АСТАШО́НАК Алесь

(Аляксандр Мікалаевіч; нарадзіўся 1.6.1954, Мінск),

бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1976). Працаваў перакладчыкам у Алжыры, рэдактарам у БелЭн, штотыднёвіку «ЛІМ», у час. «Крыніца». Аўтар кніг прозы «Фарбы душы» (1989) і «П’яная кніга, або Жоўты колер белага снегу» (1996), п’ес «Іскры ўначы» (паст. 1982, апубл. 1986) і «Камедыянт, ці Узнёсласць сумнай надзеі» (паст. 1984, апубл. 1985), «Рэпетыцыя», «Спагада», «Ахвяра» (усе 1994). Творы Асташонка адметныя псіхалагізмам, філасафічнасцю, шырынёй жанрава-тэматычнага дыяпазону. Паводле сцэнарыяў Асташонка пастаўлены маст. тэлефільмы «Камедыянт» (1987) і «Сон» (1989, 1-я прэмія Міжнар. тыдня кіно ў Тэруэлі, Іспанія, 1989). Пераклаў на бел. мову з англ. раманы Б.Стокера «Дракула», Г.Макай «Бывай, жыццё, бывай, каханне!» (абодва 1992—93), Р.Стывенсана «Востраў скарбаў» (1993) і інш., п’есу Ю.О’Ніла «Поўня для пасынкаў лёсу» (паст. 1994), з франц. раман П.Буля «Планета малпаў» (1990), кн. Ж.Сіменона «Пад страхам смерці» (1992) і інш.

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)