АЭРАЭЛЕКТРАРАЗВЕ́ДКА,
адзін з кірункаў аэрагеафізічнай разведкі, заснаваны на даследаванні прыродных або штучна створаных электрамагнітных палёў пры дапамозе апаратуры, устаноўленай на самалёце або верталёце. Выкарыстоўваецца пры пошуках рудных целаў, лінзаў прэсных водаў, карціраванні карэнных адкладаў на глыб. да некалькіх дзесяткаў метраў. Дае магчымасць хутка абследаваць вял. плошчы, часта ў цяжкадаступных для наземнай разведкі раёнах. Упершыню выкарыстана для пошукаў карысных выкапняў у пач. 1950-х г. у Швецыі.
т. 2, с. 175
АЭРО́БІКА,
праграма фіз. аздараўлення на аснове фіз. практыкаванняў пераважна цыклічнага характару (хадзьба, бег, плаванне і інш.). Распрацавана ў 1960-я г. амер. урачом К.Куперам. Выкананне гэтых практыкаванняў на працягу пэўнага часу спрыяе разгортванню і павелічэнню дыхальных (аэробных) магчымасцяў арганізма. Уздзеянне аэробікі на арганізм рэгулюецца працягласцю і інтэнсіўнасцю практыкаванняў. Існуюць спец. тэсты, табліцы нагрузак з улікам полу чалавека і яго ўзросту, падрыхтаванасці і гэтак далей Часам аэробіку атаясамліваюць з рытмічнай гімнастыкай.
Літ.:
Купер К. Аэробика для хорошего самочувствия: Пер. с англ. 2 изд. М., 1989.
т. 2, с. 176
АЭРО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,
аэробы (ад аэра... + грэч. bios жыццё), арганізмы, здольныя жыць толькі ў прысутнасці малекулярнага кіслароду. Да іх належаць амаль усе жывёлы і расліны, а таксама многія грыбы і мікраарганізмы. Неабходную для жыццядзейнасці энергію яны атрымліваюць за кошт акісляльных працэсаў з удзелам кіслароду. Аблігатныя (строгія) аэробныя арганізмы развіваюцца толькі ў прысутнасці кіслароду (напр., воцатна-кіслыя бактэрыі), факультатыўныя (умоўныя) — пры паніжанай яго колькасці ці без кіслароду (дрожджы). Асобнае месца сярод аэробных арганізмаў займаюць арганізмы, здольныя да фотасінтэзу, — цыянабактэрыі, водарасці, сасудзістыя расліны. Кісларод, які вылучаецца гэтымі арганізмамі, забяспечвае ўсіх астатніх аэробаў. Арганізмы, здольныя развівацца пры нізкай канцэнтрацыі кіслароду (≤ 1 мг/л), наз. мікрааэрафіламі. Гл. таксама Анаэробныя арганізмы.
т. 2, с. 176
АЭРО́БУС,
шырокафюзеляжны самалёт для перавозкі вял. колькасці пасажыраў на далёкія адлегласці. Адрозніваецца высокім узроўнем камфорту, а таксама магчымасцю спрошчаных аперацый з багажом (напр., пасажыр можа здаваць багаж або ўзяць яго з сабой і паставіць у спец. адведзеным месцы). Выкарыстанне аэробусаў павялічвае аб’ём пасаж. перавозак (напр., Іл-86 да 350 пасажыраў) пры змяншэнні колькасці рэйсаў і павышэнні бяспекі паветр. руху. Найб. вядомыя на міжнар. лініях аэробусы вытв-сці ЗША, зах.-герм. фірмаў («Боінг», А-310 і інш.).
т. 2, с. 176
АЭРЭНХІ́МА
(ад аэра... + грэч. enchyma налітае, тут — тканка),
паветраносная тканка, тканка розных органаў раслін, якая выконвае вентыляцыйную і часткова дыхальную функцыі. Аэрэнхіма — рыхлая мадыфікаваная парэнхіма з клетак рознай формы і міжклетнікаў, запоўненых паветрам. Характэрна для многіх балотных і водных раслін (гарлачыкаў, рдзестаў, чароту і інш.), памяншае іх удз. вагу, памагае трымацца на вадзе, назапашвае кісларод і вуглякіслы газ.
т. 2, с. 176
АЭ́ТА,
негрыта, група плямёнаў, карэннае насельніцтва Філіпінаў. Каля 40 тыс. чал. (1987). Антрапалаг. тып негрытоскі. Гавораць на мове інданезійскага адгалінавання. Захоўваюць традыц. Вераванні.
т. 2, с. 176
АЭ́ЦЫЙ Флавій
(Flavius Aëtius; каля 390, г. Сілістра, Балгарыя — 21.9.454),
палкаводзец Зах. Рымскай імперыі. З 425 патрыцый, неаднаразова выбіраўся консулам. Пад яго камандаваннем у 451 у бітве пры Каталаунскіх палях рым. войскі і іх саюзнікі разграмілі гунаў пад кіраўніцтвам Атылы. Забіты імператарам Валенцініянам III, які баяўся ўмацавання ўлады і аўтарытэту Аэцыя.
т. 2, с. 176