Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ВІДАЎТВАРЭ́ННЕ,

працэс узнікнення новых біял. відаў і змяненне іх з цягам часу. Аснова відаўтварэння — спадчынная зменлівасць арганізмаў і натуральны адбор. Часта віды ўтвараюцца з продкавай формы шляхам яе раздзялення на некалькі новых. Адрозніваюць відаўтварэнне шляхам алапатрыі, сімпатрыі, скачкападобнае (выбуховае), звязанае з адаптыўнай радыяцыяй, і інш. яго формы. Прычыны, механізмы і скорасці відаўтварэння недастаткова высветлены.

Першую тэорыю відаўтварэння распрацаваў Ж.Б.Ламарк (1809). Заснавальнікам матэрыяліст. тэорыі відаўтварэння з’яўляецца Ч.​Дарвін (1859), які распрацаваў канцэпцыю дывергенцыі. Паводле сучаснага эвалюцыйнага вучэння (гл. Эвалюцыі сінтэтычная тэорыя) відаўтварэнне звычайна адбываецца пад кантролем дызруптыўнага адбору (спрыяе захоўванню крайніх фенатыпаў і элімінацыі прамежкавых) і не патрабуе вострай унутрывідавой канкурэнцыі як абавязковай умовы.

т. 4, с. 141

ВІДАШУКА́ЛЬНІК,

прыстасаванне фота- і кіназдымачных апаратаў для навядзення іх на аб’ект і назірання за ім пры здымцы. Дазваляе ўбачыць межы відарысаў аб’ектаў і іх адпаведнасць памерам кадравай рамкі. Бывае рамачны, тэлескапічны і люстраны. Падбіраецца пад аб’ектыў з пэўнай фокуснай адлегласцю.

Калі аптычныя восі відашукальніка і здымачнага аб’ектыва не супадаюць, то ўзнікае паралакс — несупадзенне межаў відарыса, які назіраецца ў відашукальніку і які пераходзіць на фота- або кінаплёнку. Для змяншэння паралаксу ў поле зроку некаторых відашукальнікаў змяшчаюць некалькі прамавугольных рамак, што дазваляе ўвесці папраўку пры здымцы з розных адлегласцей. У люстраных фотаапаратах з адным здымачным аб’ектывам і кінаапаратах з люстраным абтуратарам паралакс адсутнічае. У некаторых фотаапаратах відашукальнік канструктыўна аб’яднаны з аптычным дальнамерам.

Аптычная схема відашукальніка: а — тыпу трубы Кеплера; б, в — люстраных фотаапаратаў; 1 — аб’ектыў; 2 — абарачальная сістэма; 3 — рамка; 4 — акуляр.

т. 4, с. 141

ВІДЖАЯВА́ДА, Безвада,

горад на Пн Індыі ў ніжнім цячэнні р. Крышна, у штаце Андхра-Прадэш. 701,8 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Тэкст., харч., цэм., маш.-буд. прадпрыемствы. Вакол Віджаявады вял. ірыгацыйная сістэма, якая ўключае дэльту р. Крышна. Цэнтр будыйскага культу.

т. 4, с. 141

ВІДЖАЯНА́ГАР,

феадальная дзяржава ў Паўд. Індыі ў 14—17 ст. Знаходзілася на Пд ад р. Крышна. Утварылася ў 1336 у выніку барацьбы мясц. феадалаў з Дэлійскім султанатам. Пры Дэвараі II [1422—46] Віджаянагар падначаліў усю Паўд. Індыю, яго войскі рабілі паходы на Цэйлон і ў Бірму, нанеслі паражэнне Бахманідскаму султанату. Найб. росквіту дасягнуў пры Крышнадэвараі [1509—29]. Віджаянагар пастаянна ваяваў з дзяржавай Бахмані, потым з утворанымі на яе тэр. султанатамі. Пацярпеў паражэнне ў 1565, прыйшоў у заняпад і да сярэдзіны 17 ст. распаўся на княствы.

