ВІДЭАФІ́ЛЬМ,
фільм, запісаны на відэамагнітафоннай стужцы, а не на кінаплёнцы. Узнік у 1970-я г. на тэлебачанні. Жанры разнастайныя: маст., навук.-папулярныя, дакумент.-публіцыстычныя, хранік. і інш. У параўнанні з кінафільмамі мае шэраг пераваг у эстэт. і тэхнал.-вытв. аспекце (мнагакамерны метад здымкі, электронны мантаж, спецэфекты, што даюць магчымасць атрымаць камбінаваны кадр любой складанасці, шматразовае выкарыстанне для запісу магнітнай плёнкі і інш.).
т. 4, с. 144
ВІ́ДЭМАН
(Wiedemann) Густаў Генрых (2.10.1826, Берлін — 23.2.1899),
нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай (1879) і Пецярбургскай (1883) АН. Скончыў Берлінскі ун-т (1874). У 1854—63 праф. Базельскага, з 1871 Лейпцыгскага ун-таў. Навук. працы па электрычнасці, магнетызме, цеплавых з’явах і оптыцы. У 1853 разам з ням. фізікам Р.Францам устанавіў суадносіны паміж цепла- і электраправоднасцю металаў (Відэмана—Франца закон). У 1858 адкрыў эфект закручвання ферамагнітнага стрыжня з токам пры яго намагнічванні ўздоўж восі (Відэмана эфект). Заснавальнік Берлінскага фіз. т-ва. Аўтар першага фундаментальнага даведніка па электрычнасці.
т. 4, с. 144
ВІ́ДЭМАНА—ФРА́НЦА ЗАКО́Н,
фізічная заканамернасць, што звязвае цеплашправоднасць і электраправоднасць металаў. Устаноўлены ў 1853 ням. фізікамі Т.Відэманам і Р.Францам і ўдакладнены ў 1881 дацкім фізікам Л.Лорэнцам. Паводле Відэмана—Франца закона для ўсіх металаў адносіны каэфіцыента цеплаправоднасці χ (дакладней, яе электроннай складальнай) да іх удзельнай электраправоднасці σ прама прапарцыянальныя абс. т-ры T: χ/σ = LT, дзе L — лік Лорэнца, аднолькавы для ўсіх металаў. Узаемная сувязь эл. праводнасці і цеплаправоднасці тлумачыцца тым, што гэтыя характарыстыкі металаў абумоўлены рухам свабодных электронаў. Відэмана—Франца закон выконваецца для большасці металаў у шырокім інтэрвале т-р, а таксама для паўправаднікоў (лік Лорэнца ў гэтым выпадку залежыць ад механізма рассеяння носьбітаў зараду).
т. 4, с. 144
ВІ́ДЭМАНА ЭФЕ́КТ,
закручванне ферамагнітнага стрыжня з токам пры яго намагнічванні ўздоўж восі. Адкрыты Г.Відэманам. Відэмана эфект — адно з праяўленняў магнітастрыкцыі ў полі, утвораным складаннем падоўжнага магн. поля і кругавога магн. поля, якое ствараецца эл. токам. Пры пераменным эл. току ці магн. полі адбываюцца круцільныя ваганні стрыжня.
т. 4, с. 144
ВІ́ДЭРБЕРГ
(Widerberg) Бу (н. 8.6.1930, г. Мальмё, Швецыя),
шведскі кінарэжысёр; адзін з пачынальнікаў т.зв. новага шведскага кіно. У фільмах «Дзіцячая каляска» (1962), «Варонін квартал», «Каханне, 65» (1965), «Прывітанне, Раланд!» (1966) цікавасць да сац. праблем, духоўнага свету пасляваен. пакалення, пошукі новай кінематаграфічнай формы. Сярод фільмаў: «Эльвіра Мадзіган» (1967), «Джо Хіл» (1971), «Змяіная сцежка» (1986), камедыя «Сапляк» (1974), дэтэктыў «Чалавек на даху». Аўтар кн. «Панарама шведскага кіно» (1962).
т. 4, с. 144
ВІД ЛІТАРАТУ́РНЫ,
устойлівая форма развіцця літаратуры, якая склалася гістарычна як адна з праяў роду літаратурнага (эпасу, лірыкі, драмы). Вылучаюць асн. віды эпасу — эпапея, раман, аповесць, апавяданне, нарыс, казка і інш., лірыкі — верш, паэма, песня, дыфірамб, элегія і інш., драмы — трагедыя, драма, камедыя. Від літаратурны непасрэдна выяўляе ўзаемасувязь паміж тэмай, ідэяй твора і іх маст. увасабленнем, стылем твора. Таму ў развіцці віду адлюстроўваюцца жыццёвыя і літ. з’явы, якім ён абавязаны сваім узнікненнем, існаваннем. Склаўшыся як пэўная форма літ. твораў, від літаратурны валодае адносна ўстойлівымі кампазіцыйнымі адзнакамі або адзінствам праблематыкі, пафасу. Напр., раман, аповесць, апавяданне вызначаюцца як вялікая, сярэдняя і малая формы, у вызначэнні віду ў лірыцы і драматургіі ўлічваюцца найперш тэматычныя асаблівасці твораў аднаго віду або характар іх пафасу (камедыя, трагедыя, ода, элегія, дыфірамб). Від літаратурны ў сваю чаргу мае свае падвіды, або жанравыя формы (напр., адрозніваюцца раманы філас., псіхал., быт., гіст., дэтэктыўны і інш.). У сучасным літ.-знаўстве часам адбываецца атаясамліванне паняццяў від літаратурны і жанр літаратурны з-за цяжкасці іх тэарэт. размежавання.
М.А.Лазарук.
т. 4, с. 140