Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАЗЯЛЕ́Ц (Ranunculus),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Больш за 600 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі каля 20 відаў, найб. вядомыя К.: едкі (R. acris), нар. назва курыная слепата, паўзучы (R. repens), пякучы (R. Dammula), залацісты (R. auricomus), шарсцісты (R. lanuginosus), шматкветны (R. polyanthemos), кашубскі (R. cassubicus), даўгалісты (R. lingua), ядавіты (R. sceleratus). Растуць на вільготных лугах, у лясах і інш.

Шмат- і аднагадовыя травяністыя расліны выш. да 100 см з пучком тонкіх каранёвых валаснікоў ці развітым карэнішчам. Лісце пальчата-раздзельнае або суцэльнае. Кветкі пераважна жоўтыя, адзіночныя ці ў суквеццях. Плод — шарападобны шматарэшак. Многія віды К. атрутныя для буйн. раг. жывёлы і авечак. Лек. і дэкар. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Казялец: 1 — едкі; 2 — клубняносны; 3 — ядавіты.

т. 7, с. 437

КАЗЯЛУ́ЖЖА,

вёска ў Хойніцкім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Хойнікі—Калінкавічы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 6 км на ПнЗ ад горада і 12 км ад чыг. ст. Хойнікі, 109 км ад Гомеля. 616 ж., 242 двары (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 7, с. 437

КАЗЯЛЬЦОВАКВЕ́ТНЫЯ (Ranunculales),

парадак двухдольных кветкавых раслін. 8 сям., 160 родаў, больш за 3000 відаў. Пашыраны па ўсіх кантынентах. Растуць пераважна па сырых ці залішне вільготных месцах, зрэдку ў вадзе. На Беларусі 2 сям.: казяльцовыя (Ranunculaceae) і барбарысавыя (Berberidaceae), больш за 20 родаў, 150 відаў, з іх 10 відаў (боцікі шарсцістагубыя, боцікі паўночныя, клапагон еўрапейскі, кураслеп лясны, павойнік прамы, пухірнік ягадны, пярэсна еўрапейская, рагулька высокая, раўнаплоднік пылюшнікавы, сон лугавы) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Шмат- і аднагадовыя травы, паўкусты, драўняныя вечназялёныя ліяны ці лістападныя. Лісце простае або складанае, чаргаванае, рэдка супраціўнае. Кветкі двух- або аднаполыя, правільныя, адзіночныя або ў гронках ці мяцёлках. Плод — шматлістоўка, шматарэшак, шматкасцянка, ягадападобны. Лек., харч., фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны. Ёсць ядавітыя.

Літ.:

Травянистые растения СССР. Т. 1. М., 1971;

Жизнь растений. Т. 5, ч. 1. М., 1980;

Флора Европейской части СССР. Т. 6. Л., 1987.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 7, с. 437

КАЗЯРО́Г (лац. Capricornus),

адно з 12 сузор’яў задыяка. Найб. яркая зорка δ К. 2,8 візуальнай зорнай велічыні; 50 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць у канцы лета — пач. восені. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Казярог.

т. 7, с. 437

Казярук Альбін Сцяпанавіч

т. 18, кн. 1, с. 398

Каідзумі Дзюн’іціра

т. 18, кн. 1, с. 398

КАІМБАТУ́Р, Каямпутур,

горад на Пд Індыі, у перадгор’ях горнага масіву Нілгіры, у штаце Тамілнад. 853 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр тэкст. (пераважна баваўнянай) прам-сці бавоўнаводчага раёна. Развіта станкабудаванне, тэкст. і эл.-тэхн. машынабудаванне; апрацоўка кавы, цукр. трыснягу, хім., папяровая, цэм. прадпрыемствы. Кінапрамысловасць. Здабыча гіпсу.

т. 7, с. 437

КАІ́МБРА (Coimbra),

горад у цэнтр. ч. Партугаліі, на суднаходнай р. Мандэгу. Адм. ц. акругі Каімбра Вядомы з часоў Стараж. Рыма. 96,1 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел. Прам-сць: тэкст. (пераважна суконная), фарфоравая, харч., шкляная. Ун-т (з 13 ст.; у будынку б. каралеўскага палаца). Арх. помнікі 12—16 ст.

т. 7, с. 438

КА́ІН,

паводле біблейскай міфалогіі, старэйшы сын Адама і Евы, земляроб. Забіў з зайздрасці брата Авеля, пастуха. Пракляты богам за братазабойства (асуджаны на вечнае блуканне) і адзначаны асобым знакам («Каінава пячатка»).

т. 7, с. 438

КАІНІ́Т,

мінерал класа сульфатаў. KMg(SO4)Cl∙3H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі таблітчастыя і ізаметрычныя. Агрэгаты зярністыя і нацечныя, скарынкі, шчыльныя масы. Колер жаўтаваты або шаравата-белы, радзей чырвоны. Бляск шкляны. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 2—2,2 г/см³. Утвараецца ў эвапарытах марскога генезісу. Уваходзіць у склад калійных солей. Радовішчы на Украіне, Германіі і інш. На Беларусі разам з інш. калійнымі солямі пашыраны ў Старобінскім радовішчы калійных і каменнай солей. Сыравіна для атрымання штучных угнаенняў і вытв-сці калійных солей.

У.​Я.​Бардон.

т. 7, с. 438