзіцкі. На месцах утвараліся таварыствы-адгалінаванні («асацыяцыі» не больш за 15 чал.), якія падзяляліся на аддзелы («дэцэзіі» па 4—5 чал.). Восенню 1797 Віленская асацыяцыя раскрыта царскімі ўладамі. Па справе праходзіла больш за 70 чал. Усе ўдзельнікі Віленскай асацыяцыі прыгавораны сенатам да смяротнай кары. Паводле загаду імператара Паўла І яна заменена цялеснымі пакараннямі і катаржнымі работамі.
С.В.Таляронак.
т. 4, с. 163
ВІ́ЛЕНСКАЯ АСТРАНАМІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ,
адна з найстарэйшых астранамічных абсерваторый у Еўропе. Засн. ў 1753 у Вільні.
Адным з арганізатараў і першым дырэктарам (1765—1807) быў М.Пачобут-Адляніцкі. У абсерваторыі ў розны час працавалі астраном Я.Снядэцкі, П.Славінскі, М.Глушневіч, М.М.Гусеў, Я.Я.Саблер, П.М.Смыслоў і інш., навук. і асветніцкая дзейнасць якіх адыграла станоўчую ролю ў пашырэнні на Беларусі і ў Літве прыродазнаўчых ведаў. У 1753—65 Віленская астранамічная абсерваторыя існавала як астр. кабінет, абсталяваны найпрасцейшымі прыладамі. Пасля набыцця больш дасканалых астр. інструментаў з 1773 вяліся сістэм. назіранні планет, астэроідаў, камет, зацьменняў Сонца і Месяца, пакрыццяў зорак Месяцам. Першая ў Расіі пачала астрафіз. даследаванні: з 1864 асн. яе кірункам стала вывучэнне фатаграфічнымі метадамі паверхні Месяца і фіз. з’яў, што адбываюцца на Сонцы. Вяла таксама метэаралагічныя назіранні; віленскія астраномы прымалі ўдзел у вызначэнні геагр. каардынат населеных пунктаў і ў геад. экспедыцыях на тэр. Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Курляндскай губерняў. Абсерваторыя мела вял. б-ку, у 1838—46 выдавала свае навук. працы. Спыніла дзейнасць пасля пажару 1876. У 1940 утворана астр. абсерваторыя пры Вільнюскім ун-це.
Літ.:
Славенас П.В. Астрономия в высшей школе Литвы XVI—XIX вв. // Иторико-астрономические исследования. М., 1955. Вып. 1.
А.І.Болсун.
т. 4, с. 163
ВІ́ЛЕНСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,
адна з першых бел. сярэдніх навуч. устаноў у Зах. Беларусі. Існавала ў 1919—44 у Вільні. Засн. па ініцыятыве І.Луцкевіча. У розны час дырэктарамі гімназіі былі М.Анцукевіч, Р.Астроўскі, Ф.Грышкевіч, В.Кавалевіч, Кахановіч (1-ы дырэктар), А.Міхалевіч, А.Нэканда-Трэпка, С.Паўловіч, Станкевіч, Б.Тарашкевіч. Мела на мэце захаванне бел. нац. самабытнасці, выхаванне патрыят. пачуццяў, развіццё роднай мовы, пашырэнне дэмакр. і гуманіст. поглядаў. Акрамя беларусаў вучыліся рускія і яўрэі. Гімназія імкнулася захаваць нац. характар, усе прадметы ва ўсіх класах выкладаліся на бел. мове. Але з 2-га года навучання ўведзена вывучэнне і польскай мовы, на ёй выкладаліся геаграфія і гісторыя Польшчы. У 1932/33 навуч. г. стала дзяржаўнай, што, з аднаго боку, забяспечвала трывалую матэрыяльную базу, з другога — пазбавіла незалежнасці (стала філіялам польскай гімназіі імя Ю.Славацкага). У ліст. 1939 Вільня перададзена сав. урадам Літве, гімназія была рэарганізавана ў прагімназію, а ў 1940/41 навуч. г., калі Літва ўвайшла ў склад СССР, стала няпоўнай сярэдняй школай. Дзейнічала і ў перыяд ням.-фаш. акупацыі. У крас. 1944 спыніла існаванне.
Л.А.Луцкевіч.
т. 4, с. 163
ВІ́ЛЕНСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА
(ВБР),
каардынацыйны цэнтр бел. паліт. і грамадскіх арг-цый у студз. 1918 — чэрв. 1919. Выбрана на Беларускай канферэнцыі 1918 і замяніла сабой Беларускі народны камітэт. Старшыня А.І.Луцкевіч. З абвяшчэннем незалежнасці Літ. Рэспублікі ВБР стала цалкам на незалежніцкія пазіцыі. 19.2.1918 прыняла пастанову, паводле якой сувязь паміж Расіяй і Беларуссю абвяшчалася парванай. Вітала абвяшчэнне 9.3.1918 БНР. 6 членаў ВБР (В.Ю.Ластоўскі, А. і І.Луцкевічы, Я.Станкевіч і інш.) былі кааптаваны ў Раду БНР і прынялі ўдзел у складанні 3-й Устаўнай граматы БНР. У снеж. 1918 9 членаў ВБР (Ластоўскі, І.Луцкевіч і інш.) увайшлі ў склад Літ. Тарыбы. З прыходам у Вільню Чырв. Арміі дзейнасць ВБР практычна спынена. Пасля акупацыі горада польск. войскамі ў крас. 1918 ВБР звярнулася да Ю.Пілсудскага з дэкларацыяй, у якой выказвала надзею, што ён дапаможа аднавіць незалежную Беларусь у яе этнічных межах і дазволіць дзейнасць Рады БНР. Спыніла існаванне пасля стварэння Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны.
