Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КУ́РДЫ (саманазва курд, курмандж),

адзін са стараж. народаў Пярэдняй Азіі. Паводле ацэнкі, агульная колькасць 18 млн. чал. (1992). Жывуць у Турцыі (7,5 млн.), Іране (5,6 млн.), Іраку (3,7 млн.), Сірыі (745 тыс.), Германіі (240 тыс.), а таксама ў Арменіі, Ліване, Грузіі, Казахстане, Кыргызстане, Азербайджане, Афганістане, Рас. Федэрацыі. Гавораць на курдскай мове. Вернікі — мусульмане-суніты, частка — шыіты, хрысціяне, прыхільнікі сінкрэтычных культаў (язіды і інш.). На Беларусі створана (1995) т-ва К. «Курдыстан».

т. 9, с. 49

КУРДЫСТА́Н (перс., літар. краіна курдаў),

тэрыторыя ў Зах. Азіі ў межах Турцыі (большая частка), Ірака, Ірана, Сірыі, пераважна ў Курдыстанскіх гарах, населеная ў асноўным курдамі. Паверхня — спалучэнне рачных далін, пласкагор’яў і плато выш. 1500—2500 м, хрыбтоў з вяршынямі да 3500—4168 м. Есць патухлыя вулканы. На Пд — перадгорныя ўскраіны Месапатамскай нізіны. Клімат на З да выш. 1500—2500 м міжземнаморскі, на У — субтрапічны кантынентальны. Ападкаў 200—400 мм, у гарах — да 2000 мм. Рэкі басейнаў Тыгра, Еўфрата, Куры, Аракса. Расліннасць стэпавая і паўпустынная, у гарах — хмызнякі, лясы з хвоі і дуба, рэдкалессі, альпійскія лугі. Насельніцтва займаецца качавой і паўкачавой жывёлагадоўляй (авечкі, козы, буйн. раг. жывёла), у далінах вырошчваюць пшаніцу, ячмень, тытунь, бавоўнік, цукр. буракі. Садоўніцтва і вінаградарства. Здабыча нафты (Ірак), рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны.

Гісторыя. Першае ўпамінанне пра К. адносіцца да 12 ст. У пач. 16 ст. падзелены паміж Асманскай імперыяй і Іранам, улада якіх над К. заставалася намінальнай. Пасля 1-й сусв. вайны і распаду Асманскай імперыі раёны К., якія ёй належалі, увайшлі ў склад Турцыі, Сірыі і Ірака. Сеўрскі мірны дагавор 1920 прадугледжваў стварэнне курдскай дзяржавы, але гэта не было здзейснена. Буйныя паўстанні курдаў адбыліся ў 1931—32 і 1944—45 у Іраку. У 1945—46 на ПнЗ Ірана існавала курдская т. зв. Мехабадская рэспубліка. У 1961 на Пн Ірака пачалося паўстанне курдаў пад кіраўніцтвам Дэмакр. партыі К. (ДПК) на чале з М.Барзані. У сак. 1970 урад Ірака стварыў курдскую аўтаномію, але яе абмежаванасць падштурхнула ДПК працягваць барацьбу да 1975, калі іранскі ўрад спыніў сваю дапамогу паўстанцам. У час ірана-іракскай вайны 1980—88 абодва бакі імкнуліся выкарыстаць курдаў у сваіх мэтах, падтрымліваючы курдскіх паўстанцаў на тэрыторыі праціўніка. Пасля Кувейцкага крызісу 1990—91 курда пачалі новае паўстанне супраць іракскага рэжыму. Пад націскам ЗША і іх саюзнікаў на Пн Ірака была створана «зона бяспекі для курдаў». У Турцыі з 1983 Курдская рабочая партыя на чале з А.Аджаланам (у 1999 арыштаваны турэцкімі уладамі) вядзе ўзбр. барацьбу за незалежнасць турэцкага К.; у выніку ваен. дзеянняў загінула больш за 30 тыс чал., сотні тыс. засталіся без прытулку.

Літ.:

Ментешашвили А.М. Курды: Очерки обществ.-экон. отношений, культуры и быта. М., 1984;

Курдское движение в новое и новейшее время. М., 1987;

Васильева Е.И. Юго-Восточный Курдистан в XVII — начале XIX вв.: Очерки истории эмиратов Арделан и Бабан. М., 1991.

т. 9, с. 49

КУРДЫСТА́НСКІЯ ГО́РЫ, Курдскія горы,

горы паміж Армянскім і Іранскім нагор’ямі, у Турцыі, Іране і Іраку. Складаная сістэма хрыбтоў і масіваў выш. да 4168 м (г. Джыло). Грабяні хрыбтоў вышэй за 3500 м альпійскага тыпу, менш высокія пераважна плоскавяршынныя. Схілы моцна расчлянёныя вузкімі цяснінамі. Складзеныя з сланцаў, кварцытаў, мармуру, мергелю. Ледавікі. Рэкі ў асн. ўтвараюць левыя прытокі р. Тыгр. Клімат субтрапічны. Ападкаў на паўд.-зах. схілах 1000—3000 мм, на паўн.-ўсх. — 400—700 мм за год. На паўд. схілах міжземнаморскія лясы, хмызняк (маквіс), фісташкавыя і арчовыя рэдкалессі, на паўн. — горныя стэпы і фрыганападобная расліннасць; на плоскіх вяршынях — альпійскія лугі. Качавая жывёлагадоўля. Па далінах рэк — сады, пасевы пшаніцы, кукурузы, ячменю. Зах. частка К.г. наз. таксама Армянскім Таўрам.

