Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АСТРАВЫ́ ЗЯЛЁНАГА МЫ́СА,

назва дзяржавы Каба-Вердэ да 1986.

т. 2, с. 48

АСТРАГА́Л

(Astragalus),

род кветкавых раслін, гл. Куравай.

т. 2, с. 48

АСТРАГО́РСКІ Майсей Якаўлевіч

(1854, Гродзенская губ. — 1921),

вучоны-юрыст, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў юрыд. ф-т Пецярбургскага ун-та (1875), Палітычную школу ў Парыжы са ступенню д-ра права (1885). З 1875 служыў у мін-ве юстыцыі Расіі. Выкладаў у пецярбургскіх навуч. установах. Дэпутат 1-й Дзярж. думы (1906) ад Гродзенскай губ. Аўтар кніг «Дэмакратыя і палітычныя партыі» (Парыж, 1898; Лондан, 1903), «Канстытуцыйная эвалюцыя Англіі» (1913), падручніка для нар. школ «Гісторыя Расіі» (32-е выд., 1913).

Э.А.Карніловіч.

т. 2, с. 49

АСТРАГРА́ДСКАГА ФО́РМУЛА,

звязвае інтэграл па некаторым аб’ёме з інтэгралам па замкнёнай паверхні, што абмяжоўвае гэты аб’ём. У вектарнай форме мае выгляд: (V) div a   dV = (S) a dS , дзе a = a(M) — вектарнае поле, зададзенае ў кожным пункце M аб’ёму V, diva — дывергенцыя a, (S) a dS — паток a праз замкнёную паверхню S. Прапанавана М.В.Астраградскім (1828—31) і пашырана на n-мерную прастору (1834—38).

т. 2, с. 49

АСТРАГРА́ДСКІ Міхаіл Васілевіч

(24.9.1801, в Пашэнаўка Казельшчынскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 1.1.1862),

рускі матэматык і механік, адзін з заснавальнікаў Пецярбургскай матэм. школы. Акад. Пецярбургскай АН (1830). Вучыўся ў Харкаўскім ун-це (1817—20), у Парыжы (1822—27). З 1828 праф. ВНУ Пецярбурга. Навук. працы па матэм. аналізе, матэм. фізіцы і тэарэт. механіцы. Сфармуляваў агульны варыяцыйны прынцып для некансерватыўных сістэм, адкрыў найменшага дзеяння прынцып (незалежна ад У.Гамільтана), даказаў тэарэму аб пераўтварэнні інтэгралаў (гл. Астраградскага формула).

Тв.:

Полн. собр. трудов. Т. 1—3. Киев. 1959—61.

т. 2, с. 49

АСТРАДЫНА́МІКА

(ад астра... + дынаміка),

раздзел нябеснай механікі, які вывучае рух штучных нябесных целаў. Фундаментальныя законы астрадынамікі адкрыў І.Ньютан (гл. Ньютана законы механікі, Касмічныя скорасці). Значны ўклад у развіццё астрадынамікі зрабілі К.Э.Цыялкоўскі, Ф.А.Цандэр, Ю.В.Кандрацюк, В.Гоман, А.А.Штэрнфельд і інш. Ураўненні астрадынамікі, у адрозненне ад ураўненняў нябеснай механікі, улічваюць супраціўленне зямной атмасферы, магнітнае поле Зямлі, ціск сонечнага выпрамянення і інш. Асноўныя задачы астрадынамікі: вызначэнне арбіт касм. апаратаў; адпрацоўка спосабаў вызначэння, удакладнення і карэкцыі іх арбіт па выніках траекторных вымярэнняў; распрацоўка аптымальных траекторый міжарбітальных пералётаў; спосабаў знішчэння касм. апаратаў, якія адслужылі, і інш.

Літ.:

Бахшиян Б.Ц., Назиров Р.Р., Эльясберг П.Е. Определение и коррекция движения. М., 1980;

Охоцимский Д.Е., Сихарулидзе Ю.Г. Основы механики космического полета. М., 1990.

К.У.Халшэўнікаў.

т. 2, с. 49

АСТРАЖА́НКА,

вёска ў Беларусі, у Лельчыцкім раёне Гомельскай вобл., за 5 км ад р. Убарць. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 37 км на ПнУ ад Лельчыц, 244 км ад Гомеля, 60 км ад чыг. ст. Ельск. 536 ж., 217 двароў (1994). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. Сувязі.

т. 2, с. 49

АСТРАКАДЭ́РМЫ

(Ostracodermi),

вымерлыя ніжэйшыя пазваночныя жывёлы групы бяссківічных. Існавалі ў ардовіку, верхнім сілуры, дэвоне. 2 класы, 4 падкласы: тэладонты (Thelodontia або Coelolepida), рознашчытковыя (Heterostraci), касцёвашчытковыя (Osteostraci), бесшчытковыя (Anaspida). На Беларусі выяўлены ў адкладах ніжняга дэвону Брэсцкай упадзіны (тэладонты і рознашчытковыя) і сярэдняга дэвону Аршанскай упадзіны (розна- і касцёвашчытковыя).

Цела рыбападобнай формы даўж. да 2 м, укрытае цвёрдым панцырам з асобных пласцінак або дробнай лускі. Жылі ў прэсных і саланаватых вадаёмах каля дна. Разам з глеем і пяском усмоктвалі дробныя арганізмы. Захаваліся адбіткі фрагментаў цела, рэшткі панцыра, зубоў.

т. 2, с. 49

АСТРАКІ́ЗМ

(грэч. ostrakismos ад ostrakon чарапок),

у Стараж. Афінах у 6—5 ст. да нашай эры выгнанне з горада асобных грамадзян паводле рашэння нар. сходу (звычайна на 10 гадоў). Уведзены Клісфенам як мера супраць аднаўлення тыраніі і ўпершыню выкарыстаны ў 488/487 да нашай эры, пазней служыў мерай паліт. барацьбы. Пытанне аб астракізму штогод ставілася перад нар. сходам. Кожны, хто меў права голасу, пісаў на чарапку імя таго, каго лічыў небяспечным для народа. Падобнае да астракізму выгнанне грамадзян існавала ў Аргасе, Сіракузах і інш. гарадах. Пераноснае — выгнанне, ганенне.

т. 2, с. 49

АСТРАКО́ДЫ

(Ostracoda),

ракападобныя, гл. Ракушкавыя.

т. 2, с. 49