АСТРАШЫ́ЦКА-ГАРАДО́ЦКІЯ ЗА́МКАВА-ПАЛА́ЦАВЫЯ КО́МПЛЕКСЫ.
Існавалі ў 17—19 ст. у в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на. 1) У інвентары 1650 апісаны драўляны замак з абарончымі сценамі і 4 вуглавымі вежамі, абкружаны штучным ровам і сажалкамі. На замкавым двары стаялі 1-павярховы драўляны палац, дом «прускага муру», розныя гасп. пабудовы, стайня, вадзяны млын, тартак.
2) У інвентары 1745 апісана сядзіба (драўляны палац, фальварак, гасп. пабудовы, ставы з млынамі, рыбныя сажалкі).
3) У пач. 19 ст. за 1 км ад вёскі пабудаваны мураваны 2-павярховы палац у стылі несапраўднай готыкі. У ім знаходзілася каштоўная калекцыя твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, сабраная М.Тышкевічам. Згарэў у 1860. Да 1876 побач пастаўлены новы мураваны атынкаваны палац. У вял. парку, што абкружаў палацы, быў звярынец.
т. 2, с. 55
АСТРАШЫ́ЦКА-ГАРАДО́ЦКІ РАЁН.
Існаваў у БССР у 1924—31. Утвораны 17.7.1924 у складзе Мінскай акругі. Цэнтр — мяст. Астрашыцкі Гарадок. Пл. 0,76 тыс. км², 374 нас. пункты (1925). Падзяляўся на 8 сельсаветаў. Скасаваны 18.1.1931, сельсаветы перададзены Мінскаму гарсавету, Заслаўскаму, Лагойскаму і Смалявіцкаму р-нам.
т. 2, с. 55
АСТРАШЫ́ЦКІ ГАРАДО́К,
вёска ў Беларусі, у Мінскім раёне, на р. Усяжа. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на Пн ад Мінска, 15 км ад чыг. ст. Калодзішчы. 2390 ж., 938 двароў (1995).
Стараж. назва паселішча Гарадок, з 19 ст. наз. Астрашыцкім ад в. Астрошыцы, б. цэнтра ўладання. У 1650 мястэчка. У 17—19 ст. існавалі Астрашыцка-Гарадоцкія замкава-палацавыя комплексы. У 1745 — 30 двароў, фальварак, пякарня, бровар, млыны і інш. У 1886 цэнтр воласці Мінскага пав., 2 царквы, капліца, школа, рудня, майстэрня. 11 крам, 4 млыны; у 1897 — 1115 ж. У 1924—31 цэнтр Астрашыцка-Гарадоцкага р-на, потым вёска ў падпарадкаванні Мінскага гарсавета, з 1935 у Мінскім раёне.
Мэблевая ф-ка, доследна-мех. з-д, рамонтна-буд. ўпраўленне. Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, аддз. сувязі. Царква і капліца — помнікі архітэктуры канца 19 ст. Брацкая магіла сав. Воінаў.
т. 2, с. 55
АСТРАШЫ́ЦКІ ГАРАДО́К,
вадасховішча ў Беларусі, у Мінскім раёне, на р. Усяжа (за 52 км ад вусця), правым прытоку р. Гайна (бас. Дняпра). За 18 км на Пн ад Мінска, каля в. Астрашыцкі Гарадок. Створана ў 1946, рэканструявана ў 1970. Пл. 0,6 км², даўж. 2,2 км, найб. шырыня 0,65 км, найб. глыб. 6,5 м, аб’ём вады 1,2 млн. м³. Пл. вадазбору 114 км². Берагі слаба парэзаныя, складзеныя з пяскоў і супескаў, правы ўзгорысты, левы спадзісты. Сярэдні шматгадовы аб’ём сцёку ў створы плаціны 24,6 млн. м³. Зарастае. Месца адпачынку, на беразе дзіцячы санаторый.
т. 2, с. 55
АСТРО́ВЕНСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнагосніца, за 16 км на У ад г.п. Бешанковічы. Пл. 1,33 км², даўж. 2,9 км, найб. шыр. 0,93 км, найб. глыб. 4,2 м, даўж. берагавой лініі 8,5 км. Пл. вадазбору 174 км².
Катлавіна выцягнутая з Пн на Пд, схілы выш. 10—18 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, у залівах забалочаныя. У цэнтры возера востраў пл. 13 га, які падзяляе яго на 2 плёсы. Дно пясчанае, глыбей за 1,5 м выслана сапрапелем. Зарастае да глыб. 1,5 м, шыр. паласы расліннасці 5—20 м. Упадаюць 5 ручаёў, у т. л. 2 з азёраў Белае і Саро. Выцякае р. Чарнагосніца.
т. 2, с. 55
АСТРО́Г,
1) комплекс дрэваземляных умацаванняў нас. пунктаў сталага (жылы астрог) ці часовага (стаялы астрог) характару ва ўсх. славян у 13—18 ст. Звычайна будаваўся на мяжы княства ці дзяржавы.