А.М.Сідарэвіч.
т. 4, с. 164
ВІ́ЛЕНСКАЯ БРА́ЦКАЯ ДРУКА́РНЯ,
Віленская Святадухаўская друкарня. Існавала ў 16—18 ст. у Вільні пры манастыры Святога Духа. З’яўлялася выдавецкім прадпрыемствам правасл. царквы ВКЛ. Выдавецкая дзейнасць дазволена прывілеямі Жыгімонта III Вазы ад 1589 і 1592 на друкаванне розных кніг «па грэцку, славянску, руску і польску». Першае вядомае выданне выйшла ў 1595. У 1610 друкарня закрыта. Брацтва ажыццяўляла сваю выдавецкую дзейнасць у Еўінскай друкарні. Дзейнасць Віленскай брацкай друкарні аднавілася ў 1615 і працягвалася да 1749, калі пажар знішчыў манастыр Святога Духа. Выдавала тэксты Святога пісання, школьныя падручнікі, богаслужэбныя кнігі, палемічную л-ру. У 1589—1610 выдадзены творы М.Сматрыцкага, С. і Л.Зізаніяў. Для аздобы кніг выкарыстоўваліся арнаментальныя гравюры і застаўкі, рамкі з расліннымі і геам. матывамі, геральдычныя гравюры (гербы Астрожскіх, Валовічаў, Агінскіх і інш.). У польскамоўных выданнях пераважаюць гатычныя ініцыялы.
М.В.Нікалаеў, М.І.Ткачэнка.
т. 4, с. 164
ВІ́ЛЕНСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў 1795—91 і 1801—1920 на тэр. Літвы і Беларусі (да 1840 Літоўска-Віленская губерня). Цэнтр — г. Вільня. Утворана пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795). 6.2.1797 зліта са Слонімскай губ. у адну Літоўскую губерню. Адноўлена паводле ўказа Аляксандра І (9.9.1801) пры падзеле апошняй на Гродзенскую і Віленскую губ. Уключала 11 паветаў: Ашмянскі, Браслаўскі (Новааляксандраўскі), Віленскі, Вількамірскі, Завілейскі, Ковенскі, Расіенскі, Трокскі, Упіцкі (Панявежскі), Цяльшэўскі і Шавельскі. У 1843 частка паветаў перададзена новаўтворанай Ковенскай губ. У складзе Віленскай губерні засталіся: Ашмянскі, Віленскі, Свянцянскі (Завілейскі) і Трокскі пав.; да іх далучаны з Гродзенскай губ. Лідскі, з Мінскай губ. — Дзісенскі і Вілейскі пав. Уваходзіла ў Віленскае генерал-губернатарства. Паводле перапісу 1897, нас. 1591,2 тыс. чал., з іх 56% беларусаў, 17,6 літоўцаў, 12,7 яўрэяў, 8,2% палякаў; паводле веравызнання: 58,8% католікаў, 27,7 праваслаўных, 12,9% іудзеяў. У 1915 пл. губерні 36 825 кв. вёрст, нас. 2083 тыс. чал. У 1920 большая частка Віленскай губерні склала Віленскае ваяводства; астатняя тэр. адышла да Літвы, невял. частка Вілейскага пав. — да БССР.
Г.В.Кісялёў.
т. 4, с. 164
ВІ́ЛЕНСКАЯ ДЫЯЦЭ́ЗІЯ,
гл. Віленская рымска-каталіцкая епархія.
т. 4, с. 164
ВІ́ЛЕНСКАЯ ЕЗУІ́ЦКАЯ АКАДЭ́МІЯ,
назва Віленскага універсітэта ў 1579—1773.
т. 4, с. 164
ВІ́ЛЕНСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,
саюз шляхты ў ВКЛ супраць палітыкі абсалютызму, што намагаўся ўвесці ў Рэчы Паспалітай кароль Аўгуст II Моцны. Створана 23.3.1716 на шляхецкім з’ездзе ў Вільні. Яе маршалкам выбраны ашмянскі харунжы К.Сулістроўскі. Віленская канфедэрацыя далучылася да Тарнагродскай канфедэрацыі, якая патрабавала вываду саксонскіх войск з Рэчы Паспалітай. Падтрымалі Віленскую канфедэрацыю войска ВКЛ, магнаты, якія і да гэтага выступалі за абмежаванне ўлады караля. Атрады канфедэратаў змагаліся з каралеўскімі войскамі на тэр. ўсёй Рэчы Паспалітай. 3.11.1716 пры пасрэдніцтве рас. дыпламатаў паміж каралём і абедзвюма канфедэрацыямі падпісана пагадненне, паводле якога саксонскія войскі выводзіліся з Рэчы Паспалітай, улада караля абмежавана (не меў права пачынаць вайну без згоды сейма, арыштоўваць шляхціца без суда, раздаваць пасады чужаземцам і некатолікам), а правы шляхты пашыраліся (пацверджана права ліберум вета, абмежавана вайсковая ўлада гетманаў). Пагадненне зацверджана Нямым сеймам 1717.
А.П.Грыцкевіч.
т. 4, с. 164