КАІНІ́Т,
мінерал класа сульфатаў. KMg(SO4)Cl∙3H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі таблітчастыя і ізаметрычныя. Агрэгаты зярністыя і нацечныя, скарынкі, шчыльныя масы. Колер жаўтаваты або шаравата-белы, радзей чырвоны. Бляск шкляны. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 2—2,2 г/см³. Утвараецца ў эвапарытах марскога генезісу. Уваходзіць у склад калійных солей. Радовішчы на Украіне, Германіі і інш. На Беларусі разам з інш. калійнымі солямі пашыраны ў Старобінскім радовішчы калійных і каменнай солей. Сыравіна для атрымання штучных угнаенняў і вытв-сці калійных солей.
У.Я.Бардон.
т. 7, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)