Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІТВІ́НАЎ (сапр. Гурэвіч) Леў Маркавіч

(9.4.1899, Мінск — 21.3.1963),

бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1946). Засл. дз. маст. Татарстана (1953). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). У 1921—23 кіраваў у Мінску маст. самадзейнасцю. Аўтар сцэнарыя і пастаноўшчык (з Е.Міровічам і Бейтлерам) масавага дзейства «Праца і капітал» (1921). У 1927—32 і 1942—43 рэжысёр Дзярж. яўр. т-ра Беларусі (найб. значная пастаноўка — «Авечая крыніца» Лопэ дэ Вэгі, 1927). Маст. кіраўнік (1932—37) і гал. рэжысёр (1943—48) Бел. т-ра імя Я.Купалы. Сярод пастановак: «Бацькаўшчына» К.Чорнага (1932), «Канец дружбы» К.Крапівы (1934) і «Салавей» З.Бядулі (1937, абедзве з Л.Рахленкам), «Паўлінка» Я.Купалы (1944), «Недаростак» Дз.Фанвізіна (1933), «Позняе каханне» (1944) і «Таленты і паклоннікі» (1950) А.Астроўскага, «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра (1946) і інш. З 1950 гал. рэжысёр Казанскага т-ра імя Качалава (паставіў «Лявоніху на арбіце» А.Макаёнка, 1961).

т. 9, с. 313

ЛІТВІНЕ́НКА-ВО́ЛЬГЕМУТ (Марыя Іванаўна) (13.2.1892, Кіеў — 3.4.1966),

украінская спявачка (лірыка-драм. сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1936). Скончыла Кіеўскае муз. вучылішча (1912). З 1912 у т-рах Расіі (Петраград), Украіны. У 1935—53 салістка Кіеўскага т-ра оперы і балета. У 1920-я г. ўдзельнічала ў стварэнні ўкр. опернага т-ра. Выкладала ў Кіеўскай кансерваторыі (з 1944 праф.). Валодала моцным чыстым голасам прыгожага тэмбру, высокаразвітай вак. тэхнікай. Сярод партый: Насця, Наталка і Цярпіліха («Тарас Бульба», «Наталка Палтаўка» М.Лысенкі), Аксана, Адарка («Запарожац за Дунаем» С.Гулака-Арцямоўскага), Ганна («Наймічка» М.Верыкоўскага), Варвара («Багдан Хмяльніцкі» К.Данькевіча), Купава і Снягурачка («Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Ліза, Марыя («Пікавая дама», «Мазепа» П.Чайкоўскага), Яраслаўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні), Аіда («Аіда» Дж.Вердзі), Галька («Галька» С.Манюшкі). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Літ.:

Швачко Т.М.Литвиненко-Вольгемут. Киев, 1986.

т. 9, с. 313

ЛІТВІ́НКА (Франя Міхайлаўна) (н. 17.6. 1941, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н. (1996), праф. (1997). Скончыла БДУ (1965). Працавала ў школе, у 1967—68 у Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы. З 1969 у БДУ. Даследуе праблемы методыкі выкладання рус. мовы ў сярэдняй школе. Адзін з распрацоўшчыкаў канцэпцыі моўнай адукацыі на Беларусі і аўтараў падручнікаў, навуч. і метадычных дапаможнікаў па рус. мове для школы.

Тв.:

Семантико-грамматический аспект осложнения // Весн. БДУ. Сер. 4. 1992. № 3;

Предложения с характеризующим членом: семантика, интонация, актуальное членение // Вопросы лингвистики: Сб. науч. статей. Мн., 1996.

т. 9, с. 313

Літвіноўская Раіса Паўлаўна

т. 18, кн. 1, с. 420

ЛІТВІНО́ЎСКІ (Аляксандр Фёдаравіч) (н. 1.5.1962, Мінск),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1987, клас Дз.Смольскага). З 1987 рэдактар муз. вяшчання Бел. тэлерадыёкампаніі. Для яго творчасці характэрны цікавасць да бел. тэматыкі, жанравая вынаходлівасць, полістылістыка. Сярод твораў: містэрыя «Францыск» для баса і аркестра (1990; тэкст прадмоў і каментарыяў Ф.Скарыны да «Бібліі»), Грыгарыянская меса (Missa ordinarium, 1994), кантаты «Вяселле» (1987) і «Зборная суботка» (1988) на нар. словы, «Да Маці Божай» (1996), «Stabat Mater» (1997), «Песні на Божае нараджэнне» (1998); сімфонія (1986), сімф. фрэска «Крэва» (1987), «Concertino barocco» для стр. аркестра (1988), п’есы «Zbieg» для флейты, габоя, віяланчэлі і фп., «Wir» для 4 валторнаў, «Пастараль» i «U1» для стр. квінтэта, сюіта «Intavolatura» для гітары; «Filix» для флейты і гітары; цыклы рамансаў на вершы Я.Купалы, А.Пушкіна, С.Ясеніна і інш.; электронныя кампазіцыі; апрацоўкі зборніка інстр. музыкі 17 ст. «Віленскія табулатуры» (1991).