т. 9, с. 49

КУР’Е́Р (франц. courrier ад лац. curro бягу),

1) службовая асоба, якая развозіць спешныя даручэнні. Дыпламатычны К. — супрацоўнік Міністэрства замежных спраў, які перавозіць дыпламатычную пошту.

2) Пасыльны ва ўстанове, які разносіць службовыя паперы. Напр., К. рэдакцыі.

т. 9, с. 49

«КУР’Е́Р ВІЛЕ́НЬСКІ»

(«Kurier Wileński»),

газета, гл. «Виленский вестник».

т. 9, с. 49

«КУР’Е́Р ЛІТЭ́ЎСКІ»

(«Kurier Litewski», «Літоўскі веснік»),

1) інфармацыйная штотыднёвая газета, якая выдавалася ў 1760—64 у Вільні на польскай мове. Рэдактары Ф.Папроцкі (1760—62) і А Янушкевіч (1763—64).

2) Інфармацыйная газета, што выдавалася ў 1796—1840, да 1797 у Гродне, потым у Вільні, да 1833 на польск., з 1834 на рус. (пад назвай «Литовский вестник») і польск. мовах. Выдавец Т.Влодэк. З пач. 19 ст. перададзена ў арэнду Віленскаму ун-ту, у 1800—32 яе рэдагавалі Я.Ясінскі, К.Даніловіч, Э.Славацкі, А.Марціноўскі; з 1834 — орган мясц. улад. Мела дадатак «Wiadomości literackie» («Літаратурныя навіны»). З 1841 яе працягам стала газ. «Виленский вестник». Змяшчала матэрыялы з пецярбургскіх выданняў, артыкулы бел. тэматыкі.

3) Прыватная штодзённая газета, якая выдавалася ў 1905—15 у Вільні. Выдаўцы: І.Корвін-Мілеўскі, Ф.Завадскі, В.Бараноўскі, Э.Навіцкі, Т.Дэмбоўскі; у 1906—09 фактычным уладальнікам газеты быў віленскі біскуп Э.Роп. Орган кансерватыўнай плыні «краёвага кірунку» польскага руху ў Літве і Беларусі. Супрацоўнічала з аб’яднаннямі польскіх дэпутатаў ад Беларусі і Літвы ў I—IV Дзярж. думах. У 1905 — пач. 1906 бел. нац. рух разглядала як «антыпольскую інтрыгу» царскай адміністрацыі, бел. мову называла «мовай цемры і невуцтва». З сярэдзіны 1906 стаўленне да беларусаў стала больш прыхільным, выказвалася за неабходнасць дапамогі бел. нац. адраджэнню. Станоўча ацэньвала дзейнасць газеты «Наша ніва». Але патрабаванні бел. нац. руху, якія закраналі інтарэсы палякаў (радыкальная аграрная рэформа, увядзенне бел. мовы ў богаслужэнні), не падтрымлівала, самастойнае нац. і паліт. жыццё беларусаў лічыла малаверагодным. У вер. 1910 газета забаронена. У кастр. 1910 пачала выходзіць пад назвай «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»). 1(14).6.1911 рэдакцыя газеты аб’ядналася з рэдакцыяй газ. «Goniec codzienny» («Штодзённы веснік»). 31.12.1911 (13.1.1912) газета вярнула назву «К.Л.», паступова стала пераходзіць на пазіцыі польскай партыі нац. дэмакратаў. На апошнім этапе свайго існавання выступала супраць бел. і літ. нац. рухаў. У 1906—09 мела дадатак «Zycie ilustrowane» («Ілюстраванае жыццё», штотыднёвы ілюстраваны часопіс).

Ю.А.Вашкевіч, А.Ф.Смалянчук.

т. 9, с. 49

КУР’ЁЗ (ад франц. curieux, curieuse забаўны, цікавы),

недарэчны выпадак, смешнае здарэнне.

т. 9, с. 49

КУ́РЗЕМЕ (Kurzeme),

латышская назва Курляндыі.

т. 9, с. 49

КУРКЕ́ВІЧ (Карл Станіслававіч) (н. 17.10.1926, г. Мазыр),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну ў партызанах, разведчык, з 1944 на фронце. Радавы К. вызначыўся ў 1945 у баях на тэр. Германіі: 4 лютага на подступах да г. Франкфурт-на-Одэры, 26 лютага з яго ўдзелам захоплены 2 «языкі», 19—20 крас. на левым беразе Одэра падняў байцоў у атаку.

т. 9, с. 49

Куркоткін Сямён Канстанцінавіч

т. 18, кн. 1, с. 415