т. 4, с. 141

ВІ́ДЗАЎСКАЯ ЦАРКВА,

помнік архітэктуры мадэрна. Пабудавана ў 1910 з цэглы ў г.п. Відзы (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.). Прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай апсідай. Вільчык 2-схільнага даху над гал. фасадам завершаны 3-яруснай званіцай з цыбулепадобным купалам, алтарная частка — драўляным 8-гранным барабанам з цыбулепадобнай галоўкай. Гал. фасад завершаны 2-гранным шчытом, вылучаны высокім уваходным парталам, дэкарыраваны бакавымі лучковымі нішамі з выявамі крыжоў. Арх. дэкор выкананы сродкамі фігурнай цаглянай муроўкі — ліштвы вокнаў з лучковымі броўкамі, падаконныя філёнгі, крыжовыя нішы на лапатках, прафіляваныя карнізы.

Відзаўская царква.

т. 4, с. 141

ВІ́ДЗАЎСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1914 з чырвонай цэглы ў г.п. Відзы (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.). Мураваны 3-нефавы храм з трансептам і гранёнай апсідай, абапал якой 2 сакрысціі. Сцены звонку ўмацаваны контрфорсамі, вокны спічастыя. Двухвежавы гал. фасад з трохвугольным франтонам завершаны высокімі зубцамі. Такія ж франтоны ўпрыгожваюць тарцы трансептаў. Гал. ўваход вылучае перспектыўны партал з вімпергам і круглым акном-ружай над ім. Вежы на гал. фасадзе (выш. 59 м) завершаны вострымі 8-граннымі шатрамі і значна ўзвышаюцца над астатнімі аб’ёмамі. У інтэр’еры калоны і пілястры складанага профілю пераходзяць у высокія падпружныя спічастыя аркі скляпенняў.

Відзаўскі Троіцкі касцёл.

т. 4, с. 141

ВІ́ДЗЕМСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

узгоркавае ўзвышша на ПнУ Латвіі. Складаецца з Цэнтральна-відземскага узв. (з вышэйшым пунктам Латвіі г. Гайзінькалнс, 311 м) і размешчанага на ПнУ Алуксненскага узв. (г. Дэлінькалнс, 271 м), якое пераходзіць ва узв. Хаанья (у Эстоніі). Складзена пераважна з марэнных суглінкаў. У нізінах — азёры.

т. 4, с. 142

ВІ́ДЗЕНІЧЫ, Відунічы, Відзінічы,

вёска ў Алёнавіцкім с/с Талачынскага р-на Віцебскай вобл. За 38 км на ПнУ ад Талачына. 24 двары, 44 ж. (1996). Упершыню ўпамінаецца як «село Видиничи» ў Друцкім евангеллі (І-я пал. 14 ст.). У розны час належала Друцкім, Любецкім, Лянеўскаму, Сяняўскай, Голчыцу (ці Галоўчыцу) і інш. У 1785 В. — цэнтр маёнтка, які ахопліваў 5 вёсак (Коззі Горкі, Лаўрынава, Станаўка, Бордзіна, Раманаўка) і налічваў 69 двароў, 536 душ. З 1861 — у Алёнавіцкай вол. Аршанскага пав. З 1924 В. ў Талачынскім р-не.

т. 4, с. 142

ВІ́ДЗЕЎШЧЫНА,

вёска ў Красненскім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 22 км ад Маладзечна, 70 км ад Мінска, 5 км ад чыг. ст. Уша. 433 ж., 137 двароў (1996). Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Мемарыяльны комплекс нар. славы.

т. 4, с. 142

ВІДЗІБО́Р,

вёска ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета. За 13 км на ПнЗ ад г. Столін, 257 км ад Брэста, чыг. ст. на лініі Баранавічы—Роўна (Украіна). 654 ж., 248 двароў (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. За 2,5 км на ПнЗ ад вёскі — курганны могільнік драўлян 11 ст.

т. 4, с. 142