АСТА́Ф’ЕЎ Сценька, бел. ювелір 17 ст., «майстар сярэбранай справы». Жыў у Полацку. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 разам з вучнем Антошкам Шчасным, пляменнікам Івашкам і інш. полацкімі рамеснікамі вывезены ў Маскву. Працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля.
т. 2, с. 46
АСТА́ХАВА Ганна Міхайлаўна
(4.7.1886, г. Кранштат Ленінградскай вобласці — 30.4.1971),
руская фалькларыстка. Д-р філал. н. (1944). Скончыла жаночы пед. ін-т (Пецярбург, 1908). За час экспедыцый у Карэліі, на Пінезе, Мязені і Пячоры, у Памор’і і Сібіры, Маскоўскай і Ленінградскай абл. сабрала больш за 10 тыс. фалькл. твораў. Даследавала быліны, замовы, галашэнні, частушкі, рабочы фальклор. Пры вывучэнні паходжання і гісторыі гераічнага эпасу звярталася да бел. фальклору. Даследавала бел. казачны эпас, паходжанне казак на былінныя сюжэты ў беларусаў і ўкраінцаў (кн. «Народныя казкі пра асілкаў рускага эпасу», 1962).
Літ.:
А.М.Астахова: (К 70-летию со дня рождения) // Русский фольклор. М.; Л., 1956. [Вып.] 1;
Путилов Б.Н. Печатные работы А.М.Астаховой с 1957 г. // Тамсама. 1968. [Вып.] 11;
Мельц М/Я., Митрофанова В.В. Памяти А.М.Астаховой (1886—1971) // Тамсама. 1972. [Вып.] 13.
т. 2, с. 46
АСТА́ШКАВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,
у Беларусі, каля в. Асташкавічы Светлагорскага р-на Гомельскай вобласці. Адкрыта ў 1965. Распрацоўваецца з 1966. Паклады нафты пл. каля 33 км² прымеркаваны да міжсалявых і падсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Шматпластавае, нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб. 2625—3438 м. Пароды-калектары — кавернозна-поравыя і трэшчынаватыя вапнякі і даламіты. Нафта высакаякасная, адносіцца да метанава-нафтэнавага тыпу, высокапарафінавая, высокасмалістая, маласярністая.
т. 2, с. 46
АСТА́ШКАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 36 км на Пд ад Светлагорска, 148 км ад Гомеля, 6 км ад чыг. ст. Асташкавічы. 1629 ж., 798 двароў (1995). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Каля вёскі Асташкавіцкае радовішча нафты.
т. 2, с. 46
АСТАШО́НАК Алесь
(Аляксандр Мікалаевіч; нарадзіўся 1.6.1954, Мінск),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1976). Працаваў перакладчыкам у Алжыры, рэдактарам у БелЭн, штотыднёвіку «ЛІМ», у час. «Крыніца». Аўтар кніг прозы «Фарбы душы» (1989) і «П’яная кніга, або Жоўты колер белага снегу» (1996), п’ес «Іскры ўначы» (паст. 1982, апубл. 1986) і «Камедыянт, ці Узнёсласць сумнай надзеі» (паст. 1984, апубл. 1985), «Рэпетыцыя», «Спагада», «Ахвяра» (усе 1994). Творы Асташонка адметныя псіхалагізмам, філасафічнасцю, шырынёй жанрава-тэматычнага дыяпазону. Паводле сцэнарыяў Асташонка пастаўлены маст. тэлефільмы «Камедыянт» (1987) і «Сон» (1989, 1-я прэмія Міжнар. тыдня кіно ў Тэруэлі, Іспанія, 1989). Пераклаў на бел. мову з англ. раманы Б.Стокера «Дракула», Г.Макай «Бывай, жыццё, бывай, каханне!» (абодва 1992—93), Р.Стывенсана «Востраў скарбаў» (1993) і інш., п’есу Ю.О’Ніла «Поўня для пасынкаў лёсу» (паст. 1994), з франц. раман П.Буля «Планета малпаў» (1990), кн. Ж.Сіменона «Пад страхам смерці» (1992) і інш.
І.У.Саламевіч.
т. 2, с. 46
АСТА́ШЫН,
вёска ў Беларусі, у Луцкім с/с Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Сэрвач. За 15 км на Пд ад Карэлічаў, 210 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Гарадзея. 206 ж., 108 двароў (1995). Пач. школа, клуб, б-ка.
Упершыню згадваецца ў 1428 у складзе Навагрудскага княства ВКЛ. У 15—19 ст. належала Ягелонам, Астрожскім, Чартарыйскім, Бакам, Швыкоўскім, Грабоўскім. У 2-й пал. 16 ст. збудаваны Асташынскі кальвінскі збор (не збярогся). У сядзібным доме і зборы захоўваліся радавыя архівы і б-ка. У 1880-я г. ў Асташыне 57 двароў. У час 1-й сусв. вайны акупіравана герм. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы. З вер. 1939 у БССР. У 1940—54 цэнтр сельсавета Валеўскага, потым Карэліцкага р-наў.
т. 2, с. 46
АСТА́ШЫНА,
вёска ў Беларусі, у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПнУ ад Навагрудка, 185 км ад Гродна, 46 км ад чыг. ст. Наваельня. 299 ж., 168 двароў (1994). Базавая школа, б-ка, клуб, камбінат быт. абслугоўвання.
Да 1401 двор Новагародскай зямлі, дзярж. ўласнасць. У 1428 Вітаўт падараваў Асташына сваёй жонцы Юльяне Іванаўне Гальшанскай у якасці вена. З канца 15 ст. ўласнасць Чартарыйскіх, потым Саламярэцкіх, Радзівілаў, Чачотаў. У 1897 — 929 ж., 150 двароў, царква, царкоўнапрыходская школа, хлебазапасны магазін, піцейны дом. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска Любчанскай гміны Навагрудскага пав. У Асташына і навакольных вёсках адбылося Асташынскае выступленне сялян 1932. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Любчанскім раёне, з 1956 у Навагрудскім раёне. У 1969 — 730 ж., 248 двароў.
М.Ф.Спірыдонаў (гісторыя).
т. 2, с. 46
АСТА́ШЫНСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ СЯЛЯ́Н 1932,
узброенае выступленне сялян у Зах. Беларусі (в. Асташына і навакольныя вёскі Навагрудскага пав.) 19—20.3.1932 супраць падатковага прыгнёту. Адбылося пад кіраўніцтвам сялянскага к-та. Сяляне спалілі маёнтак абшарніка, сядзібы асадніка і гандляра, узброіўшыся паляўнічымі стрэльбамі, уступілі ў перастрэлку з паліцыяй, разграмілі паліцэйскі ўчастак, вызвалілі вязняў, захапілі зброю, спалілі двор каменданта паліцыі. Польскія ўлады жорстка расправіліся з удзельнікамі выступлення: паводле прыгавору надзвычайнага суда 5.7.1932 у Навагрудку 4 паўстанцы павешаны, 49 прыгавораны да турэмнага зняволення, з іх 5 да пажыццёвага зняволення.
т. 2, с. 46