2) Ахоўная агароджа з вертыкальна (прамы астрог) ці коса (касы астрог) укапаных бярвёнаў, што засцерагала месца стаянкі войска.
3) Рухомая штурмавая вежа (астрожак), якой карысталіся ў час аблогі гарадоў.
4) Турма, абнесеная сцяной.
т. 2, с. 55
АСТРО́ГРАФ
(ад астра... + ...граф),
астранамічная прылада для фатаграфавання нябесных аб’ектаў. Працуе па схеме рэфрактара, рэфлектара ці люстрана-лінзавага тэлескопа. Відарыс нябеснага свяціла або часткі неба з дапамогай аб’ектыва фіксуецца на фотапласцінцы. Святласіла астрографа і маштаб відарысаў залежаць ад дыяметра і фокуснай адлегласці аб’ектыва. Вял. ўчасткі неба фатаграфуюць караткафокуснымі астрографами з фокуснай адлегласцю менш за 1 м. Для вызначэння зорных паралаксаў, даследавання падвойных зорак, уласнага руху зорак і інш. выкарыстоўваюць астрографы з фокуснай адлегласцю да 10—15 м. Зрушэнне трубы астрографа ўслед за сутачным вярчэннем нябеснай сферы пры фатаграфаванні забяспечваецца гадзіннікавым механізмам і кантралюецца назіральнікам або аўтам. сістэмай.
т. 2, с. 55
АСТРО́ЖСКАЯ ШКО́ЛА, Грэка-славяна-лацінская калегія,
першая школа вышэйшага ўзроўню на Украіне. Засн. каля 1576 К.В.Астрожскім у мяст. Астрог (цяпер горад у Ровенскай вобл.), вядомая пад назвай «акадэмія». Была асв. цэнтрам антыкаталіцкага кірунку. Выкладалі слав., грэч., лац. мовы, граматыку, арыфметыку, рыторыку, логіку, музыку, харавыя спевы. Першы рэктар — Г.Сматрыцкі. Пры школе дзейнічалі Астрожская друкарня і навук.-літ. гурток, члены якога выдавалі навуч. дапаможнікі, помнікі грэка-візант. пісьменства, палемічныя творы. Астрожская школа садзейнічала пашырэнню асветы сярод насельніцтва і арганізацыі школ, зрабіла ўплыў на адкрытыя пазней брацкія школы ў Львове, Кіеве, Вільні, Брэсце і інш. Спыніла дзейнасць у 1636.
т. 2, с. 56
АСТРО́ЖСКІ Канстанцін Васіль
(1527, г. Тураў — 21.3.1608),
палітычны і культ. дзеяч ВКЛ. Сын Канстанціна і Аляксандры з роду Слуцкіх. З 1550 — староста ўладзімірскі, маршалак валынскі, з 1533 да канца жыцця — кіеўскі ваявода. Буйны землеўладальнік, адзін з найб. уплывовых магнатаў у ВКЛ. На Беларусі валодаў Туравам, Дзятлавам і інш. Выступаў супраць пашырэння каталіцтва на Беларусі і Украіне. Быў цесна звязаны са збеглым рус. князем А.Курбскім. Адзін з ініцыятараў стварэння Віленскай канфедэрацыі 1599. Падтрымліваў правасл. брацтвы, заснаваў школы ў Слуцку, Тураве (1572), Астрожскую школу і Астрожскую друкарню. Удзельнічаў у задушэнні сялянска-казацкіх паўстанняў К.Касінскага, С.Налівайкі.
Літ.:
Костомаров Н.И. К.К.Острожский. // Костомаров Н.И. Русская история в жизнеописаниях ее главнейшых деятелей. М., 1990. Кн. 1.
т. 2, с. 56
АСТРО́ЖСКІ Канстанцін Іванавіч
(1460 ? — 1530),
военачальнік, дзярж. дзеяч ВКЛ. Гетман найвышэйшы ВКЛ (з 1497), кашталян віленскі (з 1511), ваявода трокскі (з 1522), член Рады ВКЛ. З роду Астрожскіх. Кіраваў паходамі на крымскіх татараў, перамог больш як у 60 бітвах. У бітве на Вядрошы 1500 быў разбіты маскоўскімі войскамі, трапіў у палон, з якога ўцёк у 1507. У Аршанскай бітве 1514 перамог маскоўскія войскі, актыўны абаронца праваслаўя. Меў вял. маёнткі на Валыні, у Літве, на Беларусі, у тым ліку Дзятлава, Тураў, Копысь з Раманавым, Гальшаны, Глуск, Смалявічы, Жыцін, Шашолы, Свіраны, Смаляны, Суша. У 1528 быў другім па колькасці падданых землеўладальнікам у ВКЛ (пасля віленскага ваяводы А.Гаштольда). З усіх маёнткаў ставіў у войска 426 конных воінаў.
Літ.:
Сагановіч Г.М. Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі. Мн., 1992.
т. 2, с. 56