Р.М.Аладава.

т. 9, с. 314

ЛІТВІ́НЫ.

ліцвіны, назва жыхароў Вялікага княства Літоўскага, пераважна зах. беларусаў і ўсх. літоўцаў у 14—18 ст. Упершыню сустракаецца ў польск. гіст. крыніцах 14 ст. У бел.-літ. летапісах і інш. дакументах 14—16 ст. назва Л. звязвалася ў этнагенетычным аспекце з легендарнымі рымскімі перасяленцамі на чале з кн. Палемонам, а тэрытарыяльна — з землямі першапачатковай лакалізацыі тапоніма Літва — на 3 ад Мінска ў міжрэччы Нёмана і Віліі, дзе існавала змешанае балта-слав. насельніцтва (гл. ў арт. Літва летапісная). У канфесіянальным аспекце нярэдка звязвалася з каталіцтвам. У 16—18 ст. назва Л. набыла гучанне палітоніма — дзярж. паліт. вызначэння ўсяго насельніцтва ВКЛ, аднак адрознівалася ад саманазвы менавіта літоўцаў (аўкштайты і жэмайты), усх. беларусаў правасл. веры (русіны, руськія) і палешукоў. Жыхароў Белай Русі называлі Л.-беларусцамі (гл. Беларусцы). У 19 — пач. 20 ст. арэал існавання назвы Л. звузіўся. У наш час ужываецца як экзаэтнонім у палякаў для вызначэння літоўцаў, а таксама як лакальны этнікон невял. груп бел. насельніцтва (у раёне Бярозы, Івацэвіч, Косава, Пружан, Навагрудка, Воранава, Гродна, Паставаў, Браслава і інш.), некат. раёнаў бел.-ўкр. Палесся (раёны Століна, Ракітнага, Кастопаля, Сарнаў, Оўруча) і часткова беларускамоўнага насельніцтва паўн. Чарнігаўшчыны і Кіеўшчыны, зах. Браншчыны і Смаленшчыны.

І.У.Чаквін.

т. 9, с. 314

Літвін Аляксей Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 420

ЛІ́ТКЕ (Фёдар Пятровіч) (28.9.1797, С.-Пецярбург — 20.8.1882),

расійскі географ, мараплавец, даследчык Арктыкі. Ганаровы чл. (1855, чл.-кар. 1829) Пецярбургскай АН; з 1864 яе прэзідэнт. Адмірал (1855). У 1817—19 удзельнік кругасветнага плавання В.М.Галаўніна. У 1826—29 кіраваў кругасветнай экспедыцыяй на шлюпе «Сянявін»; апісаў зах. ўзбярэжжа Берынгава м., астравы Прыбылова, Банін, Каралінскі архіпелаг, дзе адкрыў 12 астравоў. Адзін з арганізатараў і -кіраўнік (у 1845—50, 1857—72) Рускага геагр. т-ва. Яго імем названы шэраг астравоў, мыс, заліў, паўвостраў, праліў, цячэнне ў Паўн. Ледавітым і Ціхім ак. і інш.

Тв.:

Путешествие вокруг света на военном шлюпе «Сенявин», 1826—1829. 2 изд. М., 1948.

Літ.:

Марич М. Жизнь и плавание флота капитан-лейтенанта Федора Литке. М.; Л., 1949.

т. 9, с. 314

ЛІТЛ-РОК (Little Rock),

горад на Пд ЗША. Адм. ц. штата Арканзас. Каля 170 тыс. ж., з горадам Норт-Літл-Рок і прыгарадамі 500 тыс. ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Гандл.-фін. цэнтр. Прам-сць: хім., эл.-тэхн., радыёэлектронная, шынная, металургічная, бавоўнаачышчальная, паліграф., харч., авіяц., прыладабудаўнічая. Ун-т.

т. 9, с. 314

ЛІТО́ТА (ад грэч. litotes прастата),

1) мастацкі прыём прымяншэння велічыні, сілы прадмета ці з’явы, падзеі; троп, процілеглы гіпербале. Л. выяўляе адносіны аўтара да аб’екта адлюстравання, дапамагае завастрыць увагу чытача на найб. значным, характэрным. Пашырана ў фальклоры, нар. фразеалогіі (напр., «сілы, як у камара», «каласкі, як камаровыя наскі»), можа выступаць у ролі параўнання, метафары, эпітэта. У л-ры выкарыстоўваецца для ўзмацнення вобразнасці мовы:

Неўладкаваны чалавечы дом,
Жывая кропля чорнага сусвету —
Зямля мая,
Зялёнае гняздо,
Адкуль вылётваюць
І птушкі, і ракеты.
(П.Панчанка. «Зялёнае гняздо»)

Выкарыстанне Л. побач з гіпербалай стварае эфект кантрастнасці, выклікае напружанасць пачуцця.

2) Характарыстыка якога-небудзь прадмета, дзеяння ці з’явы шляхам адмаўлення процілеглага; напр., «някепскі» (замест добры), «не згаджацца» (пярэчыць).

А.А.Майсейчык.

т. 9, с